Служба заказчыка ў Магілёве і Бабруйску працуе са складанасцямі

Источник материала:  
23.08.2017 13:38 — Новости Общества

Стварэнне службы заказчыка стала адным з крокаў у бок удасканалення жыллёва-камунальнай сферы. У Мінску яна дзейнічае ўжо некалькі гадоў, а летась з’явілася ў Магілёве і Бабруйску. Але, як сведчаць спецыялісты, некаторыя складанасці перашкаджаюць ёй працаваць на абласным узроўні ў поўную моц.


Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Евгений Ерчак, TUT.BY

Функцыі заказчыкаў узялі на сябе магілёўскае гарадское ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў (УКП) і бабруйскі жылкамгас. Усе астатнія камунальныя прадпрыемствы — «Гарводаканал», «Гарсвятло», жыллёва-эксплуатацыйныя ўпраўленні і гэтак далей (прычым як дзяржаўныя, так і прыватныя) — перайшлі ў разрад падрадчыкаў, або іншымі словамі - выканаўцаў.

У ідэале служба заказчыка павінна служыць непасрэдна інтарэсам жыхароў. Напрыклад, у нейкім доме наспела неабходнасць нешта адрамантаваць або ўдасканаліць. І не трэба шукаць, да каго звярнуцца. Дастаткова патэлефанаваць у службу заказчыка. Яна на тэндарнай аснове выбера выканаўцу і нават пракантралюе працэс. Калі падрадчык схалтурыў, прыйдзецца ўсё перарабляць, прычым ужо за свой кошт.

Вывад: жыхар задаволены, што зэканоміў, і, галоўнае, атрымаў якасную паслугу. Ну, а падрадчыкі будуць больш сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, каб іх не «з'елі» канкурэнты. Нармальныя рыначныя адносіны.

Спецыялісты наракаюць, што ёсць некалькі прычын, якія замінаюць паўнавартасна функцыянаваць службе.

— Па законе служба заказчыка абавязана заключыць дагаворы з кожным спажыўцом жыллёва-камунальных паслуг на кожную камунальную паслугу, акрамя цепла-, газа-, электра- і водазабеспячэння, і кантраляваць выкананне, — кажуць у магілёўскім УКП. — Для кантролю прыйдзецца стварыць дадатковую службу, якая будзе весці тэхнагляд. А грошай на гэта няма. Інструкцыяй № 13 міністэрства ЖКГ прадугледжана фінансаванне дзяржзаказчыка, але на гэтыя грошы разлічваць нельга, паколькі служба заказчыка створана рашэннем Магілёўскага гарвыканкама. А ва Указе агаворваецца, што гэта можа зрабіць толькі Мінскі гарвыканкам або аблвыканкамы.


Снимок носит иллюстративный характер. Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

Мінскі гарвыканкам і аблвыканкамы — паняцці розныя. Прадпрыемстваў, куды ўваходзяць усе камунальныя службы, што абслугоўваюць горад, у аблвыканкамаў няма. Камунальная маёмасць знаходзіцца выключна ў гарадской і раённай уласнасці. На якой падставе аблвыканкаму заключыць дагавор са спажыўцамі паслуг, калі абслугоўваннем жылога фонду ён не займаецца наогул? Прыходзіцца прыстасоўвацца да гэтай ролі гарадскім прадпрыемствам.

— Сёння вельмі складана прыраўняцца да Мінска такому гораду, як наш. Крыху іншае фінансаванне, не зусім зразумела, за кошт чаго гэтую службу ўтрымліваць, — кажа генеральны дырэктар «Бабруйскжылкамгаса» Алена Асадчая. — Прадпрыемствам не хапае сродкаў на свае справы, хоць мы ўвесь час толькі тым і займаемся, што зніжаем затраты. Але механізма паступлення сродкаў для службы заказчыка няма. Мы засталіся ў тым жа складзе, што і былі, а нагрузка павялічылася. Для кантролю павінны існаваць людзі, якія будуць сачыць за якасцю гэтых работ, своечасовым іх выкананнем.

Пакуль служба заказчыка працуе ў абмежаваных праграмай «Камфортнае жыллё» рамках. Па-новаму вядзецца работа, звязаная з капрамонтам, бягучым рамонтам і добраўпарадкаваннем. Але нават у такім урэзаным выглядзе перавагі ёсць. Знізілася колькасць скаргаў, паменшыліся затраты.

Начальнік аддзела па арганізацыі работы па заяўным прынцыпе «адно акно», работы са зваротамі грамадзян, юрыдычнай і кадравай работы ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Лебедзеў адзначае, што зроблена вельмі шмат па павышэнні камунальнай адукаванасці людзей.

— Калі ў нарматыўна-прававых дакументах выразна прапісалі, як правільна запаўняюцца паведамленні аб аплаце, некаторыя пытанні зняліся самі сабой, — сведчыць ён. — Цяпер у квітанцыі ўказваюцца менавіта тыя затраты, што нясуць арганізацыі. Сёлета за шэсць месяцаў на прадпрыемствы ЖКГ паступіла 654 звароты, звязаныя з аплатай жыллёва-камунальных паслуг, у той час як летась за такі ж перыяд — 769. Наогул сёлета за паўгода паступіла 3700 зваротаў. Летась іх было 4291.

Што датычыцца службы заказчыка, то, каб яна паўнавартасна функцыянавала, на ўзроўні ўрада павінны быць прынятыя дакументы, якія выразна акрэсляць яе паўнамоцтвы і функцыі, лічыць Генадзь Лебедзеў.

— Неабходна на заканадаўчым узроўні вызначыць і крыніцу фінансавання, абавязкі, задачы. У нарматыўных дакументах яны пакуль дакладна не прапісаны. Ва Указе № 563 гаворыцца, што такая работа можа праводзіцца, але не тлумачыцца, як, — удакладніў Лебедзеў.

←Житель Слуцка приговорен к 12 годам лишения свободы за оборот наркотиков

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика