Бізнес на творчасці ці творчая прадпрымальнасць?...
13.06.2018
—
Новости Общества
Мушу зрабіць вялікі ўступ, таму адразу прашу прабачэння ў чытачоў за шматслоўнасць, але ж хочацца быць і пачутым, і зразуметым.
Дык вось, мне, як пісьменніку, ці не штотыдзень прыходзяць самыя розныя запрашэнні. Вось адно: прапануецца ўнікальная магчымасць стаць… акадэмікам. Ну, так. Справа ў тым, што ў Беларусі ў свой час угледзелі гэтую “лавачку” і забаранілі даваць назвы грамадскім арганізацыям са словам “акадэмія”. У Расіі адносна гэтага – поўная свабода. І вось ствараецца нейкае грамадскае аб’яднанне, да прыкладу, з назвай “Расійская акадэмія прозы”. Хочаш уступіць? Плаці каля 200 долараў. Атрымаеш пасведчанне “акадэмік акадэміі прозы”. Гучыць? Яшчэ як. І я вам скажу, што сярод беларускіх пісьменнікаў ёсць тыя, хто мае пасведчанні вось такіх “акадэмій”.
А вось другое запрашэнне: прымайце ўдзел у конкурсе. Міжнародным! Усяго толькі дасылай сваю кнігу ці рукапіс – і заплаці па рахунку пэўную суму. І чакай! Не трэба нікуды ехаць, не перажывай за ацэнку журы. Званне дыпламанта конкурсу і атрыманне належнага дыплома – гарантавана. Калі сума будзе большая – атрымаеш званне лаўрэата.
Навошта гэта? Каму гэта трэба?
О, тут чыннікаў некалькі. Уяўляеце, запрасілі пісьменніка ў бібліятэку і прадстаўляюць: “…акадэмік акадэміі… член-карэспандэнт міжнароднай акадэміі… лаўрэат міжнароднага конкурсу… дыпламант усерасійскага конкурсу…”. Гучыць жа, згадзіцеся. Адразу на цябе позіркі паважлівыя.
Ёсць іншы момант. Вось звяртаецца такі “член-карэспандэнт” да прадстаўніка ўлады з амаль патрабаваннем: дайце грошай на кнігу, арганізуйце выступленне, збярыце аўдыторыю, аплаціце гасцініцу і праезд! Хто на месцы будзе правяраць сапраўднасць тых “акадэмій”? Неяк быццам і няёмка адмаўляць такому заслужанаму чалавеку. І такія звароты былі! І кабінеты рэдакцый і выдавецтваў атакуюць “акадэмікі” і “лаўрэаты” са сваімі рукапісамі: друкуйце, выдавайце!
Таму мае адносіны да рознага роду конкурсаў з платным удзелам рэзка адмоўныя.
І вось такі першы конкурс з платнай рэгістрацыяй удзельнікаў, заяўлены як міжнародны, прайшоў у Івацэвічах 2 чэрвеня. Прымалі ўдзел у конкурсе артысты сцэны самых розных жанраў.
Як мне паведамілі, усяго было больш за 160 заявак. Найбольш было, зразумела, выканаўцаў з Брэстчыны, удзельнічалі і нашы, івацэвіцкія, артысты.
Арганізатар конкурсу – невядомы нам і вельмі далёкі ад нас творчы фонд “Ніка” пры падтрымцы Цюменскай абласной думы і Дэпартамента па грамадскіх сувязях, камунікацыях і маладзёжнай палітыкі Цюменскай вобласці Расійскай Федэрацыі і пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны. Нечаканы такі паварот, згадзіцеся.
Што пабачыў я, як выпадковы глядач, як журналіст?
Першае, што кідалася ў вочы адразу, яшчэ за колькі дзён да конкурсу: практычная адсутнасць яго рэкламы. Адна невялікая аб’яўка ў газеце. Вонкавай рэкламы не было. Такім чынам, не давялося здзіўляцца амаль пустымі і вялікай, і малой заламі падчас выступленняў артыстаў. Таму было крыўдна: і за выступоўцаў, і за тых нашых жыхароў, якія любяць музыку, і з радасцю б паслухалі га-
дзіну-другую ці больш конкурсныя выступленні.
Не дадавала сур’ёзнасці конкурсу заўважная мітусня – накладкі з арганізацыяй працэсу былі заўважныя (але спішам тое на першы такі конкурс у Івацэвічах). Забягу наперад: арганізатарам не атрымалася ўкласціся ў запланаваны графік, конкурс скончыўся больш чым на дзве га-
дзіны пазней – блізка да поўначы. Улічыце, што пачыналася конкурсная праграма з 8 гадзін раніцы. Падвядзенні вынікаў першай паловы дня прайшло пасля трох гадзін дня. Чым было займацца канкурсантам, якія выступілі рана, увесь гэты час?
