Дваццаць гадоў шчасця Марыі Муха

Источник материала:  
28.04.2018 10:52 — Новости Общества

Марыя Муха – добра вядомы на Ганцаўшчыне чалавек. Амаль што дваццаць гадоў яна ўзначальвала Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў, стварыла ўнікальны па сваім змесце клуб майстроў «Багач». Шчырая і самаадданая работа жанчыны не засталася без увагі. Найвышэйшую ўзнагароду ў жыцці яна атрымала з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Дваццаць гадоў шчасця Марыі Муха

«Гэта энтузіяст, гэта майстар, гэта настолькі ўлюбёны ў сваю справу чалавек!
Такіх людзей, як Марыя Іванаўна, мне давялося сустрэць у прафесійнай дзейнасці не мала. І дзякуй Богу! Бо гэта на іх трымаецца нацыянальная культура».
Галіна РУДНІЦКАЯ, старшыня секцыі вышыўкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці

Усё добра будзе
Займалася трэцяя гадзіна ночы. Народу на чыгуначным вакзале было мала. «Хутчэй за ўсё, – падумала Марыя Муха, – гэта тыя пасажыры, якія, як і я, едуць у сталіцу».
Горад Ганцавічы правёў Марыю ў дарогу нежывымі вокнамі. Людзі спалі моцным сном. А ёй здавалася нерэальным заснуць. Ужо сёння, у другой палове дня, яна сустрэнецца з самім Прэзідэнтам! Работа раённага Дома рамёстваў, якім яна кіруе другі дзясятак гадоў, адзначаецца адной з самых высокіх узнагарод – спецыяльнай прэміяй за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры.
Аднак была глыбокая ноч, час агульнага сну. Заснула і Марыя Іванаўна. У сне яна бачыла бацьку Івана Якаўлевіча. На дзіва прыгожай была іх хата. На стале быў засланы святочны абрус, на падлозе ляжалі рознакаляровыя ходнікі, ад якіх разносіўся па хаце водар свежасці і чысціні, на падаконніках цвілі герані, белыя, ружовыя, чырвоныя… Бацька ўсміхаўся, нешта гаварыў Мані (так яе звычайна называюць родныя) і запрашаў прысесці за стол. А ёй так хацелася кінуцца да бацькі на шыю і прытуліцца да калючага, але ж такога роднага твару моцна-моцна.
Сон быў кароткім. «Кожны раз, калі бачу тату ў сне, развярэдзіцца душа, – падумалася тады Марыі Іванаўне. – Хаця чаго? Калі бацька сніцца, значыць, усё добра будзе!..».
У Палацы Рэспублікі, дзе праходзіла цырымонія ўганаравання ўладальнікаў Прэзідэнцкай прэміі, было светла і ўрачыста. Не было ніякай мітусні, усё чынна, важна, далікатна. Але ж, нягледзячы на гэта, Марыя Іванаўна хвалявалася. Падымаючыся на сцэну, яна міжволі лічыла прыступкі, слухала, як такалі яе абцасікі, а ў такт ім білася трапяткое, чуллівае сэрца жанчыны. І толькі тады, калі рука Марыі Іванаўны трапіла ў вялікую і моцную руку Прэзідэнта, хваляванне адышло само па сабе на другі план, а на змену яму прыйшло пачуццё ўпэўненасці і абароненасці.

Культурны рэкет
Ідэя адкрыць Дом рамёстваў у горадзе Ганцавічы належала Ірыне Марцінкевіч, тагачаснаму начальніку аддзела культуры райвыканкама. А ў асобе свайго інспектара яна адразу ж разгледзела кіраўніцу гэтай установы.
Не аднойчы заўважала Ірына Барысаўна, як у час абедзеннага перапынку даставала Марыя Іванаўна з рыжай скураной сумачкі невялічкія пяльцы і вышывала, як расцвітаў ад радасці яе твар, калі трымала яна ў руках старадаўні тканы ручнік, як блішчалі вочы, калі расказвала пра даматканыя посцілкі, ручнікі і абрусы, што пераходзілі ў яе сям’і, нібыта ў спадчыну, ад бабулі маці, ад маці ёй і малодшай сястры Наталлі.
Шчыраваць у раённым Доме рамёстваў Марыя Іванаўна пачынала з вышывальшчыцай Вольгай Панінай. Разам жанчыны клеілі шпалеры, фарбавалі падлогу… А потым, калі сякі-такі парадак быў наведзены, развешвалі-расстаўлялі экспанаты. Дарэчы, яны самі па сабе ў Доме рамёстваў не з’явіліся. Неяк закінула жанчына торбу на плечы і пачала хадзіць па хатах, выпытваць, ці ёсць у каго вышыванкі, тканыя ручнікі ды посцілкі, а можа, нехта займаецца салома- ці лозапляценнем, сталярствам ці ганчарствам…
Свой асаблівы падыход быў у Марыі Іванаўны да людзей, атрымлівалася ў яе далікатна і пераканаўча расказаць пра важнасць справы, якую яна да канца не выканае без людской дапамогі і падтрымкі. І людзі ішлі насустрач. Хаця адна з дачок, неяк жартуючы, сказала: «А ты ніколі не думала, мама, што займаешся культурным рэкетам?..». У нечым яна мела рацыю.
У вандроўках па раёне пазнаёмілася Марыя Іванаўна з добрымі, руплівымі і самабытнымі людзьмі. Асобы – так адным словам ахарактарызавала яна неяк у размове Вольгу Дзічка з Малькавіч, Марыю Занька з Люсіна, Ульяну Віннік з Борак, Ніну Казак з Хатыніч, Аляксандра Чэбатарэнку з Шашкоў, Праскоўю Жалезную з Люсіна. Менавіта гэтыя людзі і ўвайшлі ў першы склад народнага клуба майстроў «Багач».

«Багач»
Сёння гэты калектыў носіць ганаровае званне «народны» і добра вядомы не толькі на Ганцаўшчыне, але і далёка за яе межамі. Майстры клуба – жаданыя госці на сталічных урачыстасцях, іх запрашаюць прыняць удзел у абласных выставах, творчых конкурсах, кірмашах. Але ж такога прызнання і поспеху ў рабоце «Багача» не было б, каб не таленавітыя, апантаныя любімай справай майстры, якія ніколі не скажуць «не» на запрашэнне, на просьбу аб дапамозе.
Дзякуючы гэтаму калектыву майстры раёна сталі, і без перабольшвання, блізкімі людзьмі. І гэта пацвярджаюць словы Марыі Іванаўны:
– Нездарма ў народзе кажуць, што калі аднадумцы сустракаюцца адзін раз, яны становяцца знаёмымі, два разы – сябрамі, а калі тры і больш – роднымі. І шчырыя сустрэчы «багачоўцаў» пацвярджаюць гэта.
На вялікі жаль, некаторыя з першых удзельнікаў клуба майстроў «Багач» заўчасна пакінулі гэтую грэшную зямлю. Няма Марыі Казакевіч, Яўгеніі Станкевіч, Аляксандра Чэбатарэнкі, ганаровага члена клуба майстроў, першага народнага майстра на Ганцаўшчыне Феоніі Крысюк…
Пра свой «Багач» Марыя Іванаўна можа гаварыць шмат. Але ж галоўным у гэтай справе лічыць яна, што калектыў за дваццаць гадоў сваёй работы дазволіў зусім з іншага боку паглядзець на чалавека, убачыць і ацаніць талент, які даецца ў жыцці далёка не кожнаму.
– Таленавіты чалавек сярод вялікай колькасці людзей, – лічыць Марыя Іванаўна, – гэта тая самая кветачка-красачка ў полі, якую ох як няпроста знайсці і паказаць іншым…

Талент
Ёсць легенда, паводле якой шчодры чалавек раздаваў сваім работнікам па манеце таленту. Адзін закапаў яе ў зямлю, другі размяняў, а трэці збярог і памножыў…
Майстрыхай на ўсе рукі ў вёсцы Лактышы была матуля Марыі Іванаўны – Яўгенія Краўчук. Дзякуй Богу, жыве яна і зараз, аднак іголку з ніткаю ў рукі амаль што не бярэ, зрок зусім слабым стаў. А былі часы, калі самыя прыгожыя ўзоры з тканых ручнікоў і посцілак, вышытых просцін і абрусаў «здымалі» лактышоўскія майстрыхі менавіта з яе вырабаў. Усё, што ўмела матуля, пераняла Марыя Іванаўна. Мала таго, усяму, чаму навучылася сама, з любоўю перадала тром дачушкам – Вользе, Антаніне і Любові. Старэйшая Вольга вяжа кручком і пруткамі, распісвае шкло і тканіну. Сярэдняя Антаніна вышывае крыжыкам і гладдзю. Самая малодшая робіць усё, але патрохі, Любачка – прафесійны фатограф, яна любіць сваю работу, таму і шмат часу праводзіць за ёю.
У мінулым годзе Марыя Іванаўна стала бабуляй. Маленькай Яначцы для хрышчэння на бялюткай сарочачцы вышыла яна, спалучыўшы ў адно цэлае, некалькі сакральных сімвалаў, каб была яе дзяўчынка разумнай, шчаслівай і працавітай.

Дваццаць гадоў шчасця
Аднакласнікі не разумелі Марыю, якая заўсёды была душою кампаніі, любіла творчасць, выступленні ў калектывах мастацкай самадзейнасці вёскі і раптам кінула ўсё і паехала вучыцца ў Ленінград на тэхніка-лесавода. Пасля заканчэння навучальнай установы яна яшчэ больш чым два гады будзе працаваць у лясніцтве Валагодскай вобласці, у холад і спёку, снег і дождж дабірацца на працу па дванаццаць кіламетраў… А потым вырашыць вярнуцца на малую радзіму, туга па якой не адпускала яе няўрымслівае сэрца, вярэдзіла душу. Марыя вярнулася на Ганцаўшчыну. Жыла, працавала з цвёрдай упэўненасцю: што дае Бог, усё да лепшага.
Чатыры гады таму Марыя Іванаўна пайшла на заслужаны адпачынак, хаця кіраўніцтва аддзела культуры прапаноўвала ёй працаваць дырэктарам раённага Дома рамёстваў і далей. Аднак у душы жанчына разумела: дарогу трэба саступіць маладым. Недзе гады два пабыла яна «на вольных хлябах» і зноў вярнулася, ужо майстрам па вышыўцы, на работу ў раённы Дом рамёстваў.
У пазамінулым годзе раённы Дом рамёстваў адзначыў сваё дваццацігоддзе. Вялікае, ладнае свята атрымалася з гэтай нагоды. Як звычайна, у шыкоўным нацыянальным строі, у выдатным настроі святкавала яго і Марыя Муха. І калі госці ўрачыстасці, майстры з горада і раёна, спевакі і музыканты паспешліва на развітанне паціскалі адзін другому рукі, Марыя Муха прызналася:
– Мая душа радуецца, што выпеставанае некалі «дзецішча» – Дом рамёстваў – у надзейных руках Маргарыты Саланевіч, што яно не толькі не зачахла, а прыкметна падрасло, набіраецца моцы, развіваецца. І яшчэ ніколі не перастану з удзячнасцю гаварыць пра Ірыну Марцінкевіч, бо гэта яна мне падарыла дваццаць гадоў шчасця.

«Калі мы задумалі адкрыць у Бярозе раённы Цэнтр рамёстваў, у Ганцавічах ён ужо паспяхова працаваў не адзін год. І таму Марыя Іванаўна з намі шчодра дзялілася сваім вопытам, нешта раіла, падказвала. Нягледзячы на тое, што з ёю мы аднаго ўзросту, зносіны нашы, стасункі, яе парады даказваюць, што гэтая жанчына куды мудрэйшая за мяне».
Наталля КАВАЛЕВІЧ,
дырэктар Бярозаўскага раённага Цэнтра рамёстваў

Галіна ПУПАЧ.

←В Костюковичах чествовали ветеранов труда

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика