“Прад’явіце вашы дакументы”

Источник материала:  
“Прад’явіце вашы дакументы”

 У райгазету звярнуўся жыхар Івацэвічаў Валерый М., які папрасіў падрабязна расказаць пра тое, як супрацоўнікі ДАІ вызначаюць ступень ап’янення вадзіцеля транспартнага сродку, калі гэтая ступень ап’янення “пагранічная” з дазволенай. Як вядома, 0,3 праміле алкаголю ў крыві з’яўляецца кропкай адліку для вызначэння стану вадзіцеля. Калі больш за 0,3 – то гэта парушэнне Правілаў дарожнага руху  і, адпаведна, буйны штраф і пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання. Калі менш за 0,3 праміле, то прэтэнзій да вадзіцеля не можа быць.


– У падобнай сітуацыі аказаўся мой блізкі родзіч. “Алкатэст” у першым выпадку паказаў больш за 0,3 праміле, у другім – менш. Зараз ён “ваюе” з міліцыяй, бо пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання для яго стане найсур’ёзнейшай праблемай. Раскажыце больш падрабязна, якога парадку дзеянняў у падобнай сітуацыі павінен прытрымлівацца супрацоўнік ДАІ, вадзіцель, медыцынскі работнік, які праводзіць медагляд…
Сітуацыю з “пагранічнай” ступенню ап’янення вадзіцеля транспартнага сродку каменціруе Васілій Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС:

– Сапраўды, падобныя выпадкі – калі алкаголь у крыві вадзіцеля балансуе паміж дазвольным і недапушчальным паказчыкам праміле – здараюцца нярэдка. Прыкладна 40 працэнтаў з ліку вадзіцеляў, каго мы затрымалі ў стане алкагольнага ап’янення, – гэта тыя, у каго назіраўся так званы “астаткавы алкаголь”. Карацей, чалавек раніцай сеў за руль аўто, не ўлічваючы, што напярэдадні ён спажываў алкаголь. І спажываў “добра”, бо калі любы з нас напярэдадні вечарам прыгубіць шклянку-другую віна, то раніцай праміле будзе ў норме, але калі вечарам піць гарэлку шклянку за шклянкай, то нават раніцай цвярозым не будзеш.

А зараз больш канкрэтыкі. Інспектар ДАІ, які спыніў аўтамабіль, абавязкова звяртае ўвагу на стан вадзіцеля. І калі ёсць падстава для падазрэння, то супрацоўнік ДАІ дзейнічае ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў №497 ад 14 красавіка 2011 года, якая рэгламентуе парадак правядзення агляду фізічных асоб на прадмет выяўлення стану алкагольнага ап’янення і (або) стану, выкліканага ўжываннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых падобных рэчываў.

Інспектар ДАІ, як прадстаўнік органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, мае права самастойна правесці агляд вадзіцеля. І гэтага агляду з прымяненнем прыбораў, якія вызначаюць ступень ап’янення чалавека, дастаткова, каб супрацоўнік ДАІ вынес канчатковае рашэнне. Агляд праводзіцца з удзелам панятых, прыбор павінен паказаць болей за 0,3 праміле. Вышэйзгаданая Пастанова рэгламентуе: калі прыбор паказаў 0,3 і болей, то супрацоўнік ДАІ мае поўнае права самастойна вынесці канчатковае рашэнне, але пры гэтым павінен улічыць магчымую памылку прыбора, якая складае ад 15 да 20 працэнтаў. Калі прыбор паказаў толькі больш за 0,3, але менш за 0,37, то супрацоўнік ДАІ павінен даставіць вадзіцеля ў медустанову для правядзення больш дакладнага аналізу. Але калі вадзіцель пагаджаецца, што ўжываў алкаголь, то адміністрацыйны працэс можа быць праведзены без медагляду.

Нязначныя “разбежкі” паміж паказчыкамі “Алкатэста” і тым, што пакажа дзяжурны ўрач, здараюцца. Калі супрацоўнік ДАІ не згодзен з вынікамі медагляду ў медустанове, ён мае права запатрабаваць здаць так званыя біялагічныя аналізы. Калі аналізы крыві паказваюць, што вадзіцель цвярозы (да 0,3 праміле), то мы просім прабачэння, вадзіцель можа ехаць далей, а калі болей за 0,3 – прабачце, гэта цяжкае парушэнне Правілаў дарожнага руху з усімі наступствамі. 
Вусная ці пісьмовая адмова вадзіцеля ад патрабавання прайсці агляд трактуецца, як знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення, што, нагадаю, вядзе да наступных санкцый: 36 месяцаў пазбаўлення вадзіцельскага пасведчання, штраф ад 50 до 100 базавых велічынь.   

Супрацоўнікі ДАІ цудоўна разумеюць, што ў падобнай сітуацыі вадзіцель будзе шукаць любыя варыянты, пойдзе на любы крок, каб пазбегнуць пакарання, якое сапраўды даволі жорсткае – пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання і штраф. Нядаўна жыхарка Івацэвічаў, якая кіравала аўто ў стане алкагольнага ап’янення, рашылася на наступны ўчынак: праз некалькі гадзін пасля медагляду, які пацвердзіў, што яна знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, яна зноў, па ўласным жаданні прайшла медагляд, які засведчыў, што зараз у яе крыві праміле амаль няма… Пасля памкнулася даказаць, што папярэднія праверкі былі памылковымі. Канешне, гэта недарэчная спроба, бо праміле ў нецвярозага чалавека паступова зніжаецца, за некалькі гадзін можа знізіцца, да прыкладу, з 0,6 да 0,1, але ж нас цікавіць стан чалавека ў той момант, калі ён кіраваў транспартным сродкам, а не пасля.

…Спакойным у падобнай сітуацыі можа быць толькі цвярозы вадзіцель. Таму, каб не трапіць у непрыгожую сітуацыю, каб не лавіраваць паміж “пагранічным” паказчыкам 0,3 праміле, сядайце за руль аўто толькі тады, калі вы поўнасцю ўпэўнены ў сваёй цвярозасці.    
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

←"Может быть свободен". Католические и православные семинаристы получили отсрочку от службы в армии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика