Святочны канцэрт у падарунак для прытулку падрыхтавалі вучні смаргонскай сярэдняй школы №7
15.04.2018
—
Новости Общества
14 красавіка ў дзіцячы сацыяльны прытулак Смаргонскага СПЦ разам са сваім класным кіраўніком Людмілай Антонаўнай Захарэвіч завіталі вучні 7 “В” класа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №7 г. Смаргоні”. Яны падрыхтавалі цікавы святочны канцэрт, прымеркаваны да свята Вялікадня.
Выхаванцы прытулку пазнаёміліся з падлеткам, які майстэрскі выконвае бітбокс, з дзяўчатамі, якія прыгожа танчаць і спяваюць сучасныя песні. Вельмі ўразіў спектакль “Папялушка” на сучасны манер.
Аказваецца, фея з казкі працуе місіянерам ў далёкіх краінах, а пераносіць усе нягоды жыцця з мачахай сучаснай "Папялушцы" Каці дапамагала вера ў Бога. Казачная гісторыя скончылася добра, выказваем і мы вялікую ўдзячнасць за арганізацыю гэтага мерапрыемства і за салодкія падарункі выхаванцам.
Ларыса ТАТАРЫНАВА, дырэктар Смаргонскага СПЦ.
Фота аўтара.