На гродзенскіх Фарных могілках знік крыж з магілы роднага брата Элізы Ажэшкі
Старыя Фарныя могілкі ў Гродне панеслі чарговую страту. На могілках працягваюць знікаць металічныя крыжы. На гэты раз крыж знік з магілы Яна Вiдацкага, роднага брата Элізы Ажэшкі па маці, паведамляе hrodna.life.
Апошні раз крыж бачылі на могілках у жніўні гэтага года. А ўжо ў канцы верасня пасля чарговай экскурсіі, крыж на магіле Вiдацкага не знайшоў гісторык Андрэй Вашкевіч.
«Апошнія гады чыгунны крыж на магіле брата Элізы Ажэшкі проста стаяў ля гранітнага надмагілля, яго нехта зламаў гадоў дваццаць таму, але ён быў, — распавядае Андрэй Вашкевіч. — Я часта бываю на могілках і на памяць вывучыў стан многіх магіл, у тым ліку і Яна Вiдацкага. А на апошнія выходныя, калі вадзіў калегаў па могілках, то не знашоў крыжа ў надмагілля брата Ажэшкi. Хочацца верыць, што крыж прыбралі камунальныя службы і куды-небудзь яго схавалі. Бо магіла вельмі важная, амаль ніхто з турыстаў, нават аматараў біяграфіі Элізы Ажэшкі, не ведае, што апрача сястры Камілы яна мела яшчэ і брата па маці - Яна».
Ксёндз Яўген, які прыглядае за старымі Фарнымі могілкамі за апошні час прапажу не фіксаваў. Але куды мог падзецца крыж з надмагілля Яна Вiдацкага, ён сказаць не можа. Паспрабуе спытаць у прыхаджан і ў людзей, якія час ад часу прыбіраюць могілкі.
Саму ж магілу Яна Вiдацкага ў свой час адшукалі краязнаўцы Алесь Госцеў і Фёдар Ігнатовіч па інфармацыі, якую ім дала польская даследчыца. Акрамя гэтага на гродзенскіх могілках пахавана і маці Элізы Ажэшкі Францішка Відацкая.
З пачатку 1980-х гадоў, як на каталіцкіх, так і на праваслаўных могілках, якія ўяўляюць сабой адзіны каштоўны комплекс, знікла вялiкая колькасць помнікаў і крыжоў. У апошнія гады ішлі размовы пра ўключэнне комплексу ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Міністэрства культуры адмовіла, матывуючы тым, што стан могілак не адпавядае гэтаму і што яно працягвае функцыянаваць, хоць па вялікім рахунку юрыдычны статус могілак не вызначаны. Фармальна яно зачынена ў 1973 годзе, але да гэтага часу людзі працягваюць туды падхоўваць сваіх родных, ствараць новыя магілы.
Старыя гродзенскія могілкі знаходзяцца практычна ў самым цэнтры горада на вуліцы Антонава. На высокіх пагорках, амаль на трох гектарах зямлі, знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія пахавання. Пісьмовых крыніц пра дакладны час заснавання няма. Але першыя пахавання, якія змаглі ідэнтыфікаваць гісторыкі, адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Польскія, як яшчэ кажуць, каталіцкія могілкі, былі заснавана ў 1792 годзе. Пазней з’явілася і праваслаўная частка могілак.