Прывітанне ўдзельнікам і гасцям «Берагіні» міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея
Шаноўныя арганізатары, удзельнікі і госці X Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”!
За дваццаць гадоў існавання фестываль стаў значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Яго адметнай рысай з’яўляецца тое, што ён вучыць кожнага з нас берагчы свае карані, з павагай ставіцца да культурных традыцый іншых народаў.
Даследчая праца ўдзельнікаў, іх яскравая творчасць, невычэрпны энтузіазм арганізатараў фестывалю выклікаюць заслужаны гонар і павагу. Ваш талент і самаадданасць пачэснай справе – трывалы падмурак, на якім грунтуецца росквіт беларускай культуры.
Фестываль сёння – гэта не толькі свята, якое аб’ядноўвае ўсіх нас у Год малой радзімы, але і творчая пляцоўка для моладзі, якая шануе і зберагае сваю нацыянальную культуру.
Упэўнены, што і ў далейшым гэты форум будзе памнажаць добрыя фестывальныя традыцыі, служыць узорам духоўнасці, мастацтва і сапраўднага патрыятызму.
Жадаю ўсім вам, шаноўныя сябры, паспяховай працы, творчага натхнення, святла ў душах і дабрабыту.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.