Да цялятак – як да малых дзетак…

Источник материала:  
04.04.2018 12:07 — Новости Общества

Да цялятак –  як да малых дзетак…

Наталля Скрыган – карэнная дзяніскаўка. У Дзяніскавічах яна нарадзілася, вырасла і цяпер жыве, працуе цялятніцай на жывёлагадоўчай ферме ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Ганцавіцкі райаграсэрвіс».

Што цікава, Наталля Яўгенаўна гадоў на пяць была памяняла сферу сваёй дзейнасці і замест цялят даглядала… адзінокіх пажылых людзей, працавала сацыяльным работнікам.

– Але хутка я зразумела, што гэта работа не для мяне, – распавядае Наталля. – Людзей аказалася даглядаць складаней, чым цялят. І нават не ў фізічным плане, а ў маральным. І тады я зноў вярнулася да цялятак – з імі прасцей і лягчэй, яны шчыра адгукаюцца на клопат і ласку, як малыя дзеткі, вельмі добра адчуваюць, калі ты да іх з душою.

Дарэчы, праца ў жывёлагадоўлі даўно стала сямейнай справай. Маці Наталлі Любоў Савельеўна ўсё жыццё працавала даяркай, бацька Яўген Пракопавіч – таксама на ферме, падвозчыкам кармоў рабіў, і брат Віталь змяніў яго на гэтай жа адказнай пасадзе. Як жывёлу накорміш – такая і аддача будзе.

– Я з дзяцінства не бачыла сябе ні ў якой іншай прафесіі, – успамінае Наталля. – Мне, можа, і пяці гадоў не было, калі пачала бегаць да маці на ферму, дапамагала ёй карміць і даіць кароў. Мне гэта справа вельмі падабалася. Можна сказаць, на ферме і вырасла. А цяпер люблю з цяляткамі вазіцца.

Ды не проста вазіцца – Наталля Скрыган па праве лічыцца лепшай цялятніцай у акцыянерным таварыстве. Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, грашовымі прэміямі, падзякамі не толькі ў ААТ «Ганцавіцкі райаграсэрвіс», але і на раённым узроўні.

Акрамя грамадскай, у Наталлі Яўгенаўны і свая вялікая гаспадарка.

– Карову, праўда, ужо не трымаем, цяжкавата, – кажа Наталля Скрыган. – Затое іншай хатняй жывёлы хапае. І свінні ёсць, і качкі, і куры… Для папаўнення пагалоўя набылі інкубатар. Вунь ужо маленькія качаняты пішчаць, хутка пабягуць па малодзенькай траўцы. Муж добра дапамагае па доглядзе за хатняй жывёлай. Раніцай, калі мне трэба на ферму, ён і свіней пакорміць, і птушак. Ды і ўвечары практычна ён заўсёды па гаспадарцы, я ж позна вяртаюся дадому, а трэба яшчэ і вячэру прыгатаваць. Калі б не муж, не ведаю, як бы і спраўлялася. Валодзя ўжо на пенсіі, але яшчэ працуе ў лясніцтве вальшчыкам лесу. Таксама работа нялёгкая – за дзень, бывае, так наробіцца, што ледзь ногі дахаты прыцягне. Ды адразу за хатнія справы бярэцца.

Дзеці Наталлі таксама ў бацькоў пайшлі – такія ж працавітыя і старанныя. Старэйшая Даша вучыцца ў Столінскім аграрным каледжы на бухгалтара. Цяпер яна на практыцы ў роднай гаспадарцы. А малодшая дачка Насця – яшчэ школьніца, у дзясятым класе займаецца. Разумніца, вучоба ёй лёгка даецца. Пасля заканчэння школы марыць паехаць вучыцца ў Мінск. Праўда, прафесію канчаткова яшчэ не выбрала, але арыентуецца таксама на сельскую гаспадарку.

Вячаслаў БУРДЫКА.

Фота Галіны МІКАЛАЕВАЙ.

←"Я тут, я с тобой, не бойся". В Старобине мужчина принял роды у жены, слушая скорую по телефону

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика