У Ашмянскі раён прывезлі высакародных аленяў, каб потым выпусціць на волю
Аленяў у Ашмянскі раён прывезлі з Іўеўшчыны. Новае месца жыхарства — вальер, які раскінуўся на сем гектараў. На агароджанай высокім плотам тэрыторыі створаны ўсе ўмовы, каб лясныя жыхары адчувалі сябе бяспечна і камфортна. Сярод іх пятнаццаць самак, адзін дарослы самец і дванаццаць сегалеткаў - так называюць жывёл, якім яшчэ не споўніўся год, распавядае «Ашмянскі веснік».
Жывёлы пад пільным кантролем егера і паляўнічых будуць знаходзіцца тут да восені. Калі з’явяцца на свет аляняты і змогуць упэўнена трымацца на нагах, увесь статак выпусцяць на волю. У лесе ім давядзецца самастойна здабываць корм, павялічваць папуляцыю, ратавацца ад небяспекі, ў тым ліку з боку драпежнікаў і людзей.
Старшыня раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Іван Шэпет расказаў, што ў раёне алені з’явіліся дзякуючы дзяржаўнай праграме па абароне леса «Беларускі лес» з 2016−2020 гады, згодна з якой прадугледжана развядзенне і гадоўля дзікіх жывёл у рэспубліцы.
Тэрыторыя, на якой цяпер знаходзяцца алені, зачынена ад чужых людзей, а ў вальер заходзіць забараняецца. Ветэрынар Ірына Мацкель адзначыла, што жывёлы знаходзяцца ў выдатным стане і за імі будуць назіраць і далей.