И «Ветеран», и «Душа» – в победителях
У пятніцу на гарадскім стадыёне ў Шуміліне панавалі добры настрой, шчырыя ўсмешкі і пазітыў: клуб “Ветэран” раённага цэнтра культуры выклікаў на спартыўна-забаўляльны паядынак каманду “Душа”, у складзе якой былі актывісты раённай арганізацыі інвалідаў.
Тут не было жорсткай спартыўнай барацьбы, затое хапала сяброўскай падтрымкі і шчырасці, каманды-сапернікі больш радаваліся і чужым, і сваім поспехам. Атмасферу свята дапоўнілі канцэртныя нумары, падчас якіх каманды танчылі.
Журы, у склад якога ўваходзілі старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Цэрах, старшыня раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў” Любоў Нагібава і метадыст-інструктар ФАЦа Інэса Прасветава, агучыла выніковы “прысуд”: каманды набралі аднолькавую колькасць балаў, а значыць – перамагло сяброўства.
* * *
Багата ўдзельнікаў сабралася ў суботу на спартландыю “Тэрыторыя спорту – тэрыторыя тваёй перамогі”.
Для дарослых спартсменаў з ОКЗ, лясгаса, камунгаса, аддзела па адукацыі райвыканкама, ПМК-70 і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ладзіліся спаборніцтвы па імправізаваным летнім біятлоне, вулічным бадмінтоне і стрытболе.
Трэба было бачыць, як змагаліся за перамогу ўдзельнікі дзіцячай спартландыі, у якой бралі ўдзел дзве каманды са СДЮШАР і па адной камандзе з шумілінскіх СШ №1 і СШ №2.
Не абышлося ў гэты дзень і без валейболу. У таварыскай гульні дзяўчыны гулялі супраць хлопцаў.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №45 ад 12.06.2018 г.