У Магілёве апоўзнем заваліла дамы. Людзі чакаюць дапамогі

Источник материала:  
25.07.2018 11:13 — Новости Общества

У Магілёве трэція суткі жыхары вуліцы Струшня чакаюць дапамогі адмыслоўцаў у расчыстцы двароў ад абрынутага грунту. Апоўзень сышоў падчас залевы 22 ліпеня. Паколькі наступныя дні прагназуюцца дажджы, то людзі непакояцца, што абвал грунту можа паўтарыцца. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».


Дамы на Струшні ўзведзеныя ўздоўж аднайменнай невялікай рачулкі, якая вымыла глыбокую пойму. Яе высокія схілы навісаюць над хатамі.

Апоўзень сышоў на дамы № 47А і 49. Амаль метровы ўзровень зямлі трымаюць сцены хат і гаспадарчых будынкаў. Скалянелы за два дні грунт людзі не кранаюць, каб не справакаваць паўторнага абвалу.

Гаспадыня аднаго з дамоў Ганна Пятроўна вечарам 22 ліпеня выйшла ў двор пакарміць сабаку і ўбачыла, як на яе сунецца вал зямлі. Жанчына паспела ўскочыць у хату, якую, як яна кажа, ледзьве не абярнуў апоўзень. Зямлёй заваліла двор і агарод. Вадой заліло ў хаце склеп. Двор гаспадары расчысьцілі самі, каб было як прайсьці на вуліцу ды да хляўка.


«Куды толькі не тэлефанавала за гэтыя дні. Маліла, каб мне падказалі, да каго звярнуцца па дапамогу. З адной арганізацыі мяне накіроўвалі да другой» — плачучы, расказвае жанчына.

Супрацоўнікі МНС адпампавалі ваду ды спілавалі заваленыя апоўзнем дрэвы. Паводле жанчыны, камунальнікі ж пакуль толькі абяцаюць даць тэхніку і работнікаў для вывазу грунту.


«Зразумела, гэта надзвычайнае здарэнне, але мусяць жа быць прадуманыя захады пераадоленьня наступстваў і вызначаныя адказныя», — абураецца зяць Ганны Пятроўны.

Дом па суседстве таксама «трымае на сабе грунт». Яго гаспадар Уладзімір таксама бачыў на ўласныя вочы з акна, як сунуўся на ягоную хату апоўзень. Зямлі пад хатай — да аканіц. Мужчына засцерагае суседзяў брацца самім за расчыстку, бо лічыць, што яны могуць справакуюць паўторнае абрыванне грунту. На яго думку, такой справай маюць займацца адмыслоўцы.


Пацярпела ад апоўзню і яшчэ адна хата на Струшні. Грунтам завалены агарод і частка двара. Месцамі размытыя і берагі рачулкі, падчас залевы яна ператварылася ў паўнаводную рэчку. Паводле суразмоўцаў, іх суседзі, што жывуць вышэй, на краі схілаў скідаюць смецце, якое разам з грунтам звалілася ў двары.


За апошнія тры дзясяткі гадоў такой залевы мясцовыя жыхары не бачылі.

←Прокуратура о работах на Военном кладбище: Демонтировали то, что надо было покрасить и починить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика