Віцебская "вольніца". Як продкі кіравалі горадам у XVІ стагоддзі

Источник материала:  
30.07.2017 09:13 — Новости Общества

Цікавую тэму — гісторыя гарадскога самакіравання на Віцебшчыне — шмат гадоў даследуе старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў. З яго дапамогай газета «Звязда» распавядае пра мінулае Віцебска, Полацка, Дзісны, Суража, Улы, Веліжа (калісьці ўваходзіў у склад Віцебшчыны). Сёння — пра мясцовае самакіраванне ў цяперашнім абласным цэнтры.


Барэльеф з гербам Віцебска ў гарадской ратушы. Фота: «Витебский курьер»

Адзіная ў сваім родзе

Вы чулі пра старадаўні еўрапейскі прынцып: «Паветра горада робіць свабодным»? Маецца на ўвазе права тутэйшых жыхароў захоўваць асабістую вольнасць, вызначаць, як жыць у горадзе, выбіраць кіраўнікоў улады. Пры гэтым гарадское самакіраванне спалучалася з цэнтралізаваным.

— У другой палове XVІ стагоддзя ў Віцебску сфарміравалася і дзейнічала адзіная ў сваім родзе на землях Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) арыгінальная мясцовая сістэма гарадскога права. Да чэрвеня 1561 года, калі Віцебск атрымаў свой першы гарадскі прывілей, свабоднае насельніцтва карысталася віцебскім земскім правам. Яго асноўныя нормы былі зафіксаваныя ў адпаведным земскім прывілеі. Іншыя ж дзейнічалі ў рамках няпісанага права. Нормы віцебскага земскага права рэгулявалі прававое становішча мяшчанства. Апошняе ўжо аформілася ў саслоўную групу і нават мела ўласныя органы самакіравання. «Начальнікамі» былі войт і «старшыя мяшчане», — расказвае Максім Макараў.

Цікава, што за магчымасць захоўваць у сябе арыгінал земскага прывілея нават судзіліся. Каля 1540 года ён знаходзіўся ў мяшчан. Але князі і баяры таксама марылі валодаць «канстытуцыяй».

У 1541 годзе суд паноў-рады ВКЛ загадаў зберагаць земскі прывілей у спецыяльнай скрыні. Адзін ключ ад яе атрымалі князі і баяры, а другі - войт і мяшчане. Арыгіналам карысталіся ў найбольш урачыстыя моманты. Для паўсядзённасці стварылі дзве копіі.

— Потым феадалы пацвердзілі сваю копію ў караля. Адпаведна надалі ёй прававую моц. Мяшчане зрабілі тое ж самае. І 6 чэрвеня 1561 года атрымалі першы выключна гарадскі прывілей. Дакумент фармальна зраўняў іх у правах з князямі і баярамі, — працягвае гісторык.

Такім чынам, віцебскае гарадское права «выводзілася» з мясцовага земскага.

Прэстыжная павіннасць

У далейшым віцебскае гарадское права ў выглядзе гатовай мадэлі «імпартавалі» ў іншыя гарады Падзвіння. У 1570 годзе яго атрымалі мяшчане Суража, у 1577-м — Улы, у 1582-м — Веліжа.

Унікальнасць гэтага права ў тым, што мяшчане займелі вельмі высокі прававы статус — на ўзроўні князёў і баяр. Яны таксама не плацілі большасці падаткаў. А іх асноўнай павіннасцю з’яўлялася прэстыжная конная вайсковая служба. Мяшчане фактычна карысталіся рыцарскім правам. Але доўжылася гэта нядоўга.

— Віцебскае права атрымала распаўсюджанне ў гады Лівонскай вайны. Тады ўлады ВКЛ былі востра зацікаўленыя ў папаўненні ўзброеных сіл на паўночнай і ўсходняй межах. Пасля завяршэння вайны збор падаткаў стаў для дзяржавы прыярытэтам. І адносіны з мяшчанствам неабходна было вярнуць у эканамічную сферу. Да таго ж у мірны час ва ўмовах шляхецкага грамадства сістэма, у рамках якой мяшчане карысталіся практычна шляхецкім наборам правоў, не магла праіснаваць доўга. У 1597 годзе пасля працяглых канфліктаў у Віцебску ўлады ВКЛ перавялі горад на агульнапрыняты ў дзяржаве стандарт, — тлумачыць суразмоўца.

Працэс афармлення шляхецкага саслоўя суправаджаўся стратай іншымі катэгорыямі свабоднага насельніцтва сваіх правоў. Тыя ж мяшчане, звыклыя да амаль баярскіх вольнасцяў, апынуліся ў неспрыяльным прававым становішчы. У рамках сістэмы віцебскага гарадскога права яны па-ранейшаму прысутнічалі на пасяджэннях мясцовага сходу-сойма і суда намесніка-ваяводы, захоўвалі пэўны ўплыў на «кіраванне» зямлёй. Аднак у хуткім часе ўсё змянілася — пасля надання гораду Магдэбургскага права.

Пасля 17 сакавіка 1597 года насельніцтва Віцебска перадалі пад юрысдыкцыю магдэбургскага войта (намеснік манарха з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі).

Тагачасная «калегія выбаршчыкаў»

Адносіны паміж войтам як стаўленікам вярхоўнай улады і мяшчанскай абшчынай - паказчык таго, у якой ступені апошняя рэалізавала свой камунальны суверэнітэт. Дарэчы, у большасці гарадоў Цэнтральнай Еўропы войтаўства выкупілі мяшчане. У Віцебску такога не адбылося. Прызначаны каралём войт выконваў дамінуючую ролю ў кіраванні.

Дзейнічаў і магістрат — орган самакіравання мяшчанскай абшчыны, які складаўся з бурмістраў, райцаў (саветнікаў) і лаўнікаў (прысяжных засядацеляў).

— Аднак адкрытым застаецца пытанне: у якой ступені насельніцтва горада магло ўплываць на фарміраванне персанальнага складу гэтага органа. Адказаць дакладна немагчыма, бо няма адпаведных дакументальных крыніц. Але вядома, што ў ліпені 1750 года прысягалі шэсць новаабраных бурмістраў і райцаў. Хоць у гэтым выпадку адзіным членам «калегіі выбаршчыкаў» хутчэй за ўсё з’яўляўся войт Юзаф Сасноўскі. Ён на кароткі час прыехаў у горад, — разважае Максім Макараў.

«Магдэбургскую мадэль» горада як аўтаномнай мяшчанскай абшчыны ў Віцебску не рэалізавалі ў поўным аб’ёме. Новыя парадкі ўваходзілі ў жыццё гараджан з вялікімі цяжкасцямі. Спробы пашырыць суверэнітэт мяшчанскай абшчыны на ўсю гарадскую тэрыторыю сутыкнуліся з кансалідаванай апазіцыяй прадстаўнікоў інстытутаў земскага кіравання. Для іх аўтаномія мяшчанства азначала матэрыяльныя страты. Свецкія і духоўныя феадалы, якія валодалі гарадской нерухомасцю, актыўна супраціўляліся.

Што тут скажаш? Ва ўсе часы прасцей было ствараць нешта «з нуля», чым мадэрнізаваць і рэфармаваць.

У наступных выпусках — расповеды пра мясцовае самакіраванне ў Суражы і Уле.

←Работник есть ресурс: что вам может не понравиться в декрете о ПВТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика