Празарокі. Рэпартаж з радзімы "айца" беларускага тэатра Ігната Буйніцкага
Часам кажуць, што вандраваць — дорага. Але жыццё кароткае, а рэгіянальныя лініі эканом-класу пакуль сапраўды танныя, таму час зноў выпраўляцца ў шлях. Аўтар праекта Дома сумна. Першы сезон — журналіст Алёна Германовіч, пабывала ў вёсцы Празарокі на Глыбоччыне, дзе нарадзіўся Ігнат Буйніцкі.
Выпадак — сарамлівы псеўданім Бога для тых, хто не верыць у цуды. 21 жніўня мы нібыта выпадкова трапілі ў Празарокі, на радзіму айца беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. 22 жніўня выпадкова заўважылі, што ў гэты дзень — 156 гадоў са дня ягонага нараджэння.
Выпадкова мы былі ў суседніх з Празарокамі вёсках, потым вымушаныя былі зноў вярнуцца ў гэтыя азёрныя мясціны праз згубленыя там рэчы. Запоўнілі ж па вяртанні сюды не толькі вольныя месцы ў заплечніках, але і белыя плямы памяці і самасвядомасці.
Упершыню Празарокі ўзгадваюцца на пачатку XVI стагоддзя. Паходжанне назвы вёскі мае некалькі версій. Адна — рамантычна-наіўна-казачная. Маўляў, некалі жыў тут, на мяжы крывічоў, асаблівы народ — празоры. Празорлівыя людзі былі. Баранілі межы ад ворагаў, стаялі на варце з паходнямі. І вось вораг блізка, а паходня згасла ў аднаго, і тады ён вырваў сваё сэрца і асвяціў шлях.
«Гэта такая наіўная версія, пераробленая з легенды пра Данка. Насамрэч назва вёскі ідзе ад шляхетнага роду Прозараў, якія валодалі гэтымі мясцінамі», — з добрай усмешкай тлумачыць нам дырэктар Празароцкай школы-дзіцячага саду Вольга Гінько. Школа носіць імя славутага земляка, бацькі беларускага тэатру.
Вёска адметная і тым, што цэнтральная вуліца тут — не Савецкая, не Леніна, і нават не Камуністычная ці Першамайская, а… Цэнтральная. І суседнія, і паралельныя носяць мілыя і зразумелыя назвы: Аптэчная, Літоўская, Полацкая, Садовая.
На гары размясціліся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (1899−1907), побач — помнік Ігнату Буйніцкаму, трохі далей — царква святых апосталаў Пятра і Паўла (1909). Буйніцкі быў каталіком, але і на пабудову праваслаўнай святыні выдаткаваў грошы, пра што захаваўся адпаведны запіс у царкоўных дакументах.
Гонар мясцовай школы — выпускнікі. На першым паверсе іх партрэты і біяграфіі. Дырэктар углядаецца ў сур’ёзныя твары на здымках, з гонарам апавядае: «Гэта — доктар хімічных навук, а гэтая — выкладала ва ўніверсітэце, вось гэты выпускнік — тры разы перасякаў экватар, марак, жыў у Эстоніі, гэты служыў у МУС на высокіх пасадах… Вось браты Ракіцкія — Вячаслаў і Антон, мастацтвазнаўца, пісьменнік, рэжысёр, а брат яго — матэматык. У нас шмат адметных людзей. І мы сваіх усіх ведаем».
Вольга Гінько сама скончыла Празароцкую школу. У той час, калі яна тут вучылася, класы мелі паралелі, па 28−32 чалавекі. У школе вучыліся 500−600 дзяцей. Зараз — каля 70, і гэта з улікам тых, каго прывозяць аўтобусам з суседніх вёсак, дзе школы стабільна зачыняюцца кожны год.
Займацца даследаваннем жыцця і творчасці айца нацыянальнага тэатру Вольга Гінько пачала яшчэ са школьных часоў. Натхніла яе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Рублеўская. Зараз яе працу працягвае былая вучаніца, цягне за сабой сваіх школьнікаў, шмат хто з іх потым звязвае жыццё з гісторыяй ці філалогіяй.
«Чаму займаюся гэтым? Не ведаю, напэўна, у мяне такая душа, і па-іншаму нельга. Шмат матэрыялу пра Буйніцкага я знаходзіла ў архівах, асабліва ў Вільні. І калі перачытала „Нашу ніву“, пачынаючы з 1909 года, і бачыла там шмат згадак і пра Празарокі, і пра Буйніцкага, і артыкулы, прысвечаныя яму, і тыя, што ён пісаў - спыніцца, пахаваць гэта ўсё, не падзяліцца ні з кім — я не магла. Гэта такая магчымасць для нашых дзяцей — дакрануцца да гісторыі, прыхінуцца да нашага, роднага», — разважае дырэктар.
І вядзе нас у музей Буйніцкага, адчынены ў школе ў 2012 годзе.
«Пан каморнік! Куды? Каму гэта трэба? Што звычайным хлопам гэтых краёў, — Ім, якія жывуць без імя і неба, — Тыя песні твае, тое слова тваё?! Што ім тая забытая дзіўная вера? Лепш бы ты, як раней, межаваў палі. І стараўся даць ім — судом і мерай хоць валоку якую панскай зямлі. Што ім іхні лёс, вялікі й суровы? Што ім, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, — Да загнанай, забітай, задушанай мовы, іх вялікасць першы вандроўны артыст?» — горача цытуе наша суразмоўца верш Караткевіча, прысвечаны стваральніку беларускага тэатру.
Менавіта Уладзімір Караткевіч з цёзкам Няфёдам у 70-х знайшлі магілу Буйніцкага і зрабілі ўсё магчымае на той час для ўшанавання яго памяці. Але і зараз не дае супакою пытанне — ці ажывілі гэтыя «адданыя душы», такія, як Буйніцкі, гэты «мёртвы гліняны камяк — свой родны народ»?
«Буйніцкі быў асобай еўрапейскага, сусветнага маштабу! Уявіце яго тэатр — была група чытальнікаў, драматычны калектыў, хор, танцавальная група. Якія былі касцюмы, рэпертуар, як дасканала ён усё рабіў! У спецыфіцы танца, у рэжысуры яму роўных не было», — кажа Вольга Грынько, дэманструючы тагачасныя афішы, паштоўкі, касцюмы, здымкі архіўных дакументаў.
Шмат часу і высілкаў Буйніцкі аддаваў вывучэнню танца. Па адной з версій, ён памёр ад тыфу. Па другой — у час танцу, бо сам быў зух па гэтай частцы, і неяк казаў: «Памру я ад тых танцаў!».
Тэатр пачынаўся з сямейнай самадзейнасці, у ім было 8 акцёраў ды 16 танцораў. Першыя спектаклі прайшлі ў Палевачах і Празароках. Потым былі Вільня, Варшава, Мінск і Пецярбург…
Буйніцкі сябраваў і меў творчыя кантакты з Купалам, Коласам, Цёткай (яна сама ўдзельнічала ў спектаклях як актрыса, як і яе сястра), Ажэшкай, Бядулем. З-за роднай беларускай мовы Буйніцкі меў пераслед ад царскіх уладаў, праз цэнзуру некаторыя спектаклі адмянялі. У 1913 годзе з-за матэрыяльных цяжкасцяў і ўціску дзейнасць трупы спынілася. Першая Сусветная перашкодзіла спробам стварэння новай трупы.
Буйніцкі быў ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатру ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пачаўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы.
«Скончыўшы Рыскую каморніцкую вучэльню, Ігнат працаваў у розных кутках Беларусі - на Полаччыне, Наваградчыне, Магілеўшчыне… Ён добра ведаў сваю працу, але каморнікам быў нетыповым: калі іншыя сядзелі пры картах і пляшцы, Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песняў, замалёўкамі народных строяў і арнамэнтаў. З юнацтва ім валодала мара зусім не пра спакойнае заможнае жыцьцё — тая мара, якая прывяла ў прыватную драматычную студыю ў Вільні, а потым дапамагла сабраць вакол сябе групу артыстаў-аматараў», — пісаў пра Буйніцкага да чарговых угодкаў Уладзімір Арлоў.
У Мінску, дзе тэатр ставіў «Моднага шляхцюка» Каганца і «Па рэвізіі» Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбурзе й Варшаве газеты пісалі пра «калясальны поспех» тэатру, што «будзіць у беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці». «Калі-небудзь, — пісала на пачатку ХХ стагодздзя „Наша Ніва“, — калі прабудзіцца свядомасць ва ўсяго беларускага народу, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх».
Яшчэ адна адметнасць Празароцкай школы — «Сад адчуванняў і пахаў». Ён створаны менавіта для адчування роднай зямлі, знаёмства з тымі, хто побач з намі і гатовы дапамагчы — зёлкамі.
«Як можна жыць і не ведаць расліны, якія растуць побач з намі? Гэта ж наша, роднае. Вось так, з садку, мы знаёмім дзяцей праз усе органы пачуццяў з роднай зямлёй. Тут пясочак, потым — каменьчыкі, яловыя шышкі… Гэта адчуванні. А побач — сад пахаў: катоўнік, палын, чабор, мята (дарэчы — панюхайце, яна розных відаў, і па-рознаму пахне), фізастэгія, зверабой, мацяжанка…» — Вольга Гінько па чарзе працягвае нам лісце мяты палявой, пярцовай, каласістай.
Далей — участкі зёлак, якія пасадзілі і даглядаюць старэйшыя школьнікі. За школай — зноў безліч кветак, высаджаных у вялізныя кошыкі з лазы. Іх таксама плялі дзеці, разам з бацькамі. Разам з дарослымі яны займаюцца ў школе ў розных клубах, якія гуртуюць аматараў лялек, пляцення з лазы, краязнаўства.
«У такой школе нельга працаваць блага, абы-як, не аддаючы ўсё, што ты можаш», — лічыць Вольга Гінько.