Самае вясёлае, самае чаканае, сапраўднае летняе свята...
30.07.2018
—
Новости Общества
Нашы Івацэвічы могуць ганарыцца такім святам, якое прайшло ў суботу 28 ліпеня, – у гонар свайго прафесійнага свята супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ладзілі мерапрыемства на плошчы ля райвыканкама пад назвай “Свет без бед”.
Ад самага пачатку ўсё задумвалася, як свята для дзяцей. І год ад года яно імкліва рабілася самым вясёлым і радасным. Бо тут столькі ўсяго можна пабачыць! А галоўнае – тут будзе пенная феерыя, тут будзе штучны дождж з брандспойтаў, тут можна бегаць па лужынам і не баяцца, што будзе крычаць маці.
І вось ужо на гэтае свята многія бацькі прадбачліва бралі з сабой… яшчэ адзін камплект адзення для сваіх дзяцей.
Не толькі сама плошча, але і сквер побач, і частка вуліц былі ў распараджэнні дзетвары. Адных толькі горак надзіманых было некалькі штук, самых розных памераў, былі батуты, сапраўдныя каруселі, дзіцячая чыгунка, пнеўматычны цір. Акрамя сувеніраў і цацак, можна было набываць розныя прысмакі, а яшчэ і майстар-клас у сапраўднага ганчара прайсці! Невыказнае раздолле!
Здавалася, усе сем’і, дзе ёсць дзеці, прыйшлі сюды, на плошчу. Зверху цэнтр горада нагадваў сапраўдны мурашнік.
У гэтым годзе, акрамя звычнага і чаканага парада баявой пажарнай тэхнікі, дэманстрацыі сваіх прафесійных здольнасцей выратавальнікаў (і дэманстрацый відовішчных для людзей усіх узростаў) , выступленняў на сцэне артыстаў самых розных узростаў, было і новае – захапляльнае выступленне роты ганаровай варты.
А пачалося свята дзеяй для дзяцей, дзе былі цікавыя розыгрышы, вясёлыя танцы, віктарыны…
Пра колькасць людзей на плошчы можа казаць адзін факт: раз-пораз вядучыя праз мікрафон паведамлялі пра… згубленых дзяцей і дарослых. Вось так, насамрэч гублялі дзеці сваіх бацькоў і бацькі – дзяцей. Але знаходзіліся ўсе ля сцэнічнай пляцоўкі.
Мэта, з якой пажарнікі ідуць на такі немалы клопат, зразумелая: яны хочуць стаць для дзяцей старэйшымі сябрамі – паважанымі, аўтарытэтнымі, якім дзеці будуць удзячныя, да слоў якіх будуць прыслухоўвацца. І намаганні недарэмныя: ад некалішняга часу колькасць пажараў па віне дзіцячага свавольства скарацілася вельмі значна. Ды і ўвогуле, дарыць радасць дзецям – што ёсць яшчэ больш высакароднае?
А тым часам гэтае прафесійнае свята стала сапраўдным раённым.
Валерый ГАПЕЕЎ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.