Уладзімір Харламаў з Ганцавіч — адзін з тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС

Источник материала:  
26.04.2018 09:54 — Новости Общества

Уладзімір Харламаў з Ганцавіч — адзін з тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС

8 снежня 2016 года Генеральная Асамблея ААН абвясціла 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе і афіцыйна заявіла, што «нават праз тры дзесяцігоддзі адчуваюцца сур’ёзныя доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы», і прапанавала «усім дзяржавам – членам ААН, адпаведным установам сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншым міжнародным арганізацыям, а таксама грамадзянскай суполцы адзначаць гэты дзень».
26 красавіка 1986 года Чарнобыльская АЭС стала сімвалам буйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы.

У выніку аварыі на ЧАЭС быў поўнасцю разбураны атамны рэактар, у навакольнае асяроддзе трапілі радыеактыўныя рэчывы, а вецер разнёс іх па Украіне, Расіі, Беларусі і шэрагу іншых краін Еўропы.
У прыватнасці, былі забруджаны радыеактыўнымі элементамі 46,5 тысячы квадратных кіламетраў тэрыторыі Беларусі, дзе пражывала каля 20 працэнтаў насельніцтва краіны.
І толькі дзякуючы мужнасці і самаадданасці рабочых, вучоных, ваенных і добраахвотнікаў, якія рызыкавалі сваімі жыццямі і здароўем, выконваючы тады, у 1986 годдзе, беспрэцэдэнтныя па сваіх маштабах і складанасці работы па экстраннай ліквідацыі наступстваў гэтай трагедыі, удалося пазбегнуць больш жудасных вынікаў.
Адным з тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, быў і ганцаўчанін Уладзімір Харламаў.
– Ды што там пра мяне пісаць, – здзівіўся Уладзімір Іванавіч, калі я напрасіўся да яго на сустрэчу. – Я ж на дах атамнай станцыі не лазіў…
Ну, гэта ў ім проста гаворыць сціпласць. Сапраўды, ён, просты рабочы Ганцавіцкага завода КПД, тады нават не задумваўся аб тым, чым можа адгукнуцца камандзіроўка на Чарнобыльскую АЭС у маі 1986-га. Іх накіравалі туды разбіраць завалы разбуранай атамнай станцыі, але ніхто не сказаў, што гэтыя разваліны – вынік атамнага выбуху і знаходзіцца там небяспечна для жыцця. Больш таго:
– Нам тады паставілі задачу на месцы тых руін… будаваць новыя буйнапанэльныя жылыя дамы, – успамінае Уладзімір Іванавіч. – Уяўляеце? Нейкая «разумная галава» ў Маскве вырашыла, што на месцы забруджаных радыенуклідамі будынкаў можна будзе весці новае будаўніцтва. Мы, простыя рабочыя, і то адразу зразумелі, як толькі прыехалі ў горад энергетыкаў Прыпяць: ні аб якім будаўніцтве тут і размовы не можа быць… Без справы, праўда, не сядзелі – прыбіралі каля станцыі смецце, вядома ж, радыеактыўнае… Але хто тады пра тое думаў?..
Потым ужо, калі прайшоў пэўны час і будаўнікі на поўныя грудзі ўдыхнулі нябачнай смяротнай атруты, іх адазвалі з месца катастрофы і накіравалі ўзводзіць жылыя дамы для эвакуіраваных чарнобыльцаў за межы 30-кіламетровай зоны.
– Але і за межамі забруджанай радыяцыяй зоны, прызнанай афіцыйна, жыць і працаваць у той час было небяспечна, – распавядае Уладзімір Харламаў. – Я адчуў гэта на сабе. Ужо ў 1989 годзе рэзка пагоршылася здароўе: узняўся артэрыяльны ціск, стала балець галава, пастаянна адчуваў стомленасць… У шпіталі паставілі страшны дыягназ: хвароба мая невылечная, яна выклікана наступствамі чарнобыльскай аварыі, арганізм назбіраў радыенуклідаў… А мне ж тады яшчэ і сарака гадоў не споўнілася… Усю сур’ёзнасць становішча зразумеў пазней, калі пасля шпіталізацыі прызначылі трэцюю групу інваліднасці, а потым і другую. Здароваму маладому чалавеку! Маці плакала наўзрыд…
Цяпер Уладзімір Іванавіч ужо на пенсіі. Жыве ў райцэнтры ў двухпакаёвай кватэры, якую ліквідатару-чарнобыльцу выдзеліў завод КПД. На лёс не скардзіцца – аптыміст па натуры. Аднак пра свой удзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ўспамінаць не любіць.

Тэкст і фота
Вячаслава БУРДЫКІ.

←Гомельшчына далучылася да Еўрапейскага тыдня імунізацыі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика