Лидер областного профсоюза работников АПК Виктор Гуторов вручил комбайнерам летние туфли
У сераду, 25 ліпеня, старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гутараў наведаў мехдвор ААТ “Ляжні”. Віктар Сяргеевіч павіншаваў механізатараў з пачаткам жніва, пажадаў плёну, здароўя і сонечных дзён. Усім камбайнерам гаспадаркі ўручыў падарунак ад прафсаюза – летнія туфлі.
В. С. Гутараў адзначыў, што перад пачаткам жніва, калі механізатары працуюць з ранку да цёмнага, без выхадных, важна падтрымаць хлебаробаў і маральна, і матэрыяльна. Таксама важна стварыць для іх спрыяльныя ўмовы работы, захоўваць меры па ахове працы.
Кіраўнік абласнога прафсаюза работнікаў АПК стаў ініцыятарам дабрачыннай акцыі. Па яго ініцыятыве на фабрыцы “Марка” было закуплена 150 пар абутку, які размеркаваны паміж камбайнерамі 12 раёнаў вобласці. Камбайнерам з шумілінскіх сельгаспрадпрыемстваў ААТ “Ляжні”, “АграБаравінкі”, КУСГП “Сіроцінскі”, СФГ “Раднік” было выдзелена 16 пар туфляў – зручных і бяспечных у рабоце, не тое, што шлёпанцы, у якіх некаторыя ідуць на працу.
Віктар Гутараў паказаў прыклад падтрымкі механізатараў і пажадаў кіраўнікам гаспадарак нашага раёна больш шчодра выдаткоўваць сродкі на пакупку спецабутку ўсім работнікам. Трэба ўсяляк падтрымліваць чалавека працы, каб яму хацелася рупіцца дзеля дабрабыту гаспадаркі і раёна, падкрэсліў ён.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №57 ад 27.07.2018 г.