"Станьце на дыбачкі". Гiсторыя неўролага, якая праводзiць медагляды кiроўцаў па-беларуску

Источник материала:  
21.02.2018 11:53 — Новости Общества

«Заплюшчыце вочы», «станьце на дыбачкі», — кажа пацыентам неўролаг Тамара Антановіч. Калі вы праходзілі ў Мінску медкамісію, каб атрымаць правы кіроўцы, — маглі сустрэць гэтую доктарку. Да міжнароднага дня роднай мовы — пра тое, што трэба, каб пачаць размаўляць па-беларуску, распавяла TUT.BY Тамара Антановіч.


Тамара Антановіч — доктарка. Яна расмаўляе па-беларуску паўсюль крыху менш за 20 гадоў

Чацвёрты паверх 24-й паліклінікі спецмедаглядаў у Мінску, кабінет неўролага. Тут працуе доктарка Тамара Антановіч, якая заўсёды размаўляе толькі па-беларуску.

— Як стала нашая незалежная дзяржава — ад гэтага часу, — удакладняе.

Тамара Антановіч называе сваю паліклініку добрым месцам для роднай мовы. Калегі падтрымліваюць: медрэгістратар добра ведае беларускую, аталарынголаг Алена Мацюк заўсёды падтрымае размову з беларускамоўным чалавекам, а неўролаг Нэлі Страцкевіч па-беларуску размаўляе з дзецьмі і ўнучкай. Спецыяльных бланкаў, каб даваць некаторым пацыентам даведкі на роднай мове, тут хапае.

На форумах з водгукамі пра сталічныя паліклінікі, пацыенты прыгадваюць неўролага з 24-й і яе фірменныя фразы: «станьце на дыбачкі», «заплюшчыце вочы». Пачуўшы гэта, Тамара Антановіч смяецца:

— Так, пра мяне. Кажу такое.

— Ці ёсць нейкія фразы па-беларуску, якія людзі не адразу разумеюць?

— Ну, напрыклад — страта прытомнасці. Калі хто не разумее, адразу перакладаю, што на рускай мове гэта «потеря сознания», «обмороки». Але пераважная большасць усё разумее. За год быў толькі адзін мужчына, які сказаў, што, хоць нарадзіўся ў Беларусі, але ненавідзіць беларускую мову. І адна жанчына была, якая сказала: «Я не магу, не буду вас слухаць». Кажу: ну добра, будзем вам перакладаць. А бывала, што і рукі за беларускую мову цалавалі, і дзякавалі, што нарэшце пачулі беларускую мову ад доктара. Хаця — мы ж не адзіныя. У РНПЦ псіхічнага здароў'я ёсць доктар, у якога ўсё — па-беларуску. Ён сюды пару разоў прысылаў эпікрызы — гэта проста песня! Глыбокі чалавек.


Аталарынголаг Алена Мацюк у кабінеце калегі. Яна таксама лёгка размаўляе па-беларуску. Праўда, калі ініцыятыва ідзе ад пацыента

Тамара Антановіч значную частку жыцця размаўляла па-руску, вучылася ў рускамоўных школах.

— Была знаёмая з пісьменнікамі, наведвала дом літаратараў. Памятаю, як аднойчы спахапілася: якая ж мелодыка мовы! Але ніяк не магла ўзяцца, пачаць размаўляць. А ў 90-я выйшла шмат літаратуры: дазналася, як мову знішчалі, было страшна крыўдна. Ведаеце, было ж, што людзі саромеліся сваёй мовы: казалі, што, калі па-беларуску, то значыць, чалавек неадукаваны, «колхозник». Памятаю, Алесь Адамовіч на юбілеі ў доме літаратараў казаў: «Вы што? На беларускай мове размаўляе ўся эліта: фізікі, хімікі, ўся Акадэмія навук, мастакі…»

Тамара Антановіч прыгадвае: калі ў 90-я ў школах пачалі распаўсюджвацца беларускамоўныя класы, некаторыя бацькі паднялі гвалт.

— Казалі, што складана дзецям! А я сказала: «Праз месяц буду з вамі размаўляць!» Узяла слоўнікі, схадзіла ў Ленінскую бібліятэку, паглядзела медычную літаратуру — і ад гэтага часу толькі па-беларуску.

Тамара Антановіч пераходзіла да беларускай мовы паступова: спачатку размаўляла ў аўтобусах, у краме. Зусім лёгка пайшло пасля таго, як па-беларуску выступіла на канферэнцыі.

За ўсё сваё беларускамоўнае прафесійнае жыццё доктарка ніводнага разу не сустрэла тэрміна, які нельга выразіць на роднай мове. Але сустракала ў жыцці людзей, якія не разумелі ці рабілі такі выгляд.

— Аднойчы прыйшла ў майстэрню, сказала: «Вазьміце, калі ласка, парамантуйце парасон». Там жанчына ад злосці аж звар’яцела: «Што гэта такое?!». Але за мяне заступілася чарга (смяецца).

Сёння добры час, лічыць жанчына, каб размаўляць па-беларуску. У 90-я, прыгадвае, за мову магла схапіць міліцыя — думалі, што з Народнага фронту.

— У мяне такога не было, але былі такія выпадкі. Зараз непараўнальна лягчэй. Мне шанцуе: вакол мяне заўсёды людзі, якія мяне разумеюць. Можа, хто і вешаў які ярлык, але ў вочы мне пра гэта ніколі не сказалі. Муж добра размаўляе па-беларуску. Дачка ў жыцці — не, але яна навучае замежнікаў англійскай мове і, бывае, вучыць іх цікавым беларускім словам.

— А ў вас якое любімае беларускае слова?

— Валошкі (ўсміхаецца). Я некалі працавала ў шпіталі, дык у мяне быў пацыент з Новасібірску. Спачатку ён вырашыў, што я нацыяналістка страшная. А потым развітваліся — і аказалася, што ён зрабіў цэлы слоўнічак з цікавымі беларускімі словамі: «вясёлка», «валошка». Казаў: «Паеду і пакажу, якія ў беларусаў словы прыгожыя».

Тамара Мікалаеўна адзначае: сёння ей сустракаюцца пацыенты, якія першыя пачынаюць размаўляць на беларускай мове. Некаторыя лёгка пераходзяць на беларускаю ў размове.

— Бывае, чую: адказвае так цудоўна, так прыгожа. Пытаюся: «Заўсёды размаўляеце ў жыцці?». Ён: «Не, але ў мяне ёсць беларускамоўнае асяроддзе». Разумееце? Яны кучкуюцца!


— Ведаеце, што зараз модна хадзіць на гурткі па беларускай мове?

— Ведаю «Мова нанова». Збіралася, але ніяк не трапіла. Аднойчы пайшла на лекцыю ў галерэю «Ў» каля плошчы Перамогі, але не знайшла, дзе яна хаваецца. Ну і сышла, але ведаю, што лекцыі цікавыя.

— Як можна пашырыць беларускамоўнае асяроддзе ў краіне? Якія патрэбныя крокі?

— У нас вельмі многа носьбітаў беларускай мовы, — разважае Тамара Антановіч. — Хай яны размаўляюць! Тыя ж музейшчыкі: ў музеі ён цудоўна валодае мовай, а як выйшаў з працы — пераходзіць на рускую. Музей Багдановіча люблю — ведаю, што іх супрацоўнікі і ў жыцці па-беларуску размаўляюць. У мяне некалі быў настаўнік беларускай мовы — Мікалай Паўлавіч Іваноў. Размаўляў па-беларуску і ў школе, і на паседжаннях, з усімі. А зараз — настаўнік выйшаў з класа і перайшоў на расейскую: вось гэта праблема. Вось калі людзі будуць размаўляць па-беларуску, нават выходзячы з асяроддзя — тады нешта зменіцца.

На развітанне неўролаг раіць чытаць Караткевіча, дзіцячыя беларускамоўныя кніжкі, часцей глядзець у слоўнікі, хадзіць на беларускамоўныя спектаклі ў тэатры.

— Вось мы з вамі сёння паразмаўлялі. Вы выйдзеце — можаце даць абяцанне, што ад гэтага часу — усё па-беларуску? — пытаецца. — Э, вось калі зможаце, тады і будзе з нашай размовы толк.


←В Бресте пройдут мастер-классы для будущих мам и молодых родителей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика