Фокус у мінусе
“Эх, жыць, як кажуць, добра!”, – сцвярджаў герой Георгія Віцына Баязлівец у адной з гайдаеўскіх камедый, на што яму герой Юрыя Нікуліна Балбес адказаў, што “добра жыць – яшчэ лепш”.
Як не пагадзіцца з гэтымі словамі! Што-што, а добра, прыгожа жыць мы з вамі, за выключэннем аскетаў і “спартанцаў”, ну, яшчэ і хіпстараў сюды з нацяжкай, любім. Толькі вось часцяком бывае, што любоў гэтая нейкая касабокая: у дамах-кватэрах шыкоўныя рамонты робім, столі-люстэркі нацягваем, ламінаты-шламінаты кладзём, вінілавыя шпалеры клеім, а там, дзе справа даходзіць да грамадскага дабра, раптам робімся абыякавымі і… сляпымі. А самыя-самыя абыякавыя могуць яшчэ і апусціць сякую-такую эстэтыку, што на безграшоўі і без таго некалькі прысела, што называецца, ніжэй плінтуса і ўзроўню гарадской каналізацыі: у пад’ездах сцены размалююць, шкло разаб’юць, пластыкавае акенца ў шафе электралічыльнікаў цыгарэтай прапаляць…
“І яны яшчэ змагаюцца за ганаровае званне дома высокай культуры і быту”, – сказаў бы на гэты конт стаматолаг Антон Шпак з яшчэ адной гайдаеўскай стужкі.
Штогод падлеткі і нават не падлеткі ламаюць і гнуць грамадскія агароджы, дастаецца дарожным знакам, іншым канструкцыям.
Раней, як толькі на гарадскіх вуліцах сталі высаджваць кветкі, клумбы “аматары флоры” перыядычна “праполвалі”. Раз у паўгода “гарачыя” байкеры а-ля “Прывідны гоншчык” малююць чорныя кругі на цэнтральнай плошчы.
А зараз, як мне падалося, дарагія землякі, у нас мода на крывыя агароджы. Рэдкая вуліца пахваліцца роўным, пад шнур, тынам. Я тут неяк прашпацыраваў краем вуліцы Бумажкова з заходам на Ленінскую, то ў трох месцах падпоркі-“помачы” ў аб’ектыў напрасіліся.
Апусціўшы дрэннае дарожнае пакрыцце з-пад увагі, бо там патрэбна шмат грошай, варта ў агульную карцінку неэстэтыкі па гэтым гарадскім участку дадаць два грамадскія калодзежы, якія даўно састарэлі – як зараз модна казаць: і маральна, і матэрыяльна.
На перакрыжаванні вуліцы Бумажкова з Кастрычніцкай у выбітныя мясціны запішам самы “ўказальны” ў свеце ўказальны знак, мусіць жа, не ветрам сагнуты.
Пакошаная ўздоўж дашчатай агароджы на Бумажкова трава акурат перад самымі могілкамі адкрыла “пашчу” незачыненага тэхнічнага калодзежа. Дарэчы, два аналагічныя зеўраюць сваімі шчылінамі на вуліцы Карла Маркса, якраз насупраць магазіна “Дары ад “Зары”. Адказныя за іх размяшчэнне спецыялісты могуць спаслацца на нібыта пазначэнне гэтых мясцін жоўтай стужкай, але і тая мае свой век жыцця – на адным з калодзежаў стужка ўвогуле згубілася. Наўрад ці выпускнікі на ўрачыстасці забралі – месца там для надпісу малавата будзе.
Прабягаючы па вуліцы гэтага нямецкага філосафа, двухсотгоддзе якога мы адзначылі не так даўно, я доўга ўзіраўся ў незразумелага прызначэння драўляны цурбан ля пяціпавярхоўкі бліз аптэкі, пакуль не згадаў, што гэта, здаецца, былы матылёк. Трэба разумець, што тут пайшоў рэгрэс – і матылёк пакрысе становіцца вусенем. Так ці інакш чарвякі і жукі-магільшчыкі яго вось-вось даканаюць, а ён – нас… сваім непрыгожым выглядам.
Тут пакуль пастаўлю шматкроп’е. Шпацыры працягваюцца. Давайце, шаноўныя землякі і работнікі камунальных і іншых службаў, не трапляць у гэты мінусавы фокус!
…
П. ВАЛОДЗІН.
Фота аўтара.