Лепшыя інвестыцыі – у спартыўныя дасягненні дзяцей...
20.04.2018
—
Новости Общества
Напэўна, мала хто ў нашых Івацэвічах так радаваўся адкрыццю і ўводу ў эксплуатацыю Лядовай арэны і плавальнага басейна, як узрадаваліся таму муж і жонка Аляксандр і Кацярына Шаршуновічы. І жывуць побач, і спортам на аматарскім узроўні займаюцца актыўна, і дзеткі якраз нарадзіліся! Як вынік, для мужа і жонкі стала прынцыповай справай зрабіць і сына Арсенія, і дачку Іаанну пастаяннымі наведвальнікамі гэтых спартыўных аб’ектаў.
І, ведаеце, што найбольш прыемна парадавала і здзівіла аўтара публікацыі? Тое, што гэтай цікавасці і апантанасці Аляксандру і Кацярыне хапіла не на месяц-другі, а на доўгія гады. Сёння старэйшы сын Арсеній – адзін з лідараў ХК “Івацэвічы” 2008-га года нараджэння, у складзе каманды гуляе на першынстве Беларусі, а малодшая Іаанна – адна з лепшых фігурыстак Беларусі ў сваёй узроставай катэгорыі. І прыклад дзецям ёсць браць з каго: іх тата – Аляксандр Шаршуновіч – капітан ХК “Івацэвічы”, “пахварэць” за яго і за галоўную каманду раёна разам з мамай дзеці прыходзілі ў Лядовую арэну з самага ранняга дзяцінства.
Але ці не памыліўся аўтар публікацыі, калі назваў Іаанну адной з лепшых юных фігурыстак рэспублікі? Ніколькі! На мінулым тыдні ў Мінску завяршылася дзіцячае першынство Беларусі па фігурным катанні – знакамітая “Зорачка”. Дзяўчынка ў ходзе выступленняў на папярэдніх этапах прабілася ў лік 15 фіналістак, якія ў ходзе фінальных спаборніцтваў вызначалі лепшых. Дык вось, Іаанна Шаршуновіч заняла ганаровае чацвёртае месца на “Зорачцы”, гэта больш чым відавочны поспех.
– Памыляецца той, хто думае, што дабіцца поспеху ў фігурным катанні можна дзякуючы ўдачы, фарту, – дзеляцца Аляксандр і Кацярына. – Шэсць дзён на тыдзень у Іаанны трэніроўкі – і гэта ў дзяўчынкі, якой толькі сем гадоў. Возім яшчэ дачку “на падкатку” ў суседнія Пружаны. Без гэтых бясконцых трэніровак немагчыма чыста выконваць самыя розныя элементы на лёдзе і перамагаць! Дадайце, што фігурнае катанне – від спорту, які прымусіць вас добра “раскашэліцца”. Толькі танцавальны ўбор каштуе каля 250 долараў, спецыяльныя канькі для фігурнага катання – яшчэ даражэй. І гэта “расходнікі”, бо юная фігурыстка расце! Канешне, выручае тое, што ў нас утварылася сапраўдная дружная сям’я, створаны бацькоўскія камітэты – дарослых, чые дзеці займаюцца фігурным катаннем, хакеем – мы сябруем, адзін аднаго выручаем...
Так, сямігадовая дзяўчынка Іаанна выступае ў спаборніцтвах у самых розных гарадах і краінах. Да прыкладу, нядаўна прайшлі спаборніцтвы “Міні-Еўропа” ў Варшаве, у ходзе якіх яна выступала з равесніцамі з Расіі, Літвы, Даніі, Францыі, Польшчы, Латвіі, іншых краін і стала бронзавым прызёрам. За тыдзень да гэтага – спаборніцтвы ў Чарнаўцах, Іаанна стала срэбным прызёрам… У планах сям’і Шаршуновічаў напачатку лета накіравацца ў Сочы, дзе трэніроўкі з юнымі фігурыстамі будуць праводзіць знакамітыя расійскія трэнеры, якія падрыхтавалі і вялі да перамог алімпійскіх чэмпіёнаў.
– Мы выбралі гэты шлях. Можна сказаць, што зваротнай дарогі няма, – падкрэсліваюць Аляксандр і Кацярына Шаршуновічы. – Але, канешне, з вялікім жаданнем інвесціруем у спартыўную будучыню дзяцей. Як яны распарадзяцца гэтым капіталам – не ведаем, але, па крайняй меры, мы робім усё, каб Арсеній і Іаанна дабіліся многага ў сваім спартыўным будучым…
Пажадаем жа поспехаў гэтым сапраўдным аматарам здаровага ладу жыцця – бацькам, і асабліва Арсенію і Іаанне.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).