Васямнаццаты праўнук – да юбілею

Источник материала:  

Жанчына чакала нас у першым пакоі, седзячы на канапе. Дачка папярэдзіла яе, што хутка прыедуць карэспандэнты. Але Любоў Назараўна і без таго нікуды не збіралася ісці. Ад дому далёка не адыходзіць – і ногі не тыя, і вочы падводзяць. Што натуральна ў яе амаль 85 гадоў, пражытых у цяжкай сялянскай працы.

– Жылі, гадавалі дзяцей, як усе, гаравалі, – не ведаючы, з чаго пачаць, сказала гаспадыня.

Потым, адказваючы на нашы пытанні, без падрабязнасцяў і шчымлівых адступленняў, расказала пра сябе і мужа. Толькі аднойчы задрыжэў голас, калі кароценька згадала пра вайну.

Васямнаццаты  праўнук – да юбілею

Нарадзілася тут, у Камаровічах, на пасёлку Заполле, як кажуць цяпер. У васьмігадовым узросце зразумела, што такое вайна. Бацьку забралі немцы, маці засталася з сямю маленькімі дзецьмі. Люба – другая пасля брата. Папялішча замест хаты, курані ў лесе, голад і страх. Але маці змагла захаваць жыццё ўсім дзецям.

Пасля вайны Люба скончыла толькі першы клас. На другі год маці сказала: “Годзе, пісаць імя ўмееш. Я пражыла неадукаваная, і табе хопіць навукі”. І засталася дзяўчынка ў хаце гаспадыняй і нянькай пры меншых братах і сёстрах, пакуль маці працавала ў калгасе і на сваім надзеле.

Маці першая прыгледзела для дачкі суджанага. Суседскі хлопец Адам Малышаў заўсёды ёй падабаўся: працавіты –  працуе ў калгасе, самастойны, рана застаўся сіратою і дапамагаў стаць на ногі меншым з васьмі дзяцей у сям’і. Любе на той час толькі споўнілася васямнаццаць.

Праз год нарадзіўся Сцёпка, а маладога мужа забралі ў войска на тры гады. Вярнуўся і павёз сваю сям’ю ў Чалябінск, дзе на той час жыў старэйшы брат Адама. У родных Камаровічах ім не знайшлося хаты, а будаваць сваю не было з чаго – бедната. Там нарадзілі Валодзю, і ўсё ж вярнуліся дадому. Пабудавалі маленькую, як раскінуць рукі, хатку, абжываліся.


Васямнаццаты  праўнук – да юбілею

Адам Сцяпанавіч і Любоў Назараўна Малышавы

– Потым і гэту хату пабудавалі, – паводзіць  рукою Любоў Назараўна, нібы дэманструе ўсе пяць прасторных і светлых пакояў. – Тут і нарадзілі аднаго за адным Тамару, Віцю, Сашу, Люду, Юру. Напэўна, закон такі быў у людзей: дзяцей у сям’і павінна было быць многа. Сорамна было мець мала дзяцей. Не баяліся нараджаць, як цяпер. Пакуль дзеці былі малыя, працаваў толькі гаспадар, спачатку вадзіцелем, потым на запраўцы. Сама ўладкавалася на ферму, калі Юрка падрос, малога з сабою на працу вадзіла – садкоў тады не было. Дзеці падраслі, усе атрымалі адукацыю, раз’ехаліся. Добра, што тады навучанне было бясплатным. Старэйшы сын паехаў да майго брата ў Жлобін, за ім яшчэ трое. Валодзя служыў у Ленінградзе, там ажаніўся і застаўся. Тамара і Юра жывуць тут.

З цеплынёй у вачах узгадвае Любоў Назараўна мужа, з якім дзялілі гора і радасці больш шасці дзясяткаў гадоў:

– Гаспадар быў добры, мне не трэба было турбавацца пра нежаночыя справы. Усё ў хаце зроблена яго рукамі. Вось той стол на ўсю сям’ю зрабіў сам, – паказвае жанчына на нестандартных памераў стол, чалавек дзесяць за ім размесціцца лёгка. – Рана і сыноў да працы стаў прывучаць. І з касою, і з сякераю – дзеці побач. Раніцай “нарэжа” заданне, увечары праверыць. Слова бацькі было законам. Казаў ім: “Калі ты мужчына, павінен быць гаспадаром і адказнасць за сям’ю несці”.

Тая бацькава навука на карысць была. Ніхто з дзяцей не парушыў сваю сям’ю, не пакрыўдзіў жонкі ці мужа. Так і жывуць у згодзе. Шаснаццаць унукаў нам падарылі. Тыдзень таму прывозілі паказваць мне ўжо васямнаццатага праўнука.

Праз два тыдні пачынальніца вялікага роду будзе адзначаць свой 85-ты дзень народзінаў. Зноў прыедуць усе дзеці, іх нашчадкі. Умясціцца ў адной бабулінай хаце, хоць у кожным пакоі стаяць па некалькі канап і ложкаў, наўрад ці змогуць. Частка гасцей, як заўсёды, пойдзе да сына і дачкі.

– Раз едуць, ды заўсёды з падарункамі, значыць, паважаюць, – нібы падагульняе свае бацькоўскія справы Любоў Назараўна. – Неяк дачка Люда спытала, навошта я столькі дзяцей нарадзіла. Кажу, каб сваякоў у іх было многа. Ці ж думалі некалі мы з мужам, калі самі былі босыя і голыя, што нашы дзеці і ўнукі будуць жыць у такой раскошы. Вось гэта і ёсць галоўная ўзнагарода за нашу бацькоўскую працу.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Первые летние выходные в Беларуси: ясно и до +30°С

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика