Аршанцы патрабуюць не будаваць новыя дарогі на месцах масавых расстрэлаў 1930-х гадоў

Источник материала:  
27.09.2017 15:26 — Новости Общества

Падчас грамадскага абмеркавання плану забудовы Оршы высветлілася, што аддзел архітэктуры плануе будаўніцтва дзвюх новых аўтадарог. І абедзьве яны запраектаваны на месцах сталінскіх рэпрэсій.


Паводле генплана перспектыўнай забудовы, новыя дарогі павінны стварыць «магчымасць для зручнага транспартнага злучэння паміж гарадскімі ўтварэннямі». Генеральны план з анатацыяй да яго выкладзены на сайце Аршанскага райвыканкама.

У анатацыі згадваюцца значныя падзеі ў гісторыі горада. Але там няма ні слова пра тое, што ўрочышча Кабыляцкая гара яшчэ ў 1982 годзе афіцыйна прызналі месцам масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму.

Улады прапанавалі аршанцам знаёміцца з планам і да 5 кастрычніка ўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні. Мясцовыя актывісты падрыхтавалі ліст да галоўнага архітэктара Оршы Ігара Селіванава. У ім гаворыцца пра неабходнасць адмовіцца ад пракладання дарог ва ўрочышчы Кабыляцкая гара і праз так званы Харкаўскі лес. На думку актывістаў, гэта мемарыяльныя мясціны, і, акрамя таго, тут складаны ландшафт, які запатрабуе вялікіх затратаў для бюджэту падчас будаўніцтва дарог.

Актывісты таксама рыхтуюць і ліст на імя старшыні райвыканкама Аляксандра Пазняка. Яны збіраюцца прапанаваць правесці ў гэтых мясцінах навуковыя даследаванні. І не спяшацца з будаўніцтвам на гэтых тэрыторыях, а ў перспектыве стварыць тут гістарычныя ахоўныя зоны.

Паводле генплана, адна новая дарога павінна прайсці праз урочышча Кабыляцкая гара, дзе стаіць самаробны мемарыял у памяць пра ахвяр расстрэлаў 1930-х. Праўда пра расстрэлы пад Оршай адкрылася яшчэ раней, чым грамадскасць даведалася пра мінскія Курапаты. Масавае пахаванне ўскрылі, калі ў 1982 годзе тут пракладалі чыгунку. Аршанцы прыбіраюць месца масавых пахаванняў, а на Дзяды ладзяць тут жалобныя імпрэзы.

Месца расстрэлаў у Харкаўскім лесе, дзе павінна прайсці другая дарога, дагэтуль застаецца непрызнаным.

←На Нарочи задержан браконьер за незаконную ловлю угря. Мужчине грозит до шести лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика