Сям’я – гэта святло і хлеб

Источник материала:  

Напярэдадні Вялікадня завіталі ў Бабунічы, дзе разам з бібліятэкарам Наталляй Стракач наведалі сям’ю Бойка. Наталля Мікітаўна параіла наведацца сюды, бо гаспадары заслугоўваюць увагі і некалькіх цёплых радкоў у раённай газеце. Мы з задавальненнем пакрочылі ў госці.

У двары дома ўвіхалася маленькая Ксюшка: паўтараючы за дарослымі, дзяўчынка старалася выбіваць дыванкі, якія віселі на плоце. Маленькай кволай рукой трымала галіну з дрэва і стукала па дыванах. Пралепятала, што бабуля з дзядулем у хаце.

Фёдар Уладзіміравіч за-дзелваў у паперку тытунь, які сам вырасціў. Гаспадыня Ніна Уладзіміраўна шчыра запрасіла прысесці на канапу.

Разумеючы, што часу няшмат, не хацелася перашкаджаць людзям рыхтавацца да свята, адразу пачала задаваць пытанні.

Сям’я – гэта святло і хлеб

Шмат населеных пунктаў розных рэгіёнаў Гомельшчыны давялося змяніць сям’і, перш чым асесці ў Бабунічах. І гэта прытым, што Ніна Уладзіміраўна родам з Міхедавіч, а Фёдар Уладзіміравіч – з Бабрэчча.

– Пазнаёміліся ў Мазыры, калі я працавала на мастацкай фабрыцы, а Федзя – на чыгунцы, – паведаміла Ніна Уладзіміраўна. – Стварыўшы сям’ю, жылі на кватэры, але трэба было набываць свой куток.

Даведаліся, што на Жыткаўшчыне, у сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны бор” даюць кватэры. Паехалі туды. Першапачаткова засялілі нас у пакой пажарнага дэпо, там пяць гадоў і адмучыліся, ніякай кватэры не дачакаліся. Былі ўжо дачушкі Наташа і Галя. Оля нарадзілася там. Марынка – у Вусаве, а Валодзя ўжо тут, у Бабунічах, куды мы пасля доўгіх блуканняў перабраліся ў 1990 годзе.

Дарэчы, вёска Вусаў Лельчыцкага раёна трапіла ў спіс забру-джаных пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Там я працавала першапачаткова ў дзіцячым садку, затым пайшла фуражырам. Муж быў камбайнерам, трактарыстам, затым даглядчыкам цялятак.

Спачатку высяленне з вёскі было абавязковым, затым паведамілі, што можна пакідаць населены пункт па жаданні.

Калі здарылася аварыя, то мяне і іншых жанчын з дзецьмі адправілі ў санаторый “Прыдня-проўскі”. Мужчыны  засталіся, бо была ўборачная. Частку дамоў у Вусаве  пахавалі, некаторыя вяскоўцы засталіся там жыць.

У Бабунічы запрасіла сястра Фёдара. Саўгас выдзеліў нам зруб, які дабудоўвалі самі. Так што мы перасяленцы.

Я працавала тут у паляводчай брыгадзе, на вагавай, потым на цялятах. У 44 гады аформілася на заслужаны адпачынак як шматдзетная маці. Фёдар Уладзімравіч мой быў трактарыстам і таксама пайшоў па льгоце на пенсію ў 55 гадоў.

Маю ордэн Маці. Дзве дачкі тут, у Бабунічах, адна – у Капаткевічах, адна – у Аголіцкай Рудні, сын тут. У мяне адзіннаццаць унукаў: у Вольгі чацвёра дзетак, чакае пятае, у Марыны тры хлопчыкі, у Наташы адзін хлопец, у Галі дзве дзеўкі. Старэйшаму ўнуку ўжо 21 год.

 Трэба сказаць, што дзецям нашым дапамога  ўжо ёсць, мы заўсёды іх падтрымаем, а нам ніхто на дапамагаў, усе праблемы вырашалі самі. Але ж неяк спраўляліся. Вялікіх багаццяў не нажылі, але працавалі, не шкадуючы сябе.

Хапала часу на наведванне клуба, дзе спявала ў мастацкай самадзейнасці. Пасля смерці залвіцы больш не спяваю.

Пакуль мы размаўлялі з  Нінай Уладзіміраўнай, то Ксюша, седзячы ў мяне на руках, стала драмаць. Пасля спахапілася і спытала, калі ўжо булкі будзе з бабуляй рабіць?

Гэта, дарэчы, вельмі важны атрыбут Вялікадня, так што кулічы чакаць не будуць. Здароўя і поспеху гэтай сям’і!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Берегите природу от огня

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика