Купальский костёр отражался в Шумилинском озере
Ты агонь, я вада…
Купалле сённяшняе і Купалле ўзору майго і многіх дзяцінства канцэптуальна адрозніваюцца, калі не па атрыбутах, то па выніках дакладна. Калі сённяшнім дзецям расказаць, як мы лазілі ў чужыя сады (можна падумаць, так нам былі патрэбныя тыя зялёныя яблыкі), бязбожна вытоптвалі трускалкі, пераварочвалі дагары нагамі ўсё, што не было прыбіта цвікамі, – карацей, шкодзілі, як маглі, яны не зразумеюць – навошта. Мы, у прынцыпе, таксама не ведалі, але так было прынята. І вёска не спала ноч: адны сваволілі, вярнуўшыся з гулянняў, іншыя каравулілі свае трускалкі. І ніхто пасля не шукаў вінаватых. Абураліся ў вусы – і ўсё на гэтым. Сёння народныя гулянні набылі больш свецкі выгляд, але ад гэтага не сталі менш прыцягальнымі.
Вось і на шумілінскае Купалле ля возера заўжды збіраецца шмат людзей. Першымі да заяўленых 19.00 падцягваюцца бацькі з дзеткамі, каб падарыць малым свята ў выглядзе скокаў на батуце і салодкай ваты. Без гэтага ж сёння і свята – не свята. Як сцямнее, дык ля возера ўжо і яблыку недзе ўпасці. І маладыя, і сталыя цэлымі сем’ямі ідуць да вады. Калі і не шукаць папараць-кветку, то хаця б дачакацца, як успыхне вогнішча, каб загадаць жаданне, ачысціць душу, зразумець, што жыццё цудоўнае. Работнікі культуры робяць усё магчымае, каб падтрымаць гэты настрой. Гандляры прапануюць смачнасці на любы густ, сувеніры, забавы. Усяго за рубель майстры Дома рамёстваў прададуць сапраўдны купальскі вянок, у якім спачатку можна проста хадзіць, упрыгожваючы сабой свята, а потым, як і належыць, пусціць яго на ваду.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №52 ад 10.07.2018 г.