Шэры "Гомель майго дзяцінства" ад Антона Пятрова-Рудакоўскага
«Далёкія ўспаміны і сны амаль заўсёды паўстаюць у шэрых танах. Напэўна, гэта ўласцівасць памяці з часам размываць яркія фарбы. Але, тое не тычыцца гэтай гісторыі, таму што Гомель часоў майго дзяцінства быў сапраўды шэрага колеру», — прызнаецца ў сваім аповядзе Антон Пятроў-Рудакоўскі.
Распачну сваю гісторыю з узгадкі пра адзін нікаму не вядомы юбілей: у бліжэйшыя месяцы спаўняецца роўна 50 гадоў, як быў пабудаваны наш дом па адрасе Рэчыцкая шаша, 4 г у Гомелі.Тады гэта быў амаль край горада, вакол было поле, пяскі і непасрэдна насупраць новазбудаванага дома — вялікі пруд, дзе часам дзеці вудзілі рыбу. Удалечы праглядаліся шэрагі першых пяціпавярховікаў-«хрушчовак», але месца, усё адно, было неабжытае і пустыннае. Усяго гэтага я не бачыў на ўласныя вочы, а толькі ўяўляў сабе са слоў бацькоў, якія атрымалі кватэру ў гэтым доме ў снежні 1967 года. Я ж нарадзіўся на свет толькі праз 11 гадоў.
І тое, што я бачыў вакол ніяк не адпавядала тым успамінам пра першыя гады жыцця ў доме, які ўжо пры маёй памяці знаходзіўся ў самым цэнтры Савецкага раёна Гомеля, нават не столькі ў геаграфічным цэнтры, як у ягоным «сэрцы». Так можна сказаць таму, што непасрэдна перад вокнамі дома з’явіўся будынак райвыканкама і райкама КПБ Савецкага раёна (зараз — раённая адміністрацыя). Таму ўсё «гаспадарча-палітычнае», культурнае і святочнае жыццё праходзіла непасрэдна перад вокнамі на галоўнай плошчы раёна (якая дагэтуль не мае ніякага імя). І мне заўсёды было вельмі цікава, ці сапраўды тут калісці магло быць пясчанае поле з ручаямі і прудам? Адкуль узяўся той густы лес з самых розных дрэваў, што атачаў і наш, і суседнія дамы, дзе, як мне малому здавалася, можна надзейна схавацца падчас розных вулічных гульняў у вайну, хованкі і інш.
Колькі сябе памятаў з дзяцінства — заўжды хацелася пабачыць, што ж тут было да мяне. Нажаль, у тыя далёкія гады фотатэхніка была далёка не ва ўсіх (у адрозненне ад сённяшняга часу), ды яшчэ трэба было пашукаць, хто ў тыя часы стаў бы марнаваць каштоўную фотаплёнку на гэткія «пейзажы».Таму, спадзявацца, што хтосці захавае
на здымках нічым не прыкметную ўскраіну горада, не выпадала. Але тут я памыліўся. Зусім нядаўна атрымалася спраўдзіць мару дзяцінства: знайшліся фатаграфіі з далёкіх 1960-х гадоў, дзе якраз бачна, як будуюць наш дом і ідзе забудова Савецкага раёна. Гэта стала магчыма дзякуючы інтэрнэту, сацыяльным сеткам і знаёмству з былой жыхаркай Гомеля Ірынай Янке (Лукашэвіч), чый бацька быў вялікім аматарам фатаграфіі.
Праз паўтары дзесяцігоддзі, як бачым на фотаздымку 4, тое месца ўжо не пазнаць. Але менавіта такім яно і памятаецца з маленства, бо ўсё яно прайшло ў ваколіцах гэтага раёна. Вакол нашага дома ўзняўся цэлы лес, перад з’явіўшымся будынкам адміністрацыі
сфарміравалася сапраўдная плошча з клумбамі, газонамі, фантанам, які асабліва запомніўся, таму што заўжды была прыемна папляскацца летам ў яго вадзе, што і рабілі ўсе дзеці з наваколля. Нажаль, ён працаваў рэдка, а потым і зусім быў дэмантаваны як і большасць фантанаў горада канца 1980-х.
Ад пачатку Рэчыкай шашы паралельна ёй ішла доўгая чарада магазінаў (з якіх да сёння па першасным прызначэнні працуе толькі магазін мэблі). Яе пачынаў вядомы гастраном «Стужачка» («Ленточка») і завяршала бюро падарожжаў, край якого бачым на фота 4.
У 1985 годзе бюро падарожжаў з’ехала на Чырвонаармейскі праезд. Гэта сталася добрай падзеяй, таму што на ягоным месцы адкрылася кавярня «Пышачная», і я часта туды бегаў за пышкамі, якія пякліся там жа. А яшчэ там было смачнае марозіва, што можна было купіць на вагу ў свой посуд. Я яго часам купляў цэлымі літровымі шклянкамі. Зараз там знаходзіцца піцэрыя.
Яшчэ адным аб’ектам, які не мог застацца па-за ўвагай малога хлопца, гэта значыць, мяне, быў завод «Эмальпосуд», які мясціўся побач з нашым домам. Ягонымі дзвума асаблівасцямі з’яўляліся: грукат, што разыходзіўся вакол, калі працаваў прэсавы цэх, і смярдзючы цёмна-сіні дым, які выходзіў апоўдні з трубы, вісеў над плошчай непасрэдна перад райвыканкамам і бесперашкодна ўваходзіў у нашыя кватэры нават праз зачыненыя вокны.
Тэрыторыя завода ў той частцы, што выходзіла на Рэчыцкую шашу, выглядала вельмі прывабна, і уключала невялікую зону адпачынку з клумбамі, фантанам, ажурнай агароджай і па-мастацку вырабленымі ліхтарамі ў выглядзе падсвечнікаў, якія прыгожа свяцілі па вечарах. Праз гады завод спыніў сваю дзейнасць, цэх вельмі доўгі час стаяў занядбаны. У падлеткавыя гады заўсёды хацелася там палазіць, але ён быў абнесены высокім бетонным плотам з калючым дротам паверху, фарсіраваць які так і не атрымалася.
Зараз гэтае месца набыло вялікую папулярнасць у горадзе, а можа, і ў вобласці, бо ў будынку былога завода месціцца гандлёвы цэнтр «Мандарын-плаза». Хто бы мог падумаць у тыя гады майго дзяцінства, што кожны дзень тысячы наведвальнікаў будуць набываць усё, што захочуць, забыўшы, што такое дэфіцыты і чэргі (пра якія колькі слоў распавяду ніжэй) не ў маленькіх магазінах «Гастраном», «Гарызонт», «Хлебны», а ў сапраўдных гіпермаркетах, якія займуць месца былых заводаў?
Трэба адзначыць, што хаця дзяцінства прыйшлося на сярэдзіну-канец 1980-х і пачатак 1990-х гадоў - час які, сёння можна назваць нестабільным, яно ўспамінаецца выключна пазітыўна. Нездарма кажуць, што ў сучаснага пакалення няма таго дзяцінства, большая частка якога праходзіла на вуліцы, праходзіла разнастайна і актыўна. І невядома, ці будзе што ўспомніць сённяшнім дзецям гадоў праз дваццаць?!
Гулялі ў дварах у розныя гульні. У нашым двары, здаецца, найбольш улюбёнай была «казакі-разбойнікі» — помесь хованак, вулічнай вайны, і іншых «аўтарскіх» дэталяў. Гэтая гульня патрабавала выпрацоўкі навыкаў сачэння, вывучэння асноў крыміналістыкі і, зразумела, вулічнай дракі.
Запомніўся выпадак, калі падчас гэтых гульняў у зараслях дрэў і кустоў, што былі вакол нашага дома, я знайшоў вельмі каштоўную рэч — талон на мыла, які хтосці згубіў (хто памятае 1990−1991 гады — не здзівіцца каштоўнасці гэтай знаходкі). Назаўтра ж гэты талон быў скарыстаны па прызначэнні ў магазіне «Арэса», што месціўся на праспекце Кастрычніка. Там «давалі» імпартнае егіпецкае мыла з дзіўным усходнім пахам. Дваццаць хвілін стаяння ў чарзе — і я трымаў свой унёсак у сямейныя запасы, які потым бярогся яшчэ некалькі гадоў.
Наступным разам мы з сябрам знайшлі цэлы пачак талонаў на гарэлку, але той аказаўся спрытнейшы за мяне і схапіў усе іх першы. Я некаторы час крыўдаваў, што ён не падзяліўся.
Наогул, чэргі за ўсім — гэта першае, што ўспамінаецца, калі прыгадваеш атмасферу тых гадоў. Малым ненавідзеў іх, але хутка зразумеў, што, напэўна так і трэба, і гадоў з дзесяці нават займаў іх (у бліжэйшыя магазіны хадзіў сам гадоў з пяці-шасці). Як мне здавалася, самыя доўгія чэргі збіраліся ў магазіне «Юбілейны», што быў на вуліцы Жукава.
Аднойчы выстаяў гадзіны дзве ў чарзе за цукрам, і калі ўжо купіў яго ўбачыў, што не ўсе талоны ўдалася «атаварыць», бо два з іх я забыў дома. Хутка ўзяўшы іх і вярнуўшыся на месца падзей я, зразумела, палез па-за чаргой. Дарэмна я спрабаваў дарослым дзядзькам і цёткам распавясці, што толькі дзесяць хвілін таму стаяў тут, ды не ўзяў адразу ўсе талоны, таму вярнуўся. Ніхто не памятаў, што тут стаяў якісці малы. І хаця наспяваў скандал з бойкай, я ўсё адно прашчаміўся да касы і ўзяў тыя два кілаграмы цукру.
А яшчэ адным разам сапраўдную бойку мы з маці заспелі на цэнтральным рынку. Бачым, стаіць натоўп людзей у выглядзе кола, у цэнтры якога дзве сярэдняга веку жанчыны біліся насмерць, падраўшы адна адной сукенкі і сподняе. І ніводзін чалавек не падыходзіць іх разняць. Як высветлілася пазней — яны не падзялілі чаргу за персікамі.
Такія выпадкі былі частыя і ў магазінах, і ў дварах, і ва ўстановах, куды людзі прыходзілі каб вырашыць тыя ці іншыя жыццёвыя праблемы, бо час быў непросты, аднак цікавы, хаця хтосці не пагадзіцца з тым, што гэта можна лічыць цікавым. Але ў дзяцінстве дынамічныя і імклівыя падзеі заўсёды ўражваюць і запамінаюцца.
Далёкія ўспаміны і сны амаль заўсёды паўстаюць у шэрых танах. Напэўна, гэта ўласцівасць памяці з часам размываць яркія фарбы. Але, тое не тычыцца гэтай гісторыі, таму што Гомель часоў майго дзяцінства (ва ўсялякім выпадку, тая частка горада, пра якую я распавядаю) быў сапраўды шэрага колеру. Ні цагляныя, ні панэльныя дамы ніколі не фарбаваліся і ўсе мелі брудна-шэрае адценне. Напрыклад, па вуліцы Рэчыцкая шаша (зараз — праспект) толькі такія дамы і сустракаліся. Хаця былі некаторыя выключэнні: на некалькіх дамах былі даволі арыгінальныя пано, якія славілі працоўныя, спартыўныя перамогі і мірнае шчаслівае жыццё, і не маглі не прыцягнуць увагу. Цяпер іх ужо не пабачыць, бо яны схаваны пад тэрмашубай.
Наш дом на сорак другім годзе свайго жыцця таксама спазнаў свой першы капітальны рамонт з тэрмарэнавацыяй і рознакаляровай афарбоўкай у выніку чаго яго стала не пазнаць. Шэрыя колеры адышлі ў мінулае і змяніліся на жоўта-салатныя. Таму, нягледзячы на настальгію і прыемныя дзіцячыя ўспаміны, трэба адзначыць, што зараз наш дом, ды не толькі ён, а ўвесь Савецкі раён і ўвесь горад выглядаюць нашмат аптымістычнее і прыгажэй чым раней.