Граніца на замку: была, ёсць і будзе

Источник материала:  

Мікалая Жукоўскага на Петрыкаўшчыне ведаюць,  бадай, усе. Былы пагранічнік, падпалкоўнік запасу, грамадскі актывіст, узначальвае раённую арганізацыю Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

Сам мясцовы, нарадзіўся і вырас у Першамайску. Прайшоў нялёгкі шлях Афганскай вайны, узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адзнаку па ахове дзяржаўнай мяжы”, падрыхтаваў больш за 60 афіцэраў, якімі ганарыцца краіна. За час працы настаўнікам у сярэдняй школе № 2 райцэнтра не адзін дзясятак яго вучняў уздымаўся на высокія прыступкі п’едэсталаў на самых розных спаборніцтвах і спартакіядах.

А днямі ён расказаў нам пра складаную долю пераможцаў, усвядомлены выбар, пра тых, хто не шкадаваў свайго жыцця, рызыкаваў, ішоў на бой, нягледзячы ні на што.

– Пачнём з гісторыі. 100 гадоў таму быў падпісаны дэкрэт пра стварэнне пагранічнай аховы, – распачаў аповед мой суразмоўца. – Мэтай прыняцця дакумента была барацьба з контррэвалюцыяй, знешняй разведкай, кантрабандай, каб не дапусціць вываз з маладой краіны каштоўнасцей, затрымаць шпіёнаў.

У пагранічныя войскі заўсёды ішоў сур’ёзны адбор – для службы на мяжы бралі самых лепшых.  Трэба сказаць, што многія жыхары нашага раёна з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак у пагранічных войсках.

22 чэрвеня 1941 года першымі прынялі бой менавіта пагранічнікі. Газета “Праўда” тады пісала: “Як ільвы змагаліся савецкія пагранічнікі, вораг мог ісці наперад толькі па іх трупах”.

Адважна праявіў сябе ў ліквідацыі фашыстаў 18 пагранічны атрад НКУС, які базіраваўся ў Жыткавічах.

Значны бой нямецкім  захопнікам пагранічнікі далі ў раёне станцыі Капцэвічы, знішчылі каля 600 гітлераўцаў. Яшчэ адзін – каля чыгуначнага пераезда ў Аголіцкай Рудні. Тут было знішчана каля 50 гітлераўцаў.

Самы, бадай, гістарычны бой адбыўся  каля Коржаўкі. Нашы воіны знішчылі 312-ты элітны фашысцкі полк Вермахта. Захапілі шмат зброі, тэхнікі, сакрэтных дакументаў.

У пасляваенныя гады пагранічнікі выконвалі  баявыя задачы па ліквідацыі уласаўскіх фарміраванняў.

Далей гераічныя дзеянні нашых пагранічнікаў працягваюцца ў часы Афганскай вайны. За 9 гадоў змаганняў няма ніводнага пагранічніка, які здаўся б у палон, ніводнага дызертыра.

Граніца на замку:  была, ёсць і будзе

Мікалай Жукоўскі (першы злева) з пагранічным нарадам заставы “Сельты”,
які затрымаў сем парушальнікаў мяжы, 1986 год

Напярэдадні юбілея нельга не згадаць нашых землякоў, хто рызыкаваў жыццём у Афганістане, з гонарам і доблесцю абаранялі мяжу: прапаршчык Руслан Ланька, старшына запасу Віктар Зубар, які за час баявых дзеянняў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, сяржант пагранічных войскаў Аляксандр Каляга.

 Пільнасць і адвагу праявіў на абароне мяжы СССР старшына запасу Мікалай Маліноўскі, ён з’яўляўся неаднаразовым удзельнікам затрымання парушальнікаў граніцы. Таксама адзначу маёра запасу Міхаіла Малатка, прапаршчыкаў Анатоля Забродзіна і Сяргея Грынка.

Калі я трапіў у Афганістан,  з Пакістана ішоў банд-караван, які налічваў каля 600 баевікоў. Наша задача была – іх знішчыць.

Быў толькі месяц на падрыхтоўку салдатаў. На верталёце нас даставілі ў пункт Гульхану. Праз 20 дзён пачалася баявая аперацыя. І, заўважу, прайшла яна паспяхова.  Ліквідавалі банду да двухсот баевікоў, 92 з якіх узялі ў палон і 67 – знішчылі. Капітан Эльдар Фатыхаў, камандзір баявой групы, узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі. Я – медалём “За баявыя заслугі”. Рэйды і засады не спыняліся.

Наступнай аперацыяй – Цергеранскай – мы таксама былі задаволены. Усе засталіся жывымі. Чаго не скажаш пра апошнюю аперацыю – Зардзеўскую. Крывавую, зацяжную. 25 нашых воінаў загінула ў час яе.

Я тады выносіў з поля бою параненага снайперам у шыю таварыша, ураджэнца вёскі Карма  Добрушскага раёна Уладзіміра Вашэціна. І сябар мог выжыць, але перашкодзіў туман, з-за якога верталёт нельга было пасадзіць. Горы ёсць горы.


Граніца на замку:  была, ёсць і будзе

Арсенал зброі, здабытай пагранічнікамі ў час Іскатульскай
баявой аперацыі па ліквідацыі банд-каравана, 1983 год

На вайне праяўлялі мужнасць усе. Не было такіх, хто баяўся.

Пасля я прыехаў у Петрыкаў, 23 гады працаваў настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі юнакоў у сярэдняй школе № 2.

Як вырашыў стаць ваенным? Пасля школы хацеў паступаць у Алма-Ацінскае пагранічнае вучылішча. Не вытрымаў конкурс на экзамен. Пайшоў служыць у пагранічныя войскі. Трапіў у школу сяржанцага складу. Скончыў з выдатнымі адзнакамі, адразу атрымаў званне сяржанта. Быў накіраваны начальнікам радыёлакацыйнай станцыі на заставу.

Неўзабаве прыехалі афіцэры з  вучылішча. Яны адбіралі абітурыентаў у вышэйшае пагранічнае Чырванасцяжнае вучылішча ў Алма-Аце. І я вырашыў пайсці. Скажу па сакрэце:  набраў нават лішнія балы. Многія Героі Савецкага Саюза –  выпускнікі гэтага вучылішча, іх больш за 50.

Затым быў накіраваны на самую высакагорную заставу – Мургабскага пагранічнага атрада. Вышэй гэтай заставы, казалі мы, толькі зоркі. А пасля трапіў ва Уч-Аральскі пагранічны атрад.

Дарэчы, з маіх родзічаў – пагранічнікамі былі дзядзька і брат. Дзядзька – сяржант пагранічных войскаў – загінуў недзе пад Масквой.

Калісьці прадзед служыў у казацкім пагранічным палку.  На жаль, дакладныя гістарычныя звесткі не магу знайсці.

А сёння старэйшыя  пагранічнікі прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення.


Граніца на замку:  была, ёсць і будзе

Праект помніка пагранічнікам на Петрыкаўшчыне

Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва  райвыканкама мяркуецца ўзвесці ў раёне раз’езда “Коржаўка” памятны знак воінам 18-га Жыткавіцкага пагранічнага атрада.

Напярэдадні 100-годдзя пагранічных войскаў хачу павіншаваць усіх калег, якія выконваюць свой абавязак па ахове межаў нашай краіны, ветэранаў-пагранічнікаў. Усім здароўя, шчасця, дабрабыту. Дзякуй за мірнае неба і наша спакойнае жыццё!

Запісала Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА і з архіва  Мікалая Жукоўскага.

 

←С 1 июня по 15 сентября на территории Березовского района будет проводиться специальная программа «Мак»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика