Калі занятасць прадукцыйная

Источник материала:  

У крыніц кожнай паспяховай справы стаіць аднойчы прынятае смелае рашэнне. І гэта сапраўды так.
Мы ўжо неаднаразова распавядалі пра прадпрымальных людзей, якія скарысталіся дзяржаўнай падтрымкай на развіццё прыватнай справы. Адзначу, што сёлета таксама была магчымасць атрымаць субсідыю праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне тым, хто прадаставіў бізнес-план і мае права на атрыманне грашовай дапамогі. Агульная сума на развіццё прадпрымальніцтва была выдаткавана на 2018 год крыху больш за 11 тысяч рублёў. На яе заявіліся чатыры будучыя індывідуальныя прадпрымальнікі і атрымалі кожны па 2900 рублёў. На што пайшлі гэтыя сродкі і чым цяпер будуць займацца прыватнікі, пра гэта мы даведаліся больш падрабязна, завітаўшы да дваіх з іх.

Калі занятасць  прадукцыйная

Мікалай Бужан  ведае аграгарадок Пціч па ўсіх напрамках, бо тут ён нарадзіўся, скончыў школу. Старэйшы з трох дзяцей у сям’і, ён добра ведаў, што прабіваць дарогу ў жыццё вясковаму хлопцу трэба ўласнымі намаганнямі. Так, пачаў з авалодвання справай трактарыста на паўгадовых курсах у Муляраўцы. Потым была служба ў арміі. Пасля вяртання ў родную вёску ўладкаваўся ў мясцовае лясніцтва конюхам, там жа працаваў і трактарыстам. У Капаткевічах на аўтасервісе асвоіў спецыяльнасці аўтаслесара і зваршчыка. Потым апынуўся на біржы працы, праз якую выпала магчымасць атрымаць спецыяльнасць плітачніка-тынкоўшчыка 4 разраду. І ўсё ж уладкавацца на працу гэта не дазволіла, бо патрабаваўся вопыт работы.

Давялося асвойваць новую спецыяльнасць у прыватніка з Багрымавіч Віктара Герасіменкі, які займаўся зборам жывіцы. Тры гады Мікалай Уладзіміравіч вывучаў гэтую справу дасканала. Зразумеў, што яна прыносіць неблагі даход.

Летась зноў апынуўся на рынку працы і вырашыў, што займацца нарыхтоўкай недраўніннай прадукцыі цяпер будзе самастойна. Сёлета ў пачатку лютага атрымаў субсідыю, за якую набыў бочкі, прыёмнікі жывіцы і іншы інструмент.

У лясгасе атрымаў дазвол на выдзяленне дзялянкі лесу ў 17 гектараў, на якой цяпер і ідзе распрацоўка па зборы карыснага прадукту. Не сакрэт, што працэс гэты вельмі цяжкі. Больш за два месяцы кожную сасну прадпрымальнік вызваляў ад кары (ад каранёвай сістэмы ўверх на адлегласці ў 80 сантыметраў). Гэта і ёсць рабочая зона. На дрэвах робіцца насечка і ўсталёўваюцца конусападобныя прыёмнікі для збору смалы. На кожным дрэве такіх па два, а ў агульнай колькасці іх устаноўлена 4 тысячы. Потым, са слоў Мікалая Бужана, ідзе “раздойванне”. Жывіца пачынае паступаць у прыёмнікі. З кожнага можна ўзяць да кілаграма жывіцы і больш. Адзначу, што перыяд збору жывіцы разлічаны толькі на цёплы час года, калі сярэднясутачная тэмпература не ніжэй за +17 градусаў.

Прадпрымальнік разлічвае, што ў яго ў запасе тры месяцы для атрымання прадукцыі. Дарэчы, што датычыць кошту, то за тону прадукцыі яшчэ нядаўна прапанавалі 1,5 тысячы рублёў. Забірае жывіцу барысаўскі завод, дзе і ідзе далейшая яе перапрацоўка.

Зразумела, пасля збору жывіцы лес будзе спілоўвацца. Адзінае, што хвалюе сёння прадпрымальніка, што з-за нашэсця караеда ў раёне можа быць уведзены карантын. Тады лесасекі выдзяляць больш не будуць. А калі справа пойдзе паспяхова, то Мікалай Уладзіміравіч намерваецца ўзяць на працу чалавека. Пакуль жа яны спраўляюцца разам з жонкай Юліяй. Яна працуе выхавальніцай у дзіцячым садку і паспявае дапамагаць мужу. А яшчэ Юлія Генадзьеўна – цудоўны дызайнер і будаўнік. У двары іх сядзібы не толькі парадак, але і зашмат архітэктурных форм. Усё гэта – ідэі гаспадыні. Разам выхоўваюць дваіх дзяцей: Ігар скончыў дзевяць класаў, Ксюша – тры.

Мы пажадалі Мікалаю Уладзіміравічу  поспеху ў ягоных пачынаннях і паехалі ў Мышанку да Аляксандра Шаўцова.


Калі занятасць  прадукцыйная

Аляксандр Сцяпанавіч вырас у Расіі, на Браншчыне. Там доўгі час адпрацаваў у вучылішчы майстрам вытворчага навучання. Некалі нават быў адзначаны за сваё майстэрства срэбнай узнагародай на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. На пачатку 90-х разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь, у Гомель. З жонкай выхавалі чацвёра дзяцей, якія ўжо дарослыя і такія ж творчыя людзі, як і бацька.

Продкі Аляксандра Шаўцова па мужчынскай лініі былі пчалярамі. Захапіла гэта справа і Аляксандра Сцяпанавіча. Так здарылася, што 20 сем’яў пчол загінулі пасля таго, як нечым атруціліся. Вырашыў тады гаспадар, што трэба вуллі перавозіць далей ад “цывілізацыі”, прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых палеткаў. Так выпадкова на карце ён выбраў Мышанку. Пяць гадоў таму набыў тут сядзібу і пачаў пераўвасабляць фантазіі ў рэальнасць.

Тое, што я ўбачыла, сапраўды ўразіла: вялізная сажалка, дзе “шыкуе” статак гусей, парнік з гуркамі, упарадкаваны ўчастак, па-сучаснаму аздоблены вясковы дом, новая лазня, дзе пакуль часова размясціў гаспадар майстэрню. Тут ён і займаецца асноўнай дзейнасцю.

Пасля доўгіх блуканняў па маскоўскіх заработках, наглытаўшыся пылу пры вырабе драўляных лесвіц для “новых рускіх”, 50-гадовы мужчына вырашыў, што прыйшла пара займацца любімай справай.

Атрымаў субсідыю і цяпер асноўная частка сродкаў, а гэта 2 тысячы рублёў, пойдуць на набыццё спецыяльнага інструменту – вальцоў для вырабу вашчыны. Дарэчы, вашчына – такі прадукт, які набыць пчалярам проста няма дзе. А пчаляроў і ў Мышанцы, і ў Церабаве зашмат.  Цяпер у іх будзе магчымасць не толькі купіць, але і абмяняць воск на вашчыну з даплатай.

Да таго Аляксандр Сцяпанавіч вырабляе рамкі, вуллі, якія значна танней, чым у спецыялізаваных магазінах. Прадпрымальнік заключыў дагавор з магазінамі “Сад і агарод” у Гомелі і Мазыры, якія забіраюць на рэалізацыю яго вырабы. Але і кожны жадаючы можа звярнуцца да майстра, які з задавальненнем вырабіць пад заказ патрэбны прадмет. Да таго, кожную раніцу мужчына выязджае са сваёй прадукцыяй і свежымі гуркамі на мышанскі рынак.

Пчолкі ў двары гаспадара ціхенька гудуць, працуюць. Меданосаў ім тут дастаткова. Цяпер вось пышна цвіце акацыя, белая і ружовая, затым – крушына, а яшчэ пазней – шматлікія лугавыя кветкі і травы, мёд з якіх, па запэўніванні гаспадара, асаблівы атрымліваецца. На яго заўсёды паступаюць заказы ад гамяльчан і іншых жыхароў рэгіёну.

Што датычыць драўлянай сыравіны, з якой майстар вырабляе свае карысныя рэчы, то яе па дамоўленасці  пастаўляе мясцовае прыватнае прадпрыемства “Алькомбудлес”, якое вырабляе еўрападдоны. Шмат рэшткаў добрых застаецца, дык чаму ж ім псавацца, калі яны яшчэ змогуць паслужыць у новых вырабах?

Поспехаў вам, паважаныя прадпрымальнікі! Няхай ваша рызыка будзе апраўдана і прынясе поспех і добры даход.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Календарное лето в Беларуси начнется с похолодания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика