"Ставяцца, як да свойскай жывёлы". Iнваліда-вазочніка Сяргея Драздоўскага высяляюць з інтэрнату
Сяргей Драздоўскі ў інтэрнаце паліграфкамбінату — доўгажыхар. Ягоная маці, былая супрацоўніца прадпрыемства, атрымала тут два пакоі. Разам яны пражылі да мінулага году, паведамляе «Радыё Свабода»
Інтэрнат перадалі новаму ўладальніку разам з людзьмі
«Паліграфкамбінат ужо не мае дачынення да гэтага будынка, бо перадаў яго ва ўласнасць адміністрацыі Савецкага раёну, і цяпер тут гаспадар — мясцовы ЖЭС. Нам паведамілі пра гэта пазней, хоць перадаваць памяшканне з жывымі людзьмі і без іхняй згоды — гэта парушэнне», — тлумачыць Драздоўскі.

«Дзіўным чынам наш інтэрнат стаў «камерцыйным жыллём», хоць паводле юрыдычных дакументаў будынак не мае статусу нават жылога памяшкання. Але мы атрымалі жыроўкі, згодна з якімі мусім плаціць за пражыванне ў разы даражэй.
Натуральна, я абурыўся і звярнуўся да старшыні адміністрацыі Савецкага раёну, якому як юрыст патлумачыў, чаму гэта незаконна", — кажа Сяргей Драздоўскі.
Але ў адказ, як звычайна, атрымліваў адпіскі з раённай адміністрацыі, а таксама пагрозы ад ЖЭСу — адключыць святло і ваду, калі грошы ня будуць заплочаныя.

Гэтага ціску не вытрымала маці і з’ехала да дачкі. Там жа яна і зарэгістравалася, парушыўшы, кажа Сяргей, палажэнне пра пражыванне ў інтэрнаце. Але, паводле заканадаўства, тлумачыць ён, адміністрацыя мусіла прадаставіць яму права перазаключыць дамову.
«ЖРЭА разглядала мяне як нейкую свойскую жывёлу, — кажа Сяргей. — Адмаўляліся са мной весці размову наконт жытла. Бясконцыя пагрозы высялення, бясконцае прад’яўленне незразумелых сумаў для аплаты. Мяне прымушалі заключыць дамову камерцыйнага жытла, ад якой я адмаўляўся».
За гэты час Сяргей ажаніўся і прывёў у свой пакой маладую жонку Настассю. А адміністрацыя выдаліла яго з чаргі на льготнае атрыманне жытла. Цяпер мясцовыя чыноўнікі хочуць выселіць на вуліцу абодвух — Настассю і Сяргея.

Выдалілі з чаргі на жыллё і высяляюць на вуліцу
Цягам году змагання толькі гарадская пракуратура вымусіла раённую адміністрацыю вярнуць «камерцыйнаму жыллю» ранейшы статус інтэрнату. Аднак ЖЭС не збіраецца рабіць пераразлік і дамагаецца, каб сям’я заплаціла за карыстанне нібыта «камерцыйным жыллём». З чым, у сваю чаргу, не пагаджаецца Драздоўскі.

«Юрыдычны факт: перавод інтэрнату ў камерцыйнае жыллё — гэта высяленне мяне з інтэрнату. А ў гэтым выпадку адміністрацыя Савецкага раёну мусіла выдзеліць мне іншае жыллё. Іншай інтэрпрэтацыі закону на сёння няма.

«А насамрэч мяне пакінулі без жылля», — кажа Сяргей.
За ўвесь гэты час, расказвае ён, яны не атрымалі тлумачэнняў на свае пісьмовыя запыты абгрунтаваць, чаму ім прыходзяць такія рахункі за камунальныя паслугі. А сумы, паводле іх, адрозніваюцца на парадак.
«Усе гэтыя парушэнні Жыллёвага кодэксу, Грамадзянскага кодэксу, Канстытуцыі краіны ў ЖЭСе абгрунтоўваюць адным: рашэннем адміністрацыі Савецкага раёну Мінску. Пры гэтым, парушаючы практычна ўсё заканадаўства, правы чалавека, чыноўнікі дэманструюць сваю поўную беспакаранасць», — кажа ён.

У выніку супрацьстаяння Сяргей Драздоўскі звярнуўся ў суд, каб яго аднавілі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ён лічыць: «Прыйшоў час, каб мая гісторыя стала прыкладам для таго, каб людзі не трывалі парушэнні сваіх правоў, а дамагаліся законнасці».
«Мне цікава, як яны будуць выкручвацца»
Сяргей Драздоўскі і Настасся Жаўрыд — юрысты паводле адукацыі. Пабраліся шлюбам два месяцы таму. Настасся кажа, што цалкам падтрымлівае змаганне свайго мужа і як жонка, і як юрыстка.

«У мяне ўвогуле склалася ўражанне, што мы жывём у нейкім феадальным грамадстве: узялі і перадалі будынак разам з людзьмі ад аднаго ўладальніка іншаму. Новы ўладальнік хоча — прызначае адну аплату, хоча — іншую, хоча — высяляе кагосьці, хоча — не. Дзікунства поўнае», — гаворыць Настасся.

Спецыялістка аддзелу жыллёвай палітыкі Савецкага раёну Мінску Алена Русак, якая займаецца пытаннямі пастаноўкі грамадзян на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў, паведаміла "Свабодзе", што ведае пра канфлікт паміж выканкамам і сям’ёй Сяргея Драздоўскага, аднак патлумачыць штосьці ў гэтым пытанні адмовілася. Адмовілася ад каментароў і прысутная ў судзе юрыстка выканкаму Савецкага раёну Ніна Доўгер.

Суд на пазоў з боку ЖЭС аб высяленні Сяргея Драздоўскага прызначаны на 11 верасня.