Палякі правядуць эксгумацыю жаўнераў, пахаваных на Вілейшчыне ля вёскі Пагост
Беларусь дала дазвол польскаму Інстытуту нацыянальнай памяці на пошукавыя работы ля вёскі Пагост, што ў Вілейскім раёне, паведамляе выданне Rzeczpospolita. Даследчыя работы пачнуцца 4 верасня з удзелам беларускага 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна і маюць завершыцца цягам верасня.
Плануюць адшукаць парэшткі жаўнераў польскага Корпусу аховы памежжа (КАП), палеглых 17 верасня 1939 года, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Польскія даследчыкі кажуць, што не маюць пэўнасці, ці жаўнеры са стражніцы ў раёне Пагосту загінулі ў баях з савецкімі войскам, ці былі расстраляныя ў палоне.
Польскі бок адзначае, што яшчэ год таму беларуская пракуратура не дала дазвол на правядзенне даследаванняў на сучасным памежжы — там, дзе могуць быць пахаваныя ахвяры «аўгустоўскай аблавы» пад Сувалкамі летам 1945 года, калі савецкія войскі і польская тайная паліцыя затрымала каля 600 падпольшчыкаў.
Дазвол палякам на раскопкі ў Беларусі - не ўнікальны выпадак, паведаміў выданню «Радыё Свабода» гісторык Ігар Мельнікаў. Але выпадак і не часты: апошні раз падобныя раскопкі праводзілі ў 2008 годзе, калі ў Кобрыне беларускі 52-і батальён разам з польскімі археолагамі праводзіў эксгумацыю жаўнераў Польскага войска, якія загінулі ў 1939 годзе ў баях з немцамі, і ахвяраў савецкіх войскаў і падпольшчыкаў таго часу. Усе знойдзеныя жаўнеры былі перапахаваныя на могілках каля мясцовага касцёла.
— Але ад 2008 года такіх работ не адбывалася на тэрыторыі Беларусі, — кажа Мельнікаў. — Тут хутчэй палітыка ўплывала на гэтую справу. Але цяпер прайшло шмат часу, гэта сапраўды добрая навіна для гісторыкаў і даследчыкаў. Ужо даўно чуў пра гэта ад супрацоўнікаў амбасады Польшчы, і яны рады. Я так думаю, дазволяць нават зрабіць дакументальны фільм, ёсць такія прапановы з боку беларускіх дакументалістаў.
Насамрэч, там ідэнтыфікаванае месца пахавання КАПаўцаў ля стражніцы Пагоста, але такіх месцаў было досыць шмат — амаль на кожнай КАПаўскай стражніцы былі досыць крывавыя баі.
Мясцовыя людзі кажуць, што забітых жаўнераў КАП, як і чырвонаармейцаў, забітых пры штурме стражніц КАП, хавалі побач з будынкамі. Цяпер месца мала хто можа паказаць, бо шмат палёў зааралі, ландшафт змяніўся за 80 гадоў. Таму, калі ёсць дакладнае месца, то напэўна трэба праводзіць эксгумацыю.
І што дапусцяць адмыслоўцаў з польскага інстытута, гэта вельмі добра. Гэта дазволіць прыадкрыць яшчэ адну са старонак 17 верасня 1939 года, пра тое, што ўваход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь адбываўся не мірна і спакойна, гэта былі баі.
У КАП на момант пачатку Другой сусветнай вайны было шмат рэзервістаў беларускага паходжання, бо асноўныя лінейныя часткі былі перакінутыя з мяжы на захад, у «этнічную Польшчу».