Кахаць можна, спакушацца – не. У адной са школ раёна настаўнік уступіў у палавыя зносіны з вучаніцай
Паводле дадзеных праваахоўных органаў, за першае паўгоддзе мінулага года ў раёне былі зафіксаваны два злачынствы ў сферы нораваў. Гэта распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў і ўступленне ў палавыя зносіны з непаўналетняй. Сёлетнія лічбы шакіруюць. З 11 выяўленых фактаў такіх злачынстваў зноў адно тычыцца парнаграфічных матэрыялаў. Астатнія адносяцца да цяжкіх злачынстваў – шматлікія факты згвалтавання і гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару бацькі ў адносінах дачкі, уступленне ў палавую сувязь юнака з малалетняй і непаўналетняй аднавяскоўкай. Літаральна апошні ў гэтым спісе – уступленне ў палавыя зносіны настаўніка і яго непаўналетняй вучаніцы.
Па заканчэнні вучэбнага года дзяўчынка праходзіла медыцынскую камісію, і на аглядзе ў гінеколага выявіўся факт палавых кантактаў. Інфармацыя была перададзена ў праваахоўныя органы. І тады дзяўчынка, не тоячыся, прызналася, хто стаў яе сексуальным партнёрам.
У раённым аддзеле Следчага камітэта паведамілі, што згодна з матэрыяламі расследавання сувязь была па ўзаемнай згодзе і, як сцвярджаюць абодва, па вялікім каханні. Прычым малады мужчына, 1996 года нараджэння, ведаў пра крымінальную адказнасць за такія дзеянні, але спадзяваўся, што ўсё застанецца таемным.
Згодна з артыкулам 168 Крымінальнага кодэкса пры выяўленні адзінкавага факту ўступлення ў палавыя зносіны з недасягнулай 16-гадовага ўзросту асобай можа пагражаць пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў. А пры выяўленні неаднаразовых фактаў – пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў.
Настаўнік звольнены і цяпер, хутчэй за ўсё, будзе пазбаўлены права займацца педагагічнай дзейнасцю.
Ідзе следства.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота з інтэрнэту.