Бліжэй да родных каранёў — нататкі аб Добасне

Источник материала:  

Бліжэй да родных каранёў — нататкі аб Добасне

У кожнага з нас ёсць тое месца, дзе ён нарадзіўся, зрабіў першыя ў сваім жыцці крокі, зведаў першыя моманты радасці і няўдачы. І потым хтосьці праз гады ўспамінае разгалісты дуб на прырэчнай лугавіне, іншы — бярозавы гай і схаванае ў ім маленечкае азярцо, а ў некага цяплее на душы, калі ён раптам пераносіцца ў думках на сунічную палянку ў сасновым бары… І няхай гэты куточак невялічкі па памерах, ён будзе дарагім сэрцу назаўсёды.

Для аўтара гэтых радкоў малая радзіма — Добасна. Даўно ўжо няма на свеце дзядулі і бабулі, як і таго дома, дзе праходзіла дзяцінства. Але кожны раз, наведваючы родны куток, падыходжу да таполі, пэўна, аднаго з самых высокіх дрэў ва ўсёй акрузе. І ўзгадваю выпадак, калі ўлез на самую вяршыню. Аж дух тады захоплівала, але які быў цудоўны краявід ва ўсе бакі! Сонца стаяла высока, рассыпаючы свае прамяні і дорачы цяпло. Лясы ўдалечыні — Асецкае. Колькі разоў хадзіў па тых лясах, збіраючы грыбы, і неяк тады не заўсёды заўважаў непаўторнасць старога каржакаватага дуба-волата, але з радасцю сустракаў у траве і ацэньваў прыгажосць моцненькага баравічка. Абыходзіў без увагі адросткі маладых хваінак, якія ужо, пэўна, наліліся магутнасцю, але і цяпер памятаю смак кавалачкаў сала і жытняга хлеба, узятых з сабой…
Вяртаючыся на сваю малую радзіму, праходжу па вясковай вуліцы, уяўляю сабе, як некалі тут жа хадзілі мае продкі — простыя сяляне, абутыя ў лапці, апранутыя ў даматканыя світкі. Драўляныя нізенькія хаткі з адным-двума невялічкімі акенцамі, зацягнутыя бычыным пухіром, якія тапіліся “па-чорнаму”. Так, зрэшты, гэта наша гісторыя, якую мы павінны ведаць. Здавалася б, і ведаеш пра малую радзіму шмат. І гісторыю назвы (ад гатунку канюшыны), і што продкамі былі дрыгавічы, а пазней — перасяленцы, што прыйшлі асвойваць новыя землі, і што Добасне пайшло ўжо шостае стагоддзе (упершыню ўзгадваецца ў 1502 годзе), і што цяпер гэта аграгарадок. Шмат знакавых падзей адбылося ў гісторыі Добасны, многія шырока вядомы. Але здараецца, адкрываеш нешта новае. Так, да нядаўняга часу не ведаў, што духоўная гісторыя не толькі малой радзімы, але і раёна, звязана з князем Дзмітрыем Зубравіцкім, дзякуючы якому нашы землі ўзгадваліся ў летапісах як Дабаснянскі край, таму што радавая сядзіба Зубравіцкіх знаходзілася ў паселішчы Добасна. А дзей-
насць князя Дзмітрыя на тэрыторыі сучаснай Кіраўшчыны мажліва без перабольшвання параўнаць з дзейнасцю князя Уладзіміра, які ў 988 годзе пачаў хрышчэнне Русі. Гэтак і ўяўляеш сабе, як дзесьці тут, недалёка ад рэчкі Добасна, праскочыла на конях дружына князя Дзмітрыя з ім на чале…
Мае нататкі аб малой радзіме былі б не поўнымі, калі б я не ўзгадаў аб рэчцы майго дзяцінства — Добасне. Наведваючы рачулку цяпер, проста дзіву даюся, як гэта мы, дзеці, купаліся ў адным яе месцы — на павароце ля маста, як нам усім хапала месца. Як цягаў вудаю залацістых карасікаў, а кашуляю — уюноў і печкуроў. А, між тым, яшчэ паўстагоддзя таму ў рачулцы сустракаліся і налім, і сом. Неяк параўнальна нядаўна на прырэчным азярцы давялося назіраць, як танцуюць журавы. Гэта непаўторнае відовішча! І раптам узгадваюцца расповеды старэйшых дабаснянцаў-землякоў аб тым, што некалі ля рэчкі раслі разгалістыя вербалозы, як на беразе распальвалі купальскае вогнішча і збіралі розныя кветкі…
Напрыканцы хочацца звярнуцца да кожнага кіраўчаніна, грамадзяніна сваёй краіны з тым, каб не забывалі сваёй малой радзімы, па магчымасці, наведвалі родны кут, шукалі запаветныя месцы, адкрывалі для сябе і для іншых нешта новае, бо гэта тая Айчына, куды кліча сэрца.
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

←До 28 градусов тепла ожидается по юго-западу Беларуси 9 июня

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика