Свята з нагоды адкрыцця дзіцячай пляцоўкі ў Каранях
На адкрыццё дзіцячай пляцоўкі сабралася многа людзей. Дарослыя з дзеткамі яшчэ да пачатку ўрачыстасці агледзелі і апрабавалі атракцыёны. Малыя з задавальненнем гушкаліся на арэлях, з’язджалі па жолабе ўніз з крутой горкі, гайдаліся на атракцыёне-матацыкле, залазілі ў батыскаф ці нешта падобнае на яго. Адным словам дзіцячай радасці не было межаў.
Падарунак маленькім жыхарам мікрараёна Карані зрабілі дэпутаты-кіраўнікі: дырэктар ЖРЭСа і дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Станкевіч, начальнік Смаргонскага занальнага вузла электрасувязі і дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Нікадон. Да гэтай добрай справы далучыліся і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – на дзіцячай пляцоўцы ўстаноўлены вырабы спецыяльнай расфарбоўкі, пазначаныя лічбай “101”. Гэта і як напамін аб тым, куды неабходна тэлефанаваць у выпадку нейкага надзвычайнага здарэння.
Занальны вузел электрасувязі запрасіў на ўрачыстасць студыю дзіцячых святаў “Сюрпрыз” з горада Ліды. Апранутыя ў незвычайныя касцюмы ўдзельнікі гэтага творчага калектыву праводзілі з дзеткамі розныя цікавыя гульні.
Непадалёку ад дзіцячай пляцоўкі была ўстаноўлена тантамарэска – стэнд для фотаздымкаў з адтулінамі для твару. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прасоўвалі ў іх свае галовы і фатаграфаваліся на памяць.
На свяце ўсім, хто меў жаданне, наносілі на твар аквагрым. Да жанчыны, якая размясцілася ў зацішным месцы з рознакаляровымі фарбамі, стаяла чарга дзетак. Некаторых прывялі сюды таты, мамы ці бабулі.
Райаддзел на надзвычайных сітуацыях прадаставіў на свята спецаўтамабіль. Каля яго былі раскладзены амуніцыя, інструменты ратавальнікаў. Дзеткі з задавальненнем мералі спецшлемы, іншую экіпіроўку. Некаторыя хлопчыкі паспрабавалі сябе ў ролі вадзіцеля спецаўтамабіля, улева-управа паварочвалі руль.
Усім было весела, непрыкметна бег час. Калі хто прагаладаўся, то мог тут жа і падсілкавацца, бо побач з дзіцячай пляцоўкай працавалі дзве гандлёвыя палаткі.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.