Спякота, інтрыга, экстрым. “Ураджай” узяў Кубак імя Андрэя Андрука
Чарговая баталія сабрала на гарадскім стадыёне прыхільнікаў футбола з горада і раёна. Нягледзячы на тое, што заявілася на розыгрыш Кубка імя Андрэя Андрука толькі чатыры каманды, гуляць футбалістам даводзілася пры спякотным надвор’і, а стан спартыўнага аб’екта пакідаў гледачоў і спартсменаў у экстрэмальных умовах, спаборніцтвы прайшлі не без інтрыгі.
У першай гульні па поле выйшлі каманды УП “Палессе-Аграінвест” і ФК “Курыцічы”. Госці перамаглі з мінімальнай перавагай 2:1. У другой сустрэчы сышліся футбалісты ФСК “Ураджай” і ДЮСШ з Капаткевічаў. Асноўны час не выявіў пераможцаў і толькі серыя пенальці вывела “ўраджайцаў” наперад з лікам 5:4.
У змаганні за трэцяе месца юнакі з Капаткевічаў без праблем пераадолелі “Палессе-Аграінвест” (3:1). З такім жа лікам прайшла гульня за першае месца паміж дружынамі “Ураджаю” і ФК “Курыцічы” на карысць першых.
Лепшымі ігракамі турніру былі прызнаны Дзмітрый Селівонец (ДЮСШ), Павел Кавальчук (ФК “Курыцічы”) і Яўген Белы (ФСК “Ураджай”).
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.