Пчолы на кветках – плады на стале

Источник материала:  

Пчала – унікальнае насякомае. Ці ведаеце вы, што іх на свеце больш за 20 тысяч відаў? Яны ёсць паўсюль, акрамя Антарктыкі. Зразумела, што калі б не было пчол, то не было б жыцця на планеце. Апыляючы кветкі раслін, кустоўя і дрэў, а таксама шматлікіх траў, гэтыя працаўніцы садзейнічаюць павелічэнню ўраджайнасці. Навукоўцы-селекцыянеры вядуць шмат распрацовак па стварэнні  самаапыляльных раслін. І ўсё ж роля гэтага насякомага ў прыродзе неацэнная. Да таго, пчала дае такія карысныя і лекавыя прадукты, як мёд, праполіс, пчаліны яд і іншыя. На жаль, папуляцыя пчол скарачаецца з-за прымянення ў сельскай гаспадарцы пестыцыдаў і хімікатаў. А яшчэ па прычыне росту буйных населеных пунктаў і тым самым змяншэння дзікарослых раслін-меданосаў.

Карыстаецца попытам мёд горных краін, дзе чалавек у меншай ступені займаецца вытворчасцю. На слыху ў аматараў салодкага прадукта алтайскі, абхазскі, башкірскі мёд. 

Пчолы на кветках – плады на стале

Ёсць і на Петрыкаўшчыне аматары пчалярства. З жыхаром Камаровічаў Мікалаем Яфімчыкам, заўзятым пчаляром-майстрам, мяне пазнаёміла Галіна Касінская, за што ёй шчыры дзякуй. Зведала  ад Мікалая Уладзіміравіча пра пчолак шмат цікавага і карыснага. Для таго, каб падрабязней расказаць пра сваіх гадаванцаў, Мікалай Уладзіміравіч завёз нас на свой пчальнік, які знаходзіцца ва ўрочышчы “Волава” ў 43 квартале мясцовага лясніцтва.

Мужчына так дакладна назваў гэтае месца, бо шмат гадоў адпрацаваў егерам і лесніком. Сам ахвотнік палявання, таму кожная сцяжынка ў лесе яму знаёмая.

Пакуль дабіраліся да пчальніка, Мікалай Уладзіміравіч распавядаў пра сваё жыццё-быццё, раз-пораз абураючыся станам дарогі на Белы Пераезд, якую разбурылі лесавозы…

– Нарадзіўся я на Любаншчыне, – пачаў суразмоўца. – Дзяды мае займаліся пчалярствам, але я не пабачыў ні аднаго, ні другога дзеда. Неяк па закліку сэрца вырашыў павучыцца гэтай справе прафесійна. Для гэтага паступіў у Смілавіцкі зоаветэрынарны тэхнікум.

Дарэчы, гэта была адзіная ўстанова ў краіне, дзе рыхтавалі заатэхнікаў-пчаляроў. Вучобу давялося перапыніць службай у арміі. Тры гады служыў на Паўночным флоце на атамных падводных лодках. Скончыўшы  тэхнікум, па размеркаванні трапіў у капаткевіцкі саўгас, дзе адпрацаваў два гады. Затым пераехаў у Камаровічы. Былы кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Уладзімір Кароткі (светлая яму памяць) з задавальненнем падтрымаў маю ідэю па развядзенні пчальніка, якога дагэтуль у Камаровічах яго не было. У Ветцы закупілі 12 вулляў, а ў Баранавічах – 20 пчолапакетаў (гэта матка і некалькі рамак з пчоламі).

Пчолы на кветках – плады на стале

Страдаўні спосаб збору мёду ў калодах

Гэтай справе я прысвяціў у саўгасе 18 гадоў. Вельмі ўдзячны Валянціне Мітрафанавай, спецыялісту ўпраўлення сельскай гаспадаркі, якая вяла пытанні пчалярства ў раёне і да сёння яшчэ працуе на некалькі раёнаў. Валянціна Іванаўна заўсёды дапамагала вырашаць праблемныя пытанні. Адзначу, што пчальнік у саўгасе я развёў да 100 сем’яў. Займаўся не толькі продажам мёду, якога пчолы наносілі да 1 тоны ва ўраджайны год, але і па 20-30 пчолапакетаў штогод  прадаваў у іншыя сельгаспрадпрыемствы – у Навасёлкі, Мышанку, Галубіцу, Ляскавічы.

