арцы мінулай восенню на 700 гектарах, – паведаміў галоўны аграном ААТ “Лошніцкі край” Алег Шынкевіч. – Аднак з-за неспрыяльных умоў надвор’я 50 гектараў пасеваў рапсу зімой загінулі, іх давялося спісаць і перасеяць аднагадовымі культурамі, таму да ўборкі засталося 650 гектараў. Да таго ж некаторыя пасевы гэтай культуры выйшлі з зімы зрэджанымі, таму і ўраджайнасць масланасення выходзіць не такой, як мы раней планавалі атрымаць, – усяго каля 10 цэнтнераў з гектара. На абмалоце масланасення азімага рапсу задзейнічаны пяць збожжаўборачных камбайнаў, якія аснашчаны рапсавымі сталамі, своечасова былі адрамантаваны і правераны на герметычнасць. Механізатары працуюць на камбайнах вопытныя, стараюцца выконваць даручаную работу добрасумленна, каб у максімальна сціслыя тэрміны і без страт убраць вырашчаны ўраджай. Толькі вось, на вялікі жаль, апошнім часам надвор’е не заўсёды спрыяе гэтаму. З-за частых дажджоў камбайны нярэдка вымушаны доўга прастайваць.
Больш чым чвэрць стагоддзя выводзіць збожжаўборачны камбайн на збожжавыя палеткі Сяргей Сяргеевіч Усцінаў. Сёлета чацвёрты сезон памочнікам у яго сын Аляксандр, які працуе ў будаўнічай брыгадзе гаспадаркі. Некалькі гадоў запар працаваў памочнікам камбайнера ў бацькі і Іван Шышла, які ў гэтым годзе ўжо ўзначальвае камбайнавы экіпаж, узяўшы ў памочнікі сваю жонку Алёну. А памочнікам камбайнера ў бацькі Ігара Міхайлавіча сёлета працуе яго жонка Святлана Іванаўна. Багаты вопыт работы на камбайне мае і Сяргей Паўлавіч Крывін, памочнікам у якога сёлета працуе сын Сяргей...
Паводле слоў Алега Шынкевіча, звычайна, пры спрыяльным надвор’і, камбайнеры працуюць на ўборцы з раніцы і да позняга вечара, пакуль не выпадзе раса. Але на апошнім тыдні кожны дзень праходзілі дажджы, а бывала, што і па некалькі разоў, яны перапынялі работу камбайнаў не на адну гадзіну. Вось і напярэдадні нашага наведвання гаспадаркі ноччу і раніцай ішоў дождж, было відавочна, што да абеду камбайны не змогуць уключыцца ў работу, таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства рашыла ў гэты паўдзёнак скарыстаць камбайнераў-механізатараў на ворыве глебы пад сяўбу азімых культур. А галоўны аграном, у сваю чаргу, пільна сачыў за станам пасеваў рапсу. І як толькі набрынялыя вільгаццю стручкі падсохлі, даў каманду механізатарам спыніць ворыва і перасесці на камбайны. Аднак раптоўна нахлынуўшы моцны лівень прывёў хлебаробаў у роспач і прымусіў іх вяртаць камбайны з поля на машынны двор. Назаўтра распачаць уборку рапсу камбайнеры гаспадаркі змаглі толькі апоўдні.
З перавозкай масланасення рапсу праблемы няма, таму што маецца дастаткова вялікагрузных аўтамабіляў “МАЗ”. Малады, перспектыўны вадзіцель Аляксандр Габручонак, вопытныя Анатоль Бяганскі і Аляксандр Дзеравяга без прамаруджвання дастаўляюць масланасенне рапсу прама ад камбайнаў на цэнтральны збожжаток суседняй гаспадаркі – філіяла “Вялікія Навасёлкі “ УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”, дзе яно праходзіць пярвічную дапрацоўку, пасля чаго адпраўляецца на галаўное прадпрыемства – КХП – на перапрацоўку. Згодна з даведзеным заданнем ААТ “Лошніцкі край” сёлета павінна здаць на перапрацоўку ў лік дзяржзаказу звыш 700 тон масланасення.
Акрамя азімага рапсу, у гаспадарцы было пасеяна 2060 гектараў азімых збожжавых культур і 1700 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых. Гэтаксама з-за неспрыяльных умоў надвор’я 271 гектар азімых збожжавых культур – 36 гектараў азімай пшаніцы і 235 гектараў азімай трыцікале – давялося перавесці ў кармавую групу і ўбраць на зернесянаж. Нагрузка на адзін збожжаўборачны камбайн, якіх ўсяго маецца ў гаспадарцы 13, складае амаль 290 гектараў. Па папярэдніх разліках, згодна з рабочым планам, усе збожжавыя і зернебабовыя культуры пры спрыяльным надвор’і ёсць рэальная магчымасць убраць за 17 дзён.
Апроч азімага рапсу, збожжавых і зернебабовых культур лошніцкім камбайнерам патрэбна будзе ўбраць 50 гектараў кукурузы на зерне. Агульная ж плошча пад “каралевай палёў” сёлета займае ў гаспадарцы 700 гектараў. З зялёнай масы кукурузы тут разлічваюць закласці 13 тысяч тон сіласу. З першага ўкосу шматгадовых траў нарыхтавана каля 6 тысяч тон сенажу, амаль 200 тон сена, а таксама 800 тон зернесенажу. Днямі лошніцкія механізатары пачалі
закладваць сянаж з другога ўкосу шматгадовых сеяных траў. Такога віду корму запланавана нарыхтаваць каля 11 тысяч тон.
З РАНІЦЫ І ДА ДАЖДЖУ
26.07.2018
—
Новости Общества