У Брэсце доктара навук не прынялі ў выбарчую камісію з-за адсутнасцi досведу
Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская з Брэста не здолела трапіць ва ўчастковую выбарчую камісію — камісію першага ўзроўню на мясцовых выбарах, якія пройдуць 18 лютага ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
У Брэсце адбылося паседжанне адміністрацыі Маскоўскага раёну па пытанні ўтварэння ўчастковых камісій, на якім прысутнічала Ірына Лаўроўская.
«У мяне было сабрана 10 подпісаў грамадзян, якія накіроўвалі мяне ў камісію на ўчастку № 54. Усяго было 20 прэтэндэнтаў стаць чальцамі камісіі. З гэтых 20 ім трэба было выбраць 15. Калі пачыналі галасаваць, то адразу напісалі, што я „не рэкамэндаваная“, бо ў іх была рабочая група, якую ўзначаліў Аляксандар Залатухін, намеснік начальніка аддзелу ідэалогіі Брэсцкага гарвыканкаму… Я запярэчыла, якім жа крытэрам не адпавядае мая кандыдатура. Яны адказалі, што я раней не брала ўдзелу ў выбарчых камісіях. Значыць, каб быць чальцом гэтай камісіі, трэба мець стаж удзелу», — распавяла Ірына Лаўроўская.
Доктар навук Ірына Лаўроўская была здзіўленая, што на такой падставе не ўключаюць у камісіі адукаваных людзей.
«Маёй кваліфікацыі дастаткова, каб арыфметычна палічыць колькасць бюлетэняў, колькасць выбарнікаў. Я пра гэта і сказала ў часе паседжання, але вочы долу апусцілі і прагаласавалі супраць. На гэтым паседжанні прысутнічалі яшчэ некалькі чалавек з дэмакратычных партый, арганізацый, усе адукаваныя людзі. І нікога з гэтых людзей, якія мелі досвед быць кандыдатамі, назіральнікамі на выбарах, яны не ўключалі», — паведаміла Лаўроўская.