Алег Высоцкі ў будаўнічай галіне абраны “Чалавекам года” Гродзенскай вобласці
Алег Высоцкі нарадзіўся ў вёсцы Мілэйкава Смаргонскага раёна. Пасля тэрміновай службы ў арміі адзін год адпрацаваў у Мінску, а потым у 1986 годзе прыехаў па камсамольскай пуцёўцы ў Смаргонь. Працоўную дзейнасць пачаў ва ўпраўленні механізацыі будаўнічых работ простым рабочым. Потым стараннага і адказнага работніка кіраўніцтва гэтай будаўнічай арганізацыі прызначыла брыгадзірам. Без адрыву ад вытворчасці Алег Міхайлавіч скончыў БНТУ, працаваў майстрам, прарабам, галоўным інжынерам.
УМБР БМТ №41 добраўпарадкоўвае тэрыторыі, пракладвае вонкавыя сеткі, выконвае земляныя работы, вертыкальную планіроўку. І не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці, за межамі раёна. Цяпер работнікі гэтай будаўнічай арганізацыі працуюць у Ашмянах, Астраўцы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю будуемай БелАЭС, устанаўліваюць архітэктурныя формы, займаюцца азеляненнем.
Касцяк працоўнага калектыву УМБР складаюць вопытныя работнікі, якія працуюць у арганізацыі з пачатку ўтварэння будаўніча-мантажнага трэста №41. Свой багаты практычны вопыт яны перадаюць маладым спецыялістам. Вялікая ўвага надаецца падбору кадраў. Некаторыя рабочыя заканчваюць навучальныя ўстановы, атрымліваюць вышэйшую адукацыю і працуюць ва УМБР на кіраўніцкіх пасадах.
Начальнік УМБР Алег Высоцкі больш за 30 гадоў свайго жыцця аддаў гэтай арганізацыі, 12 гадоў адпрацаваў тут галоўным інжынерам. У сваёй штодзённай рабоце абапіраецца на ІТРаўцаў – майстроў, прарабаў, таму і патрабаванні да іх павышаныя. Хаця працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін, але ўсе яны разам з кіраўніком будаўнічай арганізацыі за гадзіну да гэтага знаходзяцца на працы, бо неабходна абмеркаваць, якія ў каго ўзніклі праблемныя моманты, дапамагчы загадзя ўхіліць іх. Пасля заканчэння працоўнага дня Алег Міхайлавіч едзе на аб’екты, каб паглядзець, што там зроблена.
Работнікі УМБР БМТ №41 рыхтавалі ў свой час да “Дажынак” Ваўкавыск, гарадскі пасёлак Мір, Ліду, суседняе Маладзечна. Цяпер яны рыхтуюцца да выканання работ па добраўпарадкаванні Смаргоні, дзе ў наступным годзе пройдуць абласныя “Дажынкі”.
“Паўдзельнічаць у падрыхтоўцы свайго горада да свята – гэта святое”, - сказаў начальнік УМБР будмантажнага трэста №41 Алег Высоцкі.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.