Рознакаляровае лета “Алімпіёніка”
У школьным аздараўленчым лагеры “Алімпіёнік”, які працуе на базе сярэдняй школы №7 г. Смаргоні, другая змена таксама расфарбавана ў розныя колеры. 86 хлопчыкаў і дзяўчынак маюць магчымасць акунуцца ў калейдаскоп мерапрыемстваў, якія накіраваны на выхаванне падрастаючага пакалення, на развіццё творчых здольнасцей, на самараскрыццё і самарэалізацыю.
Патрыятычнаму выхаванню садзейнічаюць віктарыны (“Мой край беларускі”, “Мая маленькая радзіма”), гутаркі («Як гэта было: старонкі гісторыі смаргонскага краю”), экскурсіі, паходы, якія фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў Год малой радзімы. Літаратурная гасцёўня “Мая квітнеючая Беларусь”, праведзеная на роднай мове ў межах акцыі “Дзень беларускай мовы”, спрыяла выхаванню лепшых рыс грамадзяніна. Дзіцячыя сэрцы кранулі легенды і паданні пра кветкі роднай Беларусі. З вуснаў выхаванцаў ліліся мілагучныя радкі вершаў беларускіх аўтараў пра васількі, рамонкі, ружы…
Вялікую колькасць пазітыўных эмоцый атрымалі вучні падчас круізу-фестывалю гульняў розных народаў “Вакол свету за адзін дзень”. Акунуліся ў атмасферу гульняў Кітая, Японіі, Кеніі, Украіны, Новай Гвінеі, Азербайджана…
Кожны дзень выхаванцы ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах (“Два капітаны”, “Каралева шашак”, “Піянербол”, “Скураны мяч” і г. д.), якія ўмацоўваюць здароўе дзяцей.
Пазнавальныя гульні (“Угадай-ка”, “Свая гульня”, “Што? Дзе? Калі?”, “Хачу ўсё ведаць”, “Час смекалки”) дазваляюць праявіць эрудыцыю, знаходлівасць, кемлівасць і пашыраюць інтэлект дзіцяці.
Магчымасці для творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету рэалізуюцца пры правядзенні конкурсаў малюнкаў (“Красочное лето”, “Чароўны букет”, “Мой любімы казачны герой”, “Спорт у маім жыцці”), песень, танцаў.
Вось яно, рознакаляровае лета лагера “Алімпіёнік”, у якім кожны можа ўмацаваць сваё здароўе, знайсці новых сяброў, праявіць свае здольнасці, атрымаць новыя і яркія ўражанні.
Людміла ПАШКЕВІЧ, выхавацель лагера “Алімпіёнік” сярэдняй школы №7 г. Смаргоні.