Былі і іншыя моманты, якія выклікалі ў некаторых бацькоў артыстаў і незадавальненне, і абурэнне. Да прыкладу, не- належная цікавасць журы ў асобныя моманты да выступоўцаў.
Ну, і канечне, мяне ўразіла менавіта платная рэгістрацыя. Не буду агучваць суму, але скажу, што яна досыць адчувальная для простай сям’і, у якой дзіця наведвае музыкальную школу (яшчэ з улікам таго, што для дзіцяці патрэбна шмат усяго іншага).
Паколькі фонд “Ніка” – старонняя арганізацыя, яна мусіла плаціць за арэнду гарадскога Дома культуры, які быў цалкам у гэты дзень заняты конкурсам. Працавалі, дапамагалі на конкурсе і работнікі Дома культуры. Запрошанае журы гэтаксама патрабавала пэўных выдаткаў, прызнаем. Такім чынам, сабраныя з удзельнікаў конкурсу грошы пайшлі на гэтую, неабходную, расходную частку. Акрамя гэтага, былі выраблены спецыяльна для конкурсу невялічкія статуэткі, закуплены дыпломы. Ды і іншыя расходы. Але, не маючы жадання лічыць грошы ў чужых кішэнях, давайце ўсё ж прызнаем: і самі арганізатары працавалі не за бясплатна.
Такім чынам, я тут бачу самы звычайны бізнес. Калі конкурсаў праводзіцца мала, абавязкова знойдуцца людзі, якія атрымаюць дазвол на іх правя-
дзенне, будуць праводзіць і на гэтым зарабляць.
Ёсць і яшчэ адзін момант для мяне не самы прыемны.
Узнагароды. Іх – многа. Іх хапае на ўсіх. Нехта становіцца лаўрэатам, нехта – дыпламантам розных ступеняў. Такім чынам, кожны ўдзельнік вяртаецца з дыпломам. І які кошт такога дыплома?
Мы, расказваючы на старонках газеты пра юных артыстаў і мастакоў, зазвычай пералічваем іх дасягненні. І вось тут хаваецца падводны камень: з платнага конкурсу практычна заўсёды кожны ўдзельнік прыязджае з узнагародай. Хіба гэта не абясцэньвае саму сутнасць атрыманага дыплома?
Дык чаго больш ад такіх конкурсаў з платнай рэгістрацыяй удзельнікаў: шкоды ці карысці? Ці не ёсць падобнае бізнесам на творчасці дзяцей?
Такія думкі былі ў мяне, прызнаюся.
Але ж, як журналіст, я проста абавязаны быў даведацца і пра іншы пункт гледжання. І таму я спытаўся ў некалькіх людзей пра конкурс – тых людзей, якія альбо ўдзельнічалі самі, альбо рыхтавалі дзяцей да выступлення.
У прыватнасці, вельмі грунтоўна выказала сваё стаўленне да платных конкурсаў Святлана Акавітая, выкладчык Косаўскай дзіцячай школы мастацтваў, за што шчыра ёй дзякую.
Такім чынам, што пабачылі ў новым конкурсе яго ўдзельнікі?
За год вучні музыкальнай школы могуць паўдзельнічаць у 6-7 конкурсах. І ўжо ні для каго не навіна, што конкурсы – платныя! Гэта сталая на сёння практыка, ніхто гэтаму не здзіўляецца. Тое, што першы Міжнародны конкурс “Вясенні зоркапад” прайшоў не на самым лепшым узроўні, вінаваціць нікога не варта – гэта ж першы раз, і ні ягоныя арганізатары, ні памочнікі з ліку работнікаў ГДК не былі гатовыя да такога масштабу: паўтары сот-
ні заявак – гэта ж пад чатырыста чалавек агулам.
Што тычыцца ўзнагароджвання ўсіх і кожнага. Прабачце, але гран-пры атрымлівае самы лепшы, лаўрэатамі гэтаксама становяцца не ўсе. І гэта важна. Дзеці выдатна разумеюць розніцу ва ўзнагародах, а вось пакідаць іх пасля такіх напружаных гадзін і выпрабаванняў без узнагарод увогуле, гэта амаль што бесчалавечна. Тым больш, едуць на конкурсы лепшыя.
Вельмі важна вось што. Паколькі конкурс, не будзем саромецца, камерцыйны, дык і журы – запрошанае збоку. Яно цалкам незалежнае ў сваіх рашэннях, бо ягоная работа аплачваецца па дамоўленасці, ніякага ангажавання, ціску на журы, “тэлефоннага права” тут практычна немагчыма. Арганізатары такіх конкурсаў гэтаксама цалкам незалежныя ад удзельнікаў, бо кожны з удзельнікаў роўны з іншымі па ўнесенай суме, а больш нічым, акрамя як майстэрствам выканання, вызначыцца нельга. Таму вырак суддзяў на такіх конкурсах зазвычай бывае самы справядлівы. А гэта вельмі важна для юных (ды і не толькі юных) артыстаў.
