Гутарка пра бяспеку дзяцей і кадравыя праблемы

Источник материала:  

Напярэдадні летняга адпачынку дзяцей найбольшая ўвага надаецца іх бяспецы. Пра гэта была размова на сустрэчы жыхароў Грабава з членамі мабільнай групы райвыканкама на чале з намес-нікам старшыні райвыканкама Дзянісам Хулупам.

52 выпадкі траўміравання непаўналетніх зарэгістраваны сёлета ў раёне. Намеснік старшыні скіраваў увагу прысутных на вадаёмы, нявыкарыстаныя будынкі і іншыя аб’екты, дзе дзеці могуць атрымаць траўмы.

Тэма адразу знайшла водгук сярод удзельнікаў сустрэчы. Жыхарка аграгарадка нагадала, што на адной з вуліц знаходзіцца металічная ёмістасць (на здымку), якая можа ўяўляць небяспеку. Старшыні сельвыканкама Вользе Голас было рэкамендавана звярнуцца ў раённае прадпрыемства “Гомельдругмет” для ўтылізацыі металічнай канструкцыі.

Гутарка пра бяспеку дзяцей  і кадравыя праблемы

Востра стаіць тут пытанне гандлёвага забеспячэння. Рэжым працы і асартымент магазіна райспажыўтаварыства не задавальняе жыхароў. Выканаўца абавязкаў першага намесніка старшыні спажыўтаварыства Таццяна Жукавец патлумачыла тое праблемай з кадрамі. Прадавец магазіна прыязджае штодзень з Петрыкава. Вырашэннем пытання стала б магчымасць працаўладкавання на гэту пасаду мясцовага чалавека. Пакуль жадаючых прыняць магазін не знаходзіцца. Але праца ў гэтым напрамку працягваецца.

Адным з узнятых пытанняў была адсутнасць у аграгарадку фельчара. Тройчы на тыдзень, у панядзелак, сераду і пятніцу, тут працуе загадчык Сялюціцкага ФАПа Ніна Лядней. Выканаўца абавязкаў галоўнага ўрача ЦРБ Вольга Семікопенка пазначыла, што нарматыў па забеспячэнні насельніцтва медыцынскімі паслугамі выконваецца. Па стандартах адзін фельчар павінен забяспечваць не менш 700 чалавек. Насельніцтва сельскага Савета намнога менш. Рэгулярна, двойчы на месяц, прымае жыхароў аграгарадка ўрач Капцэвіцкай амбулаторыі Тамара Стакан. Тэрміновая дапамога аказваецца па выкліках “хуткай”. Сёлета колькасць маладых фельчараў, якія прыйдуць працаваць у раён, не дазваляе забяспечыць Грабаўскі ФАП спецыялістам. Але стаўка лічыцца вакантнай і пры першай магчымасці сюды будзе накіраваны спецыяліст.

Як і ў іншых населеных пунктах, тут востра стаіць пытанне якасці дарожнага пакрыцця. Дзясяткі гадоў таму пакладзены асфальт на некаторых вуліцах поўнасцю разбураны. Фінансавання для ўкладкі новага дарожнага пакрыцця не прадугледжана. Дырэктар філіяла “ДРБУ-112” Іван Века прапанаваў на праблемнай вуліцы Маладзёжнай зрэзаць рэшткі асфальту і зрабіць дарогу гравійнай. Для вывучэння сітуацыі камісійна на месца выязджалі Дзяніс Хулуп, Іван Века і Вольга Голас.

На тэрыторыі Грабаўскага сельскага Савета купанне забаронена ў наступных вадаёмах:
– пажарны вадаём па вуліцы Працы аграгарадка;
– вадаём у вёсцы Бярозаўка;
– вадаём за 500 метраў ад вёскі Вялікія Сялюцічы.
Калі ў пазначаных месцах Вы ўбачыце дзяцей без суправа-джэння дарослых, тэлефануйце ў сельскі Савет – 9-42-35, або ў камісію па справах непаўналетніх – 8-044-59-37-650.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Гутарка пра бяспеку дзяцей  і кадравыя праблемыТэма дзіцячай бяспекі ўзнімалася і прадстаўнікамі маладзёжнай інфармацыйна-прапагандыскай групы райвыканкама, што накіравалася на вытворчы цэх лясгаса ў Петрыкаве.

Першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Туравец нагадала працаўнікам арганізацыі пра летнікі, што ладзяцца ўстановамі адукацыі для школьнікаў на тэрмін адпачынку. Як высветлілася, далёка не ўсе бацькі задаволены арга-нізацыяй вольнага часу сваіх дзяцей у школах. Па-першае, навучэнцы знаходзяцца там да 16 гадзін, а бацькі прыходзяць з працы значна пазней. Такім чынам, доўгі час дзеці і падлеткі ўсё роўна застаюцца без нагляду.

Па-другое, некалькі матуль зазначылі, што арганізацыя адпачынку ў адной з гарадскіх школ пакідае жадаць лепшага – дзецям нецікава проста сядзець у кабінеце. Найцікавейшы адпачынак, па словах бацькоў, ладзяць у спартыўнай школе, але трапіць туды можна толькі на адзін сезон. Першы сакратар райкама БРСМ паабяцала пацікавіцца выкананнем плана мерапрыемстваў школьных летнікаў.

Перад прысутнымі выступіла кіраўнік кантрольнай камісіі райарганізацыі БРСМ, спецыяліст “Белдзяржстраху” Ірына Туравец. Яна распавяла бацькам пра віды і працэдуру арганізацыі страхавання, яго кошт і памеры выплат у выпадку, калі, барані Бог, з дзецьмі можа здарыцца няшчасце.

Супрацоўнікі арганізацыі пацікавіліся паслугамі страхаўшчыкоў і для дарослых.

Своеасаблівай кульмінацыяй сустрэчы стала выступленне галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Крысціны Браім. Яна расказала калектыву пра апошнія здарэнні, як кажуць, на роўным месцы, што прывялі да дзіцячага траўматызму і гібелі. Бадай, толькі гэтая інфармацыя пакінула пасля сябе не пытанні і гарачыя абмеркаванні, а доўгае маўчанне.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

←До 25 градусов тепла ожидается в Беларуси 27 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика