Складаем жыццё з успамінаў

Источник материала:  

Да нас у рэдакцыю прыйшоў віншавальны ліст: Мікалай Машук з Брынёва 10 чэрвеня адзначае свой 90 год нараджэння. Свае пажаданні даслалі мужчыну дзеці, унукі і праўнукі.

Згадзіцеся, тыя, хто мае шчасце дажыць да такой паважанай даты, заслужана могуць называць сябе доўгажыхарамі. Я не стала адкладваць справу ў доўгую скрынку і, патэлефанаваўшы, напрасілася ў госці да Мікалая Кірылавіча.

Як пісаў Еўтушэнка: “Людей неинтересных нет, их судьбы – как истории планет. У каждой всё особое, своё, и нет планет, похожих на неё…”

Складаем жыццё  з успамінаў

Мікалай Кірылавіч – невысокі, хударлявы мужчына, гасцінны і ветлівы, гаваркі. І ўсё ж сум у ягоных вачах адразу заўважаецца. У ліпені споўніцца год, як пасля працяглай хваробы пайшла з жыцця яго каханая, любая сэрцу і душы Таццяна Васільеўна. Ніякія суцяшэнні не супакояць сэрца мужчыны, бо ў згодзе і разуменні яны прайшлі па жыцці разам больш за 70 гадоў. Слёзы з вачэй коцяцца самі сабой, калі ён згадвае пра спадарожніцу жыцця.

– Маё жыццё звязана з Брынёвам, – пачаў мой суразмоўца. – Адсюль родам мой бацька, тут жыве мая сястра, маладзейшая за мяне на 12 гадоў. У Брынёве я спаткаў сваю Таццяну і ажаніўся з ёй у жніўні 1948 года. А ў лістападзе мяне забралі ў армію. Жонка засталася жыць з маімі бацькамі. Служыў я доўга і далёка. Жонку пакінуў цяжарнай. Яна нарадзіла першынца Мікалая.

Да арміі працаваў у лясной прамысловасці. Трохгадовая служба праходзіла ў Германіі, у войсках сувязі. Звальняўся старшыной роты. Пасля вяртання скончыў курсы трактарыста. Дзевяць гадоў загадваў зерняскладам, а потым працаваў трактарыстам. Нават пасля пенсіі яшчэ на пяць гадоў затрымаўся. Стаж вялікі, маю званне “Ветэран працы”.

Жылі мы заўсёды ў працы, імкнуліся дапамагчы дзецям, потым – унукам. Яны ў нас выраслі годнымі людзьмі.

Мікалай адслужыў у арміі, таксама ў Германіі, скончыў рачное вучылішча, уладкаваўся майстрам на “Гомсельмаш”. Апошнія дзесяць гадоў быў дырэктарам абласнога вучылішча. У наступным годзе  адзначыць сямідзесяцігоддзе, але і да сёння працуе: у школе выкладае працоўнае навучанне.

Валодзя нарадзіўся ў 1952 годзе. Жыве ў Оршы, працаваў  старшым інспектарам ДПС раённай ДАІ. У яго вялікая сям’я – пяцёра дзяцей.

Дачка Валянціна нарадзілася ў 1954 годзе. Пражывала ў сталіцы, адпрацавала большасць гадоў сакратаром-машыністкай у эканамічным універсітэце.

Калі жонка мая захварэла, Валя звольнілася, дапамагала яе даглядаць. Але я не саромеўся, больш за іншых глядзеў Таццяну. Памерла яна ад раку лёгкіх. Здаецца, год мінуў, але і да сёння адчуваецца яе прысутнасць. Яна была прыгажуня, акуратыстка, рукадзельніца і добрая гаспадыня, маці, бабуля. Дарэчы, у нас дзесяць унукаў і дзевяць праўнукаў.

Так выпала, што дом наш у Брынёве давялося прадаць, пяць гадоў мы з жонкай пражывалі ў Мінску. Але ўсё роўна захацелі вярнуцца ў родную вёску. Дом, у якім цяпер я жыву, належаў брату жонкі. Родныя дазволілі нам тут жыць. Вось гэтую грубку і печ я рабіў сваімі рукамі. Справу печніка асвоіў яшчэ ў 25-гадовым узросце. У Брынёве амаль у кожнай хаце маімі рукамі зроблены печы, грубкі, а таксама ёсць яны і ў Капцэвічах, Старушках, Ляскавічах. Добрую цэглу раней рабілі на заводзе ў Славінску, лепш за петрыкаўскую яна была. А яшчэ добрая цэгла засталася з панскіх пабудоў тут, у Брынёве. Людзі разбіралі склады, свінарнік. Тая цэгла зроблена была на сумленне, яна яшчэ сто гадоў будзе прыдатнай.

Мікалай Кірылавіч запрасіў мяне прысесці побач з ім на канапу, паказаў фотаздымкі. Захаваў ён і артыкул, які друкавала “раёнка” пра яго сям’ю пяць гадоў таму.

Дачка Валянціна згатавала каву. Якраз у час размовы завітаў да свайго падапечнага і сацыяльны работнік Мікалай Фелькін. У яго, як аказалася, пажылых людзей, якім патрэбен догляд, аж 11 чалавек, не толькі ў Брынёве, але і ў Піліпонах, Молаце. Малады мужчына працаваў вальшчыкам у лясніцтве, але пасля траўмы застаўся без працы. Сацыяльным работнікам працуе больш года і справа гэтая Мікалаю па душы.

За кубкам кавы спытала ў Мікалая Кірылавіча, у чым сакрэт яго доўгажыхарства, на што ён адказаў арыгінальна…

– Ды я і сам не ведаю, шчыра кажучы, як дажыў да 90-гадовай адзнакі. Жыццё было цяжкае, шмат хвароб давялося зведаць. Дарэчы, нядаўняя пнеўманія ўвогуле зваліла з ног. Дачка ўвіхалася, каб вылечыўся.

Казу вось купілі, п’ю казінае малако, сырое яйка магу выпіць. Але сказаць, што ў мяне добры апетыт, то не. Ніколі не курыў, а вось чарку выпіць магу – бальзаму ці крыху віна. Вось і на мой юбілей, спадзяюся, збярэцца шмат народу. Давядзецца ў двары накрываць сталы. На мінулае 85-годдзе сорак чалавек было.

Добрага Вам здароўя, паважаны Мікалай Кірылавіч! Шчырых сустрэч і цёплага лета! Дасць Бог, сустрэнемся на Ваша 100-годдзе.

Інга ГІЛЕНКА, фота аўтара.

←"Эмиграция у нас в крови". Белорус разыскал в США родственника - потомка уехавшего за океан век назад

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика