Кабельны беларускамоўны канал можа з'явіцца ў краіне. Можна дасылаць гатовыя фільмы і перадачы
Кабельны беларускамоўны канал можа з’явіцца ў краіне. Зацікаўлены аператар запрашае дасылаць беларускамоўны кантэнт. Пра гэта TUT.BY паведаміла дэпутатка парламента Алена Анісім.
— Да мяне звярнуліся аператары кабельных сетак. Яны маюць магчымасць напоўніць тэлеканал беларускім кантэнтам. Ім патрэбныя прадукты на беларускай мове, якія ўжо створаны. Па дамоўленасці, яны маглі бы размяшчаць іх у сваёй вяшчальнай прасторы, — распавядае Алена Анісім. — Сёння ёсць вялікая зацікаўленасць аўдыторыі ў перадачах на беларускай мове. Гэта могуць быць навукова-папулярныя праграмы, метадычныя, мастацкія і дакументальныя фільмы.
Дэпутат запрашае тых, хто гатовы перадаць кантэнт на беларускай мове, пісаць на электронную пошту: alenaanisim@gmail.com.
— Я перадам дадзеныя аператару, а пасля яны будуць вырашаць пытанні па размяшчэнні кантэнту.
Алена Анісім пазначыла, што выказаў зацікаўленасць у беларускамоўным кантэнце кабельны аператар «Светлае тэлебачанне».