Другое. Што тычыцца ўдзелу дзяцей у конкурсах – гэта бескаштоўны вопыт! Гэта і падрыхтоўка, адточванне нумара, гэта практыка трымання сябе на сцэне, уменне пераадольваць хваляванне. Дзе яшчэ можна гэтаму навучыцца? Сцены роднай школы і нават гарадскога ДК хутка становяцца “сваімі”, а для артыста важна ўмець выступаць на самых розных пляцоўках. Да таго ж, гэта і магчымыя новыя знаёмствы, гэта “падглядванне” за сваімі сапернікамі, параўнанне. Не, вопыт выступлення на конкурсах нічога не заменіць, і чым больш такіх конкурсаў, тым лепш для артыста.
Трэцяе. Для настаўнікаў, для сталых артыстаў конкурсы – гэта свята. З цягам часу кожны з конкурсаў, фестываляў набірае досвед, згладжваюцца шурпатасці, дасканалай робіцца арганізацыя, і тады наступае для аматараў музыкі і песень, артыстаў сцэны сапраўднае свята. Той жа Пружанскі фестываль – цуд!
Чацвёртае. Акрамя многіх гадзін выдатнага выканання, якім наталяюцца аматары музыкі, ёсць у артыстаў цудоўнейшая магчымасць бачыць чужы вопыт, знаёміцца з самымі рознымі школамі выкладання, тэхнікай выканання, нечаканымі знаходкамі, рознымі навінкамі. Гэта некалькі гадзін цудоўнага навучання, і ўсё гэта – за адносна невялікую суму.
З аднаго боку, такія конкурсы не маюць быццам працягу, які ёсць традыцыйна: выйграў у гэтым – перайшоў у другі тур, у трэці. Але каштоўнасць тут іншая: менавіта канцэнтрацыя выдатных выканаўцаў у адным месцы. І з гэтага боку, сапраўды, чым на большай колькасці конкурсаў пабыў артыст, тым больш пабачыў карыснага для сябе, больш засвоіў, большаму навучыўся. Гэта дорага каштуе.
Дык што ўрэшце маем?
Выслухаўшы іншы бок, мушу пагадзіцца: так, з завочнымі конкурсамі для пісьменнікаў вочныя конкурсы для артыстаў сцэны нічым не падобныя, хіба толькі грашовым унёскам. І аргументы “за” тых удзельнікаў, якіх я пачуў, амаль што немагчыма нічым аспрэчыць. Такім чынам, можна падсумаваць: важкіх плюсоў хапае. З мінусаў застаецца толькі вось гэтае ўнутранае адпрэчванне бізнесу ад культуры.
Але, мушу пагадзіцца, калі няма магчымасці арганізоўваюць і праводзіць такія конкурсы колькі разоў на год на бясплатнай аснове для ўдзельнікаў, калі конкурсы запатрабаваныя для артыстаў, – яны мусяць быць. Бо, калі ёсць попыт, – будзе прапанова. Увогуле ж, наша заканадаўства не забараняе такую форму паслуг.
Але пры ўсім, хацелася б пабачыць урэшце нешта іншае. Больш святочнае – і менавіта больш святочнае для жыхароў раёна, горада. Каб з цягам часу конкурс выйшаў з межаў менавіта конкурсу і стаўся сапраўднай культурнай падзеяй для нашых Івацэвічаў.
Як расказвала аўтару гэтых радкоў адна з арганізатараў конкурсу “Вясенні зоркапад” Анжаліка Фядосік, у наступным годзе (конкурс бачыцца арганізатарам штогадовым) усе пралікі “першага бліна” будуць улічаны. Плануецца ў прыватнасці, запоўніць вольны час удзельнікаў конкурсу карыснымі справамі: экскурсіямі, напрыклад, у Марачоўшчыну. І працаваць над тым, каб конкурс стаў запамінальнай дзеяй для ўсяго горада.
Але мне асабіста бачыцца, што толькі ягоным арганізатарам (у якіх ёсць свой камерцыйны інтарэс) “выцягнуць” мерапрыемства на новы ўзровень немагчыма. Трэба задзейнічанне яшчэ не адной структуры, у тым ліку і ўладнай. У непасрэдна арганізатараў конкурсу будуць фінансы, у нашых структур – вопыт арганізацыі вялікіх мерапрыемстваў, веды мясцовых асаблівасцей рознага кшталту, іншыя арганізацыйныя магчымасці і, упэўнены, жаданне зрабіць для горада і гараджан адметнае свята музыкі і спеваў. Такі “сімбіёз”, на маю думку, можа вывесці камерцыйны конкурс паў-закрытага тыпу на самы шырокі прастор сапраўднага свята.
Валерый ГАПЕЕЎ.
Фота аўтара.
На здымку: на конкурсе “Вясенні зоркапад” выступае дзіцячы калектыў Косаўскай дзіцячай школы мастацтваў.