Цудоўна жылі, пакуль гаспадарка была маскоўскага падпарадкавання. У гады развалу Саюза пачалі затрымліваць зарплату, а ў мяне на той час двое студэнтаў дома. Так і перайшоў спачатку ў аўтабазу, а потым – у лясную галіну.

З жонкай Нінай Сяргееўнай выхавалі трох дзяцей, маем пяць унучак. Заўсёды жылі ў працы, ды і сёння няма вольнай хвіліны: гаспадарку вялікую трымаем, карову, пчальнік вось. Усё гэта патрабуе догляду.

Дарэчы, пчолы – сапраўды цікавыя істоты. Яны вельмі працавітыя: рабочая пчала жыве толькі 35-45 сутак. Зімой іх жыццё падаўжаецца да 2-3 месяцаў, але яны не спяць, абаграваюць жытло і матку, якая за суткі адкладвае да 3 тысяч яек (лічынак).

– Мікалай Уладзіміравіч, падзяліцеся, як вызначыць якасць мёду: сапраўдны ён ці падробны?

– Набярыце ў лыжку мёду і вылівайце яго на талерку. Апошні струменьчык абавязкова будзе сам, як пружынка, падцягвацца ўверх. Ну а самае галоўнае выпрабаванне – гэта хімічны аловак. Інакш ніяк не вызначыць.

– А які ж мёд самы карысны?

– Усялякі мёд карысны. Ды і нельга вызначыць, што гэта мёд, напрыклад, толькі з ліпы, маліны ці крушыны. Пчале не загадаеш, каб яна ляцела толькі на ліпу ці на дзьмухавец. Сёлета, дарэчы, вясна была імклівая і я рана адкачаў мёд, у канцы мая. Зразумела, ён з ранніх веснавых траў і кветак, а таксама з вярбы, клёну. Летась з шасці пчальнікоў за сезон нарыхтаваў 140 кілаграмаў мёду. Чатыры сям’і былі яшчэ маладыя і ўзятак прынеслі невялікі.

Цудоўныя ў нашых мясцінах меданосы – маліна, крушына, акацыя, кіпрэй (Іван-чай). А вось ліпа, грэчка – адкрытыя меданосы. У спякоту нектар засыхае, а ў дождж ён вымываецца. Таму толькі ў вільготнае цёплае надвор’е пчолы могуць узяць з іх шмат нектару. Калі такое выпадае, то пчолы працуюць нават ноччу.

Неяк не карыстаецца папулярнасцю ў нас рапсавы мёд, а дарэмна. У Еўропе за ім ажыятаж, бо яго можна ўжываць хворым на цукровы дыябет і людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Займацца пчоламі, скажу я, – нескладаная навука, але патрабуе карпатлівасці. Шмат у мяне вучняў, якія заахвоціліся гэтай справай. Гэта Іван Макейчык, Валодзя Чайкоўскі, Валік Нікіфараў, Саша Якавец, Андрэй Юхалка. Дарэчы, Андрэй цяпер займаецца пчальніком на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. У Камаровічах 30 сем’яў пчол. А некалі ў Колках было каля 300, у Капаткевічах – 60, Камаровічах – 100. Усяго ў раёне было да 600 сем’яў пчол.

 Некалі на абласных спаборніцтвах пчаляроў я займаў прызавыя месцы. Навучыў любімай справе і свайго сына Сяргея, але  маладыя цяпер не вельмі жадаюць займацца гэтым.

Крыўдна, што наша меліярацыя на Палессі пацягнула за сабой засушлівае надвор’е, а за ім нашэсце караеда. Вымірае лес, а з ім усё самае цудоўнае і карыснае і для чалавека, і для пчол. Лічу, што трэба зноў забалочваць мясціны, інакш будзе катастрофа.

Мікалай Уладзіміравіч не толькі падзяліўся сваімі ведамі з намі, але і пачаставаў духмяным мёдам у сотах, адразу на пчальніку. Незабыўныя ўражанні пакінула гэтая паездка і знаёмства з пчаляром. Дзякуй Вам вялікі! Здароўя і добрага ўраджаю мёду!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Жара спадет, пришли дожди. Какой будет погода в Могилеве в выходные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика