У Віцебску побач з былым касцёлам Святога Антонія пракладаюць трубаправод
У Віцебску на правым баку вуліцы Леніна — недалёка ад месца, дзе знаходзіўся касцёл Святога Антонія, — пачалі пракладку вадаправода.
Трубаправод пракладаюць метадам гарызантальнага бурэння. Буравая ўстаноўка ўсталяваная на вуліцы Леніна насупраць дома № 40, а іншы канец свідравіны вывелі насупраць дома № 2 — прыкладна ў 20-ці метрах ад таго месца, дзе быў касцёл.
Наколькі можна меркаваць, лінія вадаправода праходзіць амаль пасярэдзіне сучаснага тратуара на ўсходнім баку вуліцы Леніна і ўсходняй забудовы, якія існавала тут да пашырэння гэтай гарадской магістралі.
Археолаг, які прысутнічаў на пляцоўцы, паведаміў, што працы вядуцца пад навуковым наглядам: усё, што дасталі з двух катлаванаў, глядзелі спецыялісты. Ён запэўніў, што пракладаць трубаправод праз фундаменты былога касцёла нікому не дазволяць.
Нагадаем, што ў 2007 годзе падчас падобных прац на плошчы Свабоды пашкодзілі парэшткі Свята-Мікалаеўскага сабора (да перадачы праваслаўным — касцёла Святога Іосіфа).