Прадухіліць ахвяры

Источник материала:  

Напрыканцы красавіка ў памяшканні аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прайшла прафілактычная акцыя “Дом без насілля”. Сюды былі запрошаны тыя жыхары раёна, у адносінах якіх паступалі заявы праваахоўнікам пра ўчыненне сямейных сварак. Ім была даведзена інфармацыя пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за фізічнае і маральнае насілле ў адносінах членаў сям’і. Прыведзены прыклады трагічных выпадкаў, якія адбыліся ў раёне за апошнія гады.

Прадухіліць ахвярыЛітаральна праз тыдзень гэтыя ж грамадзяне ў чарговы раз былі запрошаны ў залу РАУС для ілюстрацыі наступстваў гвалту. У прысутнасці пракурора раёна Сяргея Балахонава адбыўся паказальны арышт саракадзевяцігадовага жыхара вёскі Капцэвічы Лучыцкага сельсавета. Напярэдадні ў стане алкагольнага ап’янення ён нанёс сваёй дзевяностагадовай маці шматлікія цялесныя пашкоджанні. У хуткім часе жанчына памерла.

Сяргей Балахонаў пазначыў, што ў час затрымання мужчына сцвярджаў, што нанёс маці з дзясятак удараў, а ў момант арышту гаварыў, што не памятае падзей таго дня і не заўважыў, як ламаў ёй руку.

– Гаварыць, што пабоі сталі прычынай смерці жанчыны, рана. Прычыну смерці высветліць экспертыза, – зазначае пракурор. – Крымінальная справа па частцы 1 артыкула 149  Крымінальнага кодэкса “прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў” ўзбуджаецца толькі па заяве пацярпелага ці яго родных. Сярод родных памерлай не знайшлося жадаючых фігураваць у якасці істца, таму справа ўзбуджана пракуратурай.

Праблема злачыннасці ў сферы сямейна-бытавых адносінаў у нашым раёне стаіць востра. Практычна ўсе выпадкі забойстваў мінулага года і сёлета адбыліся менавіта на глебе сямейных скандалаў. Нярэдкія выпадкі, калі першая ж сварка з прымяненнем сілы і заканчваецца трагедыяй. Так было летась у адной з гарадскіх кватэр, калі адзіны нанесены сужыцелем жанчыне удар крэслам аказаўся смяротным.

– Неабходна звярнуць увагу грамадскасці на папярэджанне насілля ў сям’і, – працягвае тэму Сяргей Балахонаў. – Нельга быць раўнадушным да сварак, якія чутны за сцяной. Звычайна ніхто не хоча ўмешвацца, а потым становяцца ўскоснымі вінаватымі ў трагедыі. Так было некалькі гадоў таму ў Петрыкаве, у кватэры па вуліцы Камуністычнай. Што сваркі ў гэтай сям’і бываюць часта, ведалі і чулі ўсе суседзі. Пакуль не здарылася бяда. Пасля пабояў мужа маладая жанчына памерла. Праўда, не было даказана, што менавіта нанесеныя траўмы сталі прычынай смерці, і мужчына быў асуджаны па артыкуле 149. Тым не менш, дзеці засталіся без бацькоў.

Многія сямейныя скандалісты ў час гутарак з праваахоўнікамі зазначаюць, што не прымяняюць сілы да сваіх блізкіх. Але такі маральны гвалт таксама можа несці цяжкія наступствы для абодвух бакоў. Прыкладам таму можа быць некалькі выпадкаў.

Пажылы мужчына ўдарыў паленам сына сваёй сужыцелькі. Той часта заходзіў да маці ў нецвярозым стане, і кожны такі візіт заканчваўся сваркай. Вінаваты на судзе гаварыў, што яму надакучылі такія адносіны і ён не стрываў. А скандаліст, які доўгі час лячыўся ад наступстваў таго ўдару і выступаў потым у ролі пацярпелага, заяўляў, што ледзь не стаў інвалідам і хто цяпер верне яму згубленае здароўе.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся на мінулыя навагоднія святы ў Церабаве. Жанчына доўгі час цярпела пабоі і скандалы ад сужыцеля, а тут не стрымалася – пырнула нажом. Мужчына застаўся жывы, жанчыну ж асудзілі на 3 гады абмежавання волі.

– Даводзіцца многа працаваць з ахвярамі сямейных агрэсараў, – пераходзіць да тэмы спраў прэвентыўнай накіраванасці Сяргей Паўлавіч. – Па іх заявах могуць быць узбуджаны крымінальныя справы, калі пабоі і катаванні адбываюцца сістэматычна. Але часцей пацярпелыя адмаўляюцца такім чынам забяспечыць сабе спакойнае далейшае жыццё. На працягу многіх гадоў пракуратура выкарыстоўвае практыку самастойнага ўзбуджэння спраў. Летась да адказнасці па заяве пракуратуры быў прыцягнуты мужчына з Макарычаў, які сістэматычна збіваў жонку і ўмовы пражывання для дзяцей не адпавядалі патрэбным. Жанчына ж сваю адмову тлумачыла страхам застацца без “адзінага карміцеля сям’і”, сама не магла абараніць свае правы.

Летась дзяўчына нанесла нажавыя раненні сваёй прыкаванай да ложка бабулі за тое, што тая рабіла заўвагі яе паводзінам. А потым і маці таксама была паранена дачкой. Маці адмовілася прыцягваць дачку да адказнасці. А правы бабулі-інваліда давялося адстойваць супрацоўнікам пракуратуры. Высветлілася, што дзяўчына мае псіхічнае захворванне, і цяпер яна накіравана на лячэнне.

– Толькі летась былі ўзбуджаны тры крымінальныя справы па артыкуле 147 за цяжкія цялесныя пашкоджанні, нанесеныя ў стане алкагольнага ап’янення, і дзве справы па артыкуле 153 – лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія сталі прычынай расстройства здароўя, – прыводзіць статыстыку пракурор. – Усе адбыліся ў сферы сямейна-бытавых адносінаў. Нярэдкія выпадкі ўзбуджэння адміністрацыйных спраў па артыкуле 9.1 “пабоі, якія не сталі прычынай цялесных пашкоджанняў”. Часцей за ўсё даказаць такія факты складана, бо і ахвяра адмаўляецца пад націскам гвалтаўніка, і знешнія прыкметы насілля нельга вызначыць. Але калі факты маюць пацвярджэнне, у адносінах сямейных дэспатаў пачынаецца працэс, незалежна ад жадання самой ахвяры. Гэта дзейсны рычаг уздзеяння, каб пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў і трагічных вынікаў.

На жаль, менталітэт нашых людзей яшчэ ўсё не дазваляе “выносіць смецце з хаты”. Ахвяры не толькі саромеюцца расказаць пра здзейсненае над імі насілле, але і не просяць дапамогі. У раёне дзейнічае “крызісны пакой”, дзе часова могуць размясціцца пацярпелыя ад сямейнага гвалту. Тут ёсць усё неабходнае для вартага пражывання. Але многа гадоў ён застаецца незапатрабаваным. Тое не значыць, што ў сем’ях ціха і ніхто не шукае паратунку ад п’яных кулакоў мужа ці сужыцеля. Мы не прывыклі прасіць дапамогі, на жаль.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Милиция нашла мужчин, воровавших туи в Витебске, - а теперь ищет тех, кто у них их купил

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика