"Дзікасць поўная". У польскім Голдапе мясцовыя жыхары жорстка збілі беларусаў
8 красавіка група маладых палякаў збіла беларусаў у горадзе Голдап на паўночным усходзе Польшчы. Праваахоўныя органы праводзяць расследаванне, паведамляе «Радыё Свабода».
«Аднаму беларусу разбілі аб галаву бутэльку з півам»
Сведкам інцыдэнту ў Голдапе быў сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, які працуе на мясцовым прадпрыемстве металічных вырабаў Iryd. Ён якраз ішоў разам з сынам па другім баку вуліцы.
Паводле Макева, некалькі маладых палякаў з Голдапу напалі на семярых беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе. Хуліганы выкарысталі слезацечны газ, аднаго з беларусаў збілі бутэлькай па галаве. Беларусы вярталіся з паказальных аўтамабільных выступаў у гатэль.
«Ішлі па вуліцы, наперадзе былі прыкладна сем беларусаў. Маладыя палякі, іх было каля пяцёх, завязалі жорсткую бойку. Пусцілі ў вочы беларусам пярцовы газ і потым сталі жорстка збіваць. Некаторыя з беларусаў паспелі адрэагаваць. Палякі адышлі ў бок. Я падышоў да нашых хлопцаў, пытаюся, што здарылася? Яны сказалі, што нікога не чапалі, а тыя завязалі бойку», — распавёў Алесь Макаеў.
Потым, паводле Макаева, палякі зноў атакавалі беларусаў.
«Там ужо дзікасць была поўная. Зноў пачалі распыляць газ у вочы, мне таксама дасталася: пырснулі так, што нічога не бачыў. Аднаго паляка я трымаў, а астатнія развязалі жорсткую бойку. Аднаму беларусу на поўным маху разбілі аб галаву бутэльку з півам. Наколькі я ведаю, на наступны дзень палякі прыйшлі з дрынамі і каравулілі беларусаў», — расказаў Макаеў.
Паводле суразмоўцы, адна з версій — палякам не спадабалася, што беларусы размаўлялі «па-руску».
«Але не ўсе беларусы валодаюць польскай мовай. Таму руская мова тут часта гучыць, бо беларусаў многа. Канфліктаў з-за гэтага звычайна няма. Магчыма, хто незадаволены, што беларусы тут працуюць. Але яны выконваюць цяжкую працу».
Па словах Макаева, двое беларусаў, якім «больш за ўсіх дасталася», размаўлялі з польскімі дзяўчатамі, пачалі з імі абдымацца і рабіць сэлфі.
«Магчыма, і гэта справакавала канфлікт. З-за дзяўчат тут бываюць такія жарсці», — заключыў суразмоўца.
Алесь Макаеў распавёў, што пакуль не даваў паказанняў паліцыі, а бойка, хутчэй за ўсё, зафіксаваная на відэакамэру.
«Падазраваным пагражае пазбаўленне свабоды да 7,5 гадоў»
Паліцыя ў горадзе Голдап адмовілася каментаваць справу ў сувязі з тым, што ўся дакументацыя перададзена ў пракуратуру. Прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Сувалках Рышард Тамкевіч паведаміў, што інцыдэнт узнік на глебе «нацыянальнай прыналежнасці».
«Я пацвярджаю, што пракуратура вядзе праверку наконт збіцьця 8 красавіка каля 19-й гадзіны двух грамадзянаў Беларусі ў горадзе Голдап трыма грамадзянамі Польшчы, а таксама выкарыстання газу і парушэння цялеснай недактыкальнасці адносна пяці іншых грамадзянаў Беларусі - з прычыны іх нацыянальнай прыналежнасці», -сказалі ў акруговай пракуратуры.
Падазраваныя былі затрыманыя. Ім пагражае да 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Таксама пракурор выдаў пастанову, якая забараняе падазраваным набліжацца да пацярпелых і да месца, дзе ў Голдапе знаходзяцца грамадзяне Беларусі.
«Над падазраванымі вядзецца паліцэйскі кантроль», — дадаў Рышард Тамкевіч.
«Ужо не першы інцыдэнт у Голдапе»
Паводле Макаева, гэта ўжо не першы інцыдэнт у Голдапе. Летась двое палякаў збілі рыдлёўкамі ў твар чатырох беларусаў.
«Гэта была вельмі жорсткая бойка. Але тады, здаецца, ніякай крымінальнай справы не пачыналі», — сказаў Макаеў.
Двое з пацярпелых хлопцаў працавалі на яго змене на прадпрыемстве металічных вырабаў Iryd, астатнія ўладкаваліся тут нядаўна. Пасля інцыдэнту некаторыя з’ехалі.
Усяго на розных прадпрыемствах у 15-тысячным Голдапе, паводле ацэнкі Макаева, працуе каля двухсот беларусаў, ёсць таксама ўкраінцы.