Дзе сяліцца буслам?

Источник материала:  
Дзе сяліцца буслам?

 Голас жанчыны быў непадробна ўсхваляваны:

– Вясна прыйшла, буслы прыляцелі. І вось так шкада зараз глядзець на іх: кружацца над нашым Даманавам, шукаюць, а няма іх буслянак. На нашай вуліцы на электрычных слупах было, мо, пяць гнёздаў буслоў. Ды ўсе паскідалі электрыкі. І што  цяпер рабіць птушкам? Куды ляцець?  За гэтую вясну ім ужо не звіць гнёздаў, значыць, застанецца пяцёра сямей без дзяцей…
Гэта расказвала жыхарка аг. Даманава Любоў Мікалаеўна.

Насамрэч, пытанне аб буслянках на слупах ліній электраперадач актуальнае для ўсёй Беларусі. І зусім яно не жартоўнае. Паглядзім на гэтую праблему вачыма нашых энергетыкаў. Вось што расказвае галоўны інжынер Івацэвіцкага раёна электрасетак Вячаслаў Бурдзь:
– Так, мы вымушаны былі зняць некалькі буслянак у Даманаве. Але тое было прадыктавана станам электрычнай лініі. За доўгі час такога суседства на слупах з гнёздамі лінія перастала працаваць надзейна і гарантавана забяспечваць электраэнергіяй спажыўцоў. І  мы атрымлівалі скаргі ад людзей. У сырое надвор’е гняздо бусла нярэдка выклікае кароткае замыканне, мы можам губляць электраэнергію. Скажу болей: правіламі электразабеспячэння на электрычных слупах не дазваляецца мацаваць нічога старонняга, што не адносіцца непасрэдна да функцыі электразабеспячэння…

Такім чынам, трэба прызнаць, што буслы шкодзяць энергетыкам. Устаноўка новых ліній, калі провад у ізаляцыі, не ратуе, бо ад прадуктаў жыццядзейнасці птушак ізаляцыя псуецца за кароткі час. Нашы энергетыкі не аб’яўляюць вайну птушкам і не збіраюцца агулам скідаць усе буслянкі з электрычных слупоў. Аднак, яны мусяць пазбаўляцца ад іх у выпадках правядзення неабходнага рамонту, ці капітальнага рамонту ліній, замены слупоў. Разам з тым, каля 70 працэнтаў гнёздаў буслоў на Брэстчыне якраз знаходзяцца на слупах ліній электраперадач.

У Беларусі вядомая практыка, калі энергетыкі ішлі на дадатковыя затраты і ўстанаўлівалі спецыяльную пляцоўку на слупе пад буслянку. Раней гэта было зроблена і на Брэстчыне, у некаторых раёнах было ўстаноўлена каля 200 платформ. Але гэта, па-першае, не ратуе ўрэшце правады ад памёту птушак, рана ці позна ізаляцыя іх пашкоджваецца. Па-другое, буслы ў палове выпадкаў проста не засяліліся ў прапанаваныя “кватэры”. Птушцы не загадаеш. Да ўсяго, павялічваецца істотна нагрузка на сам слуп, ён губляе сваю трываласць. Даводзіцца раз у 5-6 гадоў ісці на дадатковыя затраты – скідаць частку буслянкі, каб аблегчыць нагрузку на слуп, бо пяцігадовае гняздо можа важыць да 500 кілаграмаў.
Буслянак на слупах у нашым раёне па вёсках вельмі многа. Радзей птушкі робяць свае гнёзды на дахах гаспадарчых пабудоў, ці нават хат, і тут, скажам прама, цярпенню  гаспадароў можна пазайздросціць і ім захапляцца, бо бусел – птушка не маленькая, і памёту ад яго застаецца нямала. Ды і пакрысе развальваюцца старыя пабудовы з буслянкамі…

Дзе сяліцца буслам?
Іншым разам  буслянкі можна сустрэць на вялікіх і моцных дрэвах (напрыклад, на могілках на дубе ў Аброве), але сёння на практычна ўсіх могілках дрэў не засталося, і буслам са знікненнем буслянак з электрычных слупоў перасяляцца не будзе куды. Бо знікаюць і вялікія дрэвы ў вёсках…
Да ўсяго, дрэва павінна мець месца пад буслянку: ці то зламаную ветрам, ці то спецыяльна зрэзаную верхавіну. Але зноў жа, з птушкамі не дамовішся: і быццам бы добрае месца, з нашага пункту гледжання, буслам можа не спадабацца.

Як выйсце, у многіх кропках Беларусі тыя ж энергетыкі ці мясцовыя жыхары спрабуюць ставіць асобныя бетонныя слупы з устаноўленым каркасам пад гняздоўе. Але практыка паказала: упэўненасці ў тым, што гэтае месца будзе гарантавана заселена бусламі, няма. Вось нешта не спадабалася птушкам – і яны абмінаюць зробленае чалавекам для іх. Да таго ж, затраты на гэта вельмі істотныя. Слуп павінен стаяць вельмі надзейна, бо маса буслянкі немаленькая, павялічваецца год ад года, пры моцным ветры яна, як ветразь, – адзінокі слуп можа ўпасці. А калі раптам здарыцца такое і пацерпіць нехта ці нечая маёмасць – каму адказваць? Таму, хто паставіў той слуп?

На сваім падворку кожны чалавек можа рабіць для буслоў, што пажадае. Але такое суседства не кожны прыме даспадобы, і няма сэн-
су вінаваціць людзей у нежаданні мець свайго бусла на даху ці над дахам дома.
Тым не менш, знаходзяцца людзі, якія свядома ідуць і на неспакой, і нязручнасці, і на матэрыяльныя затраты – і самі ставяць бетонныя слупы, ладуюць аснову пад буслянкі. Мабыць, гэта сапраўдная альтэрнатыва існуючаму стану рэчаў, бо з цягам часу, хочам мы таго ці не, але энергетыкі будуць вымушаны пазбаўляцца пакрысе буслянак на электрычных слупах.
Як патлумачылі ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, хоць бусел і знаходзіцца пад аховай, але энергетыкі не парушаюць закон, скідваючы буслянкі пры неабходнасці са слупоў: яны тое маюць права рабіць у пэўны час, да пачатку гнездавання. Колькі ўсяго ў нашым раёне гняздуецца буслоў? Колькі налічваецца буслянак у населеных пунктах? Да прыкладу, у трохі меншым па памеры Лунінецкім раёне маніторынгам інспекцыі трохгадовай даўнасці было налічана ў населеных пунктах раёна 380 буслянак. Мабыць, прыблізна столькі і ў нас.
І ці стане іх менш – залежыць толькі ад нас саміх.
Валерый ГАПЕЕЎ.
←"Белпочта" досрочно выплатит пенсии за 17 апреля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика