Калі існуе ўзаемападтрымка і павага

Источник материала:  

Калі існуе ўзаемападтрымка і павагаВыхаваны, уважлівы, стрыманы і адказны Кірыл Дворак – прыклад для пераймання іншым. У ім сабраны лепшыя рысы, якімі валодае сучасная моладзь.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Кірыл годна вытрымаў іспыты і паступіў ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт  харчавання. Ён выбраў для сябе “Тэхналагічны факультэт”. Будучы інжынер-тэхнолаг  асвойвае спецыяльнасць “Тэхналогія кансервавання”. Малады чалавек сцвярджае, што абраная прафесія яму вельмі падабаецца. Прываблівае яго практычная дзейнасць, калі ёсць магчымасць не толькі самому сачыць за працэсам прыгатавання кансерваваных прадуктаў, але і  прымаць у гэтым непасрэдны ўдзел.

Вучоба Кірылу даецца лёгка. Малады чалавек не баіцца цяжкасцяў. Успамінае, што бацькі з ранняга дзяцінства на прыкладзе іншых тлумачылі, што трэба старанна вучыцца, каб атрымаць адукацыю і стаць добрым прафесіяналам, які запатрабаваны ў нашым грамадстве. Але ніколі Кірыл не адчуваў прымусу з іх боку, за што ўдзячны бацькам.

Сям’я Дворакаў – мнагадзетная. Маці, Вольга Анатольеўна,  і бацька, Уладзімір Рыгоравіч,  заўжды ўдзялялі шмат увагі выхаванню дзяцей, адводзілі важную ролю няспыннай  і стараннай вучобе не толькі ў школьныя гады, але і ў пэўнай установе адукацыі. Яны раілі, але ніколі не вырашалі за іх. Гэта і спрыяла таму, лічыць Кірыл, што старэйшая сястра Аксана  стала загадчыкам амбулаторыі ў Вялікіх Арлах, брат Аляксандр атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю, але майстрам вытворчага навучання працаваў у Віцебску не так доўга. Ён вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на Гарынскі КБМ. Яны маюць свае сем’і і заўжды з ахвотай збіраюцца ўсе разам у бацькоў.  Значных поспехаў імкнецца дасягнуць і наш суразмоўца.

Для Кірыла пасёлак – гэта яго аддушына. Тут многа сяброў  і знаёмых, настаўнікаў, з якімі рады сустракацца, і непаўторныя краявіды Гарыні. Ён з удзячнасцю успамінае ўсіх сваіх настаўнікаў, але самыя шчырыя пачуцці выклікаюць   класны кіраўнік і настаўнік матэматыкі Соф’я Іванаўна Гашчук, настаўнік  фізікі Людміла Уладзіміраўна Сень і настаўнік   хіміі Наталля Уладзіміраўна Раманоўская.

Кірыл  – член ГА “БРСМ” і прафкамаўскага бюро факультэта. Малады чалавек займае актыўную пазіцыю і заўсёды ўдзельнічае ў студэнцкім жыцці ўстановы.

Кірыл з гонарам гаворыць, што група ў іх цудоўная, вельмі дружная. Усе падтрымліваюць адзін аднаго, што вельмі важна ў працэсе навучання.

— Выдатныя  педагогі і дэкан факультэта, якія стаяць гарою за сваіх, — падкрэслівае малады чалавек. – У нас бытуе выказванне: “Калі танцуем, дык усім факультэтам”, а гэта спрыяе таму, што і інтарэс да вучобы павышаецца, і атрымліваецца ўсё проста выдатна. Добра, калі існуе ўзаемападтрымка і павага, цікавасць да кожнага.

Цяпер Кірыл разумее, наколькі адказна працаваць на самай справе ў галіне прыгатавання прадуктаў доўгатэрміновага захоўвання як з эканамічнага пункту погляду, так і з пункту погляду захавання здароўя людзей. Малады  чалавек не прапускае магчымасці пабываць на вядучых прадпрыемствах рэспублікі, такіх, як “Санта Брэмар”,  «Мароз прадукт» і інш. Шмат ведае пра вытворчасць Гарынскага агракамбіната. Ён адзначае, што прадукцыя тут сапраўды натуральная. Няма садавіны і агародніны, якую спачатку замарожваюць, а пасля перапрацоўваюць.

Задавальняюць маладога чалавека і перспектывы, якія дае студэнтам ВНУ. Тэхналагічную практыку ёсць магчымасць прайсці ў краінах Еўрапейскага Саюза. Падабаецца, што для студэнтаў арганізаваны камфортныя ўмовы навучання, можна дадаткова  працаўладкавацца ў летні перыяд ці ў вольны час і інш. Пасля заканчэння ўніверсітэта студэнты могуць разлічваць на гарантаванае першае рабочае месца. Кірыл упэўнены, што выбраў для сябе запатрабаваную прафесію, таму без работы  не застанецца. Так, як і галодным, бо добра  ведае тэхналогію прыгатавання прадуктаў (смяецца). Ён марыць хутчэй стаць высокакваліфікаваным  спецыялістам і працаваць у пэўнай галіне харчовай прамысловасці.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

←Гадзіннік на Эйфелевай вежы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика