Добрай дарогі вам, выпускнікі!
“Гэта ўсё маё роднае, гэта дзесьці ў глыбіні”… Слоў з песні не выкінеш, Аляксандра Пінчук пранікнёна выканала песню Сяргея Трафімава “Радзіма”. Здаецца, у гэты момант многія не стрымалі слёз. Яшчэ адно важнае мерапрыемства, не памылюся, ярка адгрымела ў нашым раёне.
Настаўнікі, бацькі, сябры, кіраўнікі арганізацый раёна і галоўныя героі – сёлетнія выпускнікі з дзесяці школ Петрыкаўшчыны – сабраліся на гарадской плошчы надвячоркам у суботу. Дзяўчынкі ў стракатых сукенках з шыкоўнымі прычоскамі і макіяжам, стыльныя юнакі ў дзелавых касцюмах. Адчувалася, што гэты быў сапраўдны баль. Нават паветра, неяк па-асабліваму пяшчотнае, падказвала: навучэнцы развітваюцца з дзяцінствам, сябрамі-аднакласнікамі і любімымі настаўнікамі. Шчырыя словы пажадання поспехаў у далейшым жыцці выпускнікі пачулі ад старшыні райвыканкама Аляксандра Наўныкі, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Сенька, протаіерэя Васіля і іншых запрошаных на свята ганаровых гасцей.
Тыя, хто на працягу навучальнага года плённай працай заваёўваў прызавыя месцы на конкурсах і алімпіядах, выстраіліся на дывановую дарожку – з рук старшыні райвыканкама юнакі і дзяўчаты атрымалі падарункі і прэміі. Таксама адзначылі бацькоў, якія дапамагалі школе, праяўлялі ініцыятыву ў арганізацыі шматлікіх мерапрыемстваў.
На двухгадзінным свяце з вакальнымі і танцавальнымі нумарамі выступілі творчыя калектывы ўстаноў адукацыі. Стала традыцыяй выпускаць шары ў паветра –сімвал развітання з мінулым. На гэтым свята не скончылася. Далей выпускнікі крочылі ў свае школы, дзе ўжо ў больш хатняй абстаноўцы атрымалі атэстаты сталасці і выканалі вершы і песні ў гонар педагогаў. Дзякуй арганізатарам за неверагоднае свята. У добры шлях, выпускнікі!
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота Арцёма ГУСЕВА.