Маладосць – гэта энергія
Штогод у Беларусі ў апошнюю нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень моладзі.
Сёння галоўныя героі гэтага свята апавядаюць пра сябе, пра свае захапленні, шчасце і мары.
Ляскавічанка Марыя Пінчук расказвае:
– Маладосць мае шырокія ўзроставыя межы і ахоплівае вялікую колькасць падзей, якія адбываюцца ў жыцці чалавека. У маім жыцці ў гэты перыяд я атрымала вышэйшую адукацыю, выйшла замуж, паспела папрацаваць, знайшла хобі, нарадзіла дзіця. Зараз займаюся выхаваннем сына. З упэўненасцю магу сказаць, што я шчаслівая. Засталося толькі пачакаць, пакуль падрасце сыночак, каб выканаць усе пункцікі – мара падарожнічаць па свеце абавязкова павiнна адбыцца.
Днём з дзіцям шпацыруем па набярэжнай, атрымліваем асалоду ад свежага паветра. Вечарам – з мужам у кафэ або рэстаран ходзім. Часам сумую па горадзе, дзе ёсць усё неабходнае для маладой мамы і малога. Захапленне макіяжам перарасло ў прафесію. Гэта тое, што дазваляе мне максімальна творча рэалізавацца.
Кірыл Чмыхун, Брынёў:
– Пяць гадоў таму вырашыў паспрабаваць запісаць першы трэк. Тэксту назбіралася на цэлы альбом.
Арандаваў студыю ў Мінску. Першы трэк абышоўся ў 60 долараў. Зараз знайшоў студыю танней: 12 долараў за гадзіну. А наогул для запісу 2-3 гадзін дастаткова. Усе кампазіцыі даступныя ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Пішу пакуль толькі для сябе і сяброў. Натхненне прыходзіць часцей пасля праслухоўвання музыкі. Узнікае свая версія, яе і запісваю.
Я вучыўся ў Гомелі ў БелДУТ на спецыяльнасці “Інжынер-будаўнік аўтамабільных дарог і аэрадрома”, але абставіны так склаліся, што не атрымалася скончыць.
Мара ёсць – рызыкнуць і зняць кліп. Але я не хапаю зорак з неба, проста займаюся любімай справай для сябе. І астатнім таго ж жадаю.
Наталля ЦАЛКА, Капаткевічы:
– Вучуся ў БДУіР і адначасова працую. Цяжка сумяшчаць, але стараюся. У вольны час гуляю у валейбол, хаджу ў трэнажорную залу, ад універсітэта ўдзельнічаю ў мерапрыемствах. Нядаўна была на спаборніцтвах “Студэнты. Бяспека. Будучыня”, удзельнічала ў конкурсе “Спартыўнае арыентаванне на мясцовасці”. І ў Гродне прыняла ўдзел у марафоне “За моцную і квітнеючую Беларусь”.
Калі ёсць вольны час, то яшчэ фатаграфую. Шукаю цікавыя месцы і арганізоўваю фотасесіі.
Вучоба ва ўніверсітэце, лічу, патрэбна для перспектывы. Чым больш ты развіваешся, тым больш шанцаў атрымаць добрую пасаду.
Што датычыцца адпачынку, маладосць – гэта ж такі выдатны перыяд у жыцці, які будзем успамінаць усё жыццё. І добра, калі ёсць шмат добрых і яркіх успамінаў, падзей, якія можна з задавальненнем згадваць разам з сябрамі.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА і з асабістых архіваў Наталлі ЦАЛКА, Марыі ПІНЧУК.