Аляксею Мурашову цяжкасці любыя па плячы

Источник материала:  

Прыемна ўсведамляць, што на змену аксакалам кіраўнічага апарата прыходзяць маладыя і напорыстыя, са сваімі ідэямі, ініцыятывай і працоўнай хваткай. Не так даўно на пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Отар» прызначаны Аляксей Мурашоў.
Аляксею Мурашову цяжкасці любыя па плячы
Ужо пяты год працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве ўраджэнец нашага краю. Пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага каледжа хлапец прыйшоў у гаспадарку на пасаду інжынера па механізацыі працаёмкіх працэсаў. Такія ўласцівыя рысы характару, як скрупулёзнасць, дысцыпліна і адказнасць выклікалі ў кіраўніка сельгаспрадпрыемства ўвагу і давер да «новенькага». Юнаму ІТРаўцу давяралі ўсё больш і больш адказныя ўчасткі работы, а ў мінулым годзе ён прадстаўляў дэлегацыю раёна на 24-й Міжнароднай выставе прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці «ХарчЭкспа» ў Маскве. Там поўнасцю пераканаўся ў беспаваротнасці абранага лёсу гаспадара зямлі. Ацаніўшы свае сілы і адчуўшы патрэбу і надалей ісці выбраным шляхам, Аляксей замацаваўся ў намерах прадоўжыць вучобу, накіраваў дакументы ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і быў залічаны на бюджэтнае навучанне. Час прабег хутка, і менш чым праз месяц ён атрымае дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Думка пайсці менавіта ў гэту навучальную ўстанову прыйшла неяк сама сабой, бо я адчуваў неабходнасць мець дастатковую колькасць ведаў, каб дасканала асвоіць прафесію і мець магчымасць рэалізавацца, як асоба, – расказвае малады намеснік дырэктара. – Лічу, што мой выбар быў правільны ў плане вызначэння месца вучобы, бо Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія з’яўляецца шматпрофільнай вну аграпрамысловага накіравання сярод краін былога СССР і Еўропы. У мяне ёсць усе прадпасылкі да таго, каб заручыцца цвёрдай тэорыяй і прымяняць яе на практыцы. Быць студэнтам акадэміі – прэстыжна. Тут адкрыты 16 факультэтаў вочнага і завочнага навучання, выбірай любы і ідзі да сваёй мэты. Прадметы выкладаюць прафесары, доктары і кандыдаты навук, дацэнты. А якую ўнікальную біяразнастайнасць рэдкіх і выміраючых раслін, экзотыкі можна знайсці ў калекцыі горацкага батанічнага сада. Не кажу ўжо пра дэндрарый, розныя аранжарэі і дэкаратыўную хвою! Акадэмія дазваляе атрымаць запатрабанаваную ў Беларусі спецыяльнасць і гарантыю працаўладкавання. Да таго ж студэнты-вочнікі атрымоўваюць павышаную стыпендыю на 15%, і пры жаданні – паралельна другую вышэйшую адукацыю. Можна нават прайсці практыку за мяжой. Аднак мне больш даспадобы малая радзіма, край, які нас выхоўвае, корміць і адорвае шчодрасцю палеткаў. А павышэнне па службовай лесвіцы толькі падкрэслівае тое, што цяпер на мяне ўскладаецца павышаная адказнасць і па вытворчасці сельгаспрадукцыі, і па забеспячэнні належных умоў працы калектыву, і па ўмацаванні іміджу гаспадаркі ў цэлым. Не пасада красіць чалавека, а сам чалавек здабывае сабе аўтарытэт і павагу.
Такая станоўчая пазіцыя маладога кіраўніка радуе і надае ўпэўненасці, што за намі ідуць неабыякавыя людзі, а на самой справе скіраваныя і па-гаспадарску зацікаўленыя ўладары сваёй шчодрай беларускай зямлі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

←"Может, ветеринаром стану, а может, на завод пойду". Выпускники о планах на будущее и мечтах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика