Раўненне – на Надзею Зарываеву і Алену Дрыгіну
Раўненне – на Надзею Зарываеву і Алену Дрыгіну
Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага
комплексу сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама падвялі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за сакавік.
Пераможцам у раёне сярод аператараў машыннага даення стала даярка фермы Мішневічы Надзея Зарываева, якая за сакавік надаіла 13 тон 748 кілаграмаў малака.
Дарэчы, Надзея Зарываева – самая маладая даярка ў раёне. Ёй 23 гады, а яна дае фору сталым работнікам, паказвае ўсяму раёну, як трэба працаваць. Кіраўніцтва КУСГП “Мішневічы” цэніць свайго маладога работніка і давярае ёй. Не дарэмна ж у Надзеі група раздою. Можна сказаць, самы адказны і цяжкі ўчастак работы на ферме.
“Я адчуваю вялікую адказнасць за работу, бо ведаю: калі добра раздоіш першацёлку, у далейшым з яе атрымаецца малочная карова, – кажа Надзея Зарываева. – Думаю, усе 47 маладых кароў у маёй групе будуць даваць у будучым добрыя надоі”.
Сярод жывёлаводаў па доглядзе за маладняком у раённым спаборніцтве за сакавік перамагла цялятніца жывёлагадоўчага комплексу СВК “АграБаравінка” Алена Дрыгіна – сярэднясутачныя прывагі ў яе групе склалі 1300 грамаў.
Жанчына расказала, што больш за дзесяць гадоў рупілася даяркай на ферме Башні, і калі ў мінулым годзе кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала ёй перайсці працаваць цялятніцай на жывёлагадоўчы комплекс, згадзілася. “Я люблю даглядаць маладняк, вельмі цікава назіраць, як цяляты растуць і кожны дзень набіраюць вагу, – аргументавала свой выбар Алена. – Да таго ж, гэта работа для мяне не новая: будучы даяркай, прыходзілася даглядаць нованароджаных і нават выпойваць некаторых праз соску”.
Зараз у групе Алены Дрыгінай 60 цялятак. Праз суткі пасля нараджэння іх аднімаюць ад каровы, і іхняй “гаспадыняй” становіцца цялятніца. Яна выпойвае маладняк малаком, дае ваду, падсцілае ў стойлах.
Надзеі Зарываевай і Алене Дрыгінай ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на мінулым тыдні былі ўручаны падзякі і грашовыя прэміі.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у вобласці былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны. Да гонару нашага раёна, другое месца ў абласным спаборніцтве па выніках работы за сакавік сярод аператараў па адкорме жывёлы заняла цялятніца фермы Башні Алена Дрыгіна. Віншуем з працоўнай перамогай!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.