Людзі Смаргоншчыны: Юлія Аляксандраўна Шэміс

Источник материала:  
Пасля чацвёртага класа мой сын паступіў у гімназію. Яго залічылі пры ўмове, што за лета асвоіць адпаведны аб’ём англійскай мовы, якую ён у папярэдняй школе наогул не вучыў. Сяброўка параіла звярнуцца па дапамогу да вопытнай настаўніцы замежнай мовы Юліі Аляксандраўны Шэміс. Тое, што адбылося пасля першых урокаў, інакш як дзівам не назавеш. На другі дзень сын ведаў англійскі алфавіт. Пасля чатырох заняткаў лёгка чытаў на замежнай мове. Далей – больш: праверачны тэст у верасні напісаў не горш за сваіх новых аднакласнікаў. А закончыўшы гімназію, абраў лінгвістычны ўніверсітэт і прафесію перакладчыка. Юлія Аляксандраўна стала для нашай сям’і добрым анёлкам і прыкладам дасканалага педагога.
Людзі Смаргоншчыны: Юлія Аляксандраўна Шэміс

Цяжка пералічыць усіх яе вучняў, што пайшлі па слядах сваёй настаўніцы англійскай мовы. 

Самы знакаміты, безумоўна, дыпламат Уладзімір Шчасны. 

Яе вучнем быў і генерал Ігар Рачкоўскі. 

А колькі выдатных выкладчыкаў працуюць на шырокіх абсягах постсавецкай прасторы! Менавіта яна дала ім пуцёўку ў жыццё! 

Нават тыя, хто не абраў замежную мову, як асноўную прафесію, атрымаўшы трывалы пачатковы падмурак, не маюць моўнага бар’еру ў сённяшнім свеце суцэльнай глабалізацыі. Але акрамя ведаў Юлія Аляксандраўна шчодра дзялілася са сваімі выхаванцамі сардэчнай дабрынёй, аптымізмам, няўрымслівай энергетыкай. Яна заўжды вучыла дзяцей галоўнаму – любіць жыццё і атрымліваць асалоду ад кожнага дня, у якім ёсць месца адкрыццям, творчасці, музыцы, паэзіі.

Напэўна, таму, што сама прайшла нялёгкі шлях у вывучэнні замежнай мовы, яна з такім трапяткім хваляваннем ставілася і ставіцца цяпер да кожнага свайго вучня. Юлія Аляксандраўна імкнецца паказаць найпрасцейшы шлях да авалодання новай незнаёмай мовай, згадваючы пачатак сваёй біяграфіі, калі выпускніцай Смаргонскай СШ №2 прыехала паступаць у педагагічны вуз, а па волі лёсу аказалася на факультэце замежных моў. У школе дзяўчына з Мінкаў вывучала нямецкую мову. Цяпер ёй патрабавалася асвоіць з нуля англійскую. Не звяртаючы ўвагі на кпіны і часам адкрыты здзек з боку так званай мінскай элітнай моладзі, яна брала вышыню за вышынёй дзякуючы настойлівасці, дбайнасці, уседлівасці. Нават на сельгасработы паехала, прыхапіўшы падручнікі.

Людзі Смаргоншчыны: Юлія Аляксандраўна Шэміс

Прыроджаная здольнасць да асваення замежных моў і дапамога выкладчыкаў зрабілі сваю справу. Праз два гады навучання Юля валодала мовай лепш за многіх на курсе. Ці не таму пасля заканчэння інстытута яе накіравалі ў арганізацыю пад грыфам “сакрэтна”. Можна было здзейсніць выдатную кар’еру і хутка атрымаць стабільнае забяспечанае жыццё ў сталіцы. Вось толькі для душы там не заставалася месца. Таму праз пару тыдняў малады спецыяліст выпрасіла вызваленне ад пасады і вярнулася на сваю малую радзіму простай настаўніцай. Яна вельмі любіла дзяцей, любіла вучыць іх, дзяліцца з імі самым добрым, што мела ў сваім сэрцы. Без гэтых зацікаўленых вочак, без радасці ад вучнёўскіх поспехаў яна проста не ўяўляла свайго жыцця.

Тры гады выкладала ў Свірскай школе, затым з мужам Іосіфам Шапялём паехала па яго размеркаванні на Шаркаўшчыну. Адтуль вярнулася з маленькім сынам пасля трагічнай гібелі мужа. Боль страты дапамагала пераадольваць праца. А выкладаць англійскую мову Юлія Аляксандраўна пачала ў сваёй роднай другой школе. Праз пэўны час выйшла замуж за ўдаўца з двума дзеткамі, якія таксама сталі для яе роднымі. У шлюбе са Станіславам Шэмісам нарадзіліся яшчэ дачка і сын. Станіслаў Рафаілавіч выкладаў фізіку ў СШ №2. Ён усімі сіламі падтрымліваў сваю жонку, прычым не толькі дома і на рабоце, але і ва ўсіх яе ініцыятывах. Напрыклад, вырашыла стварыць музейны пакой – муж дапамог. Сабралася з дзецьмі ў паход, ён заўжды побач. А колькі паездак было! Разам з членамі клуба інтэрнацыянальнага сяброўства з’ездзілі ў Маскву, Ленінград, Брэст, дабраліся да Удмуртыі і да мяжы з Польшчай на Аўгустоўскі канал.

У свой час у яе сэрцы запаліў агеньчык творчасці і жыццялюбства знакаміты на Смаргоншчыне Аляксандр Дзяруга. У самадзейным калектыве яна спявала, танцавала, чытала вершы. Імпэт і пазітывізм, атрыманыя ад Аляксандра Анісамавіча, яна імкнулася перадаць сваім вучням і ў СШ 2, і ў гімназіі, дзе працавала да пенсіі і яшчэ пэўны час на пенсіі. Яна па сённяшні дзень запатрабаваная. І хаця рэпетытарствам больш не займаецца, часта да яе звяртаюцца бацькі з просьбай “падкарэкціраваць” англійскую мову іх нашчадкаў.

22 мая Юлія Аляксандраўна сустрэла сваю 85-ю вясну. На маё пытанне, як ёй удаецца заставацца такой рухомай, аптымістычнай, прыгожай, настаўніца адказала:

- Усё проста. Трэба любіць людзей, справу, якой займаешся, прыроду, любіць жыццё. Я ніколі не шукала вінаватых у тым, што адбывалася не так, як хацелася, проста рабіла работу над памылкамі – рабіла высновы. Я ж – настаўнік. А галоўны мой сакрэт - любоў да песні.

Людзі Смаргоншчыны: Юлія Аляксандраўна Шэміс

У складзе вакальнай групы “Крынічанька”, што існуе пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Цёплы дом”, Юлія Шэміс выступае на разнастайных канцэртных пляцоўках, удзельнічае ў конкурсах і фэстах народнай творчасці. І не столькі радуецца апладысментам і перамогам гурта, як цешыцца стасункамі з сяброўкамі, колішнімі калегамі, а цяперашнімі самадзейнымі таленавітымі спявачкамі. А яшчэ ганарыцца тым, што ў іх калектыве ёсць свае паэты-песеннікі, нават кампазітары. Выступленні “Крынічанькі” глыбока кранаюць сэрцы слухачоў. Кранаюць сваёй любоўю да песні, якую насамрэч выконваюць з душой.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ю. Шэміс. 

←До 28 градусов тепла ожидается в Беларуси 29